Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік паведаміў БелТА, што беларускія мэдыкі атрымалі «ўсе рэактывы», якія дазваляюць выявіць менавіта новы штам каранавірусу 2019-nCoV, выяўленага ў Кітаі.
Дзеля прафіляктыкі новага захворваньня, запэўнівае міністар, прынятыя ўсе неабходныя захады. У менскім аэрапорце празь цеплавізар выяўляюць людзей з высокай тэмпэратурай, дзяжурыць санстанцыя.
Міністар пацьвердзіў, што ў дзяўчыны, якая нядаўна прыехала з Кітаю і была шпіталізаваная ў Менску з падазрэньнем на кітайскі каранавірус, дыягнаставалі звычайны грып сярэдняй цяжкасьці.
Каранік сьцьвярджае, што адносна яе «былі прынятыя ўсе проціэпідэміялягічныя захады». Сама хворая расказала, што ёй давялося працяглы час чакаць, пакуль яе пакладуць у палату, і дамагацца, каб з падазрэньнем на новы вірус яе паклалі не ў агульную, а ў асобную палату. У лякарню яе забралі ў 17 гадзінаў вечара, да канца дня толькі зрабілі ўкол ад тэмпэратуры і ўкол глюкозы, а кроў на аналіз узялі толькі зранку.
Хоць сродкі дыягностыкі новага вірусу ўжо распрацаваныя, але да стварэньня вакцыны можа прайсьці яшчэ ня менш за 6 месяцаў, адзначалі раней расейскія мэдыкі. Сусьветная арганізацыя здароўя цяпер разглядае рашэньне аб абвяшчэньні надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з распаўсюдам вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.