Новы вірус 2019-nCoV стаў прычынай фактычнага закрыцьця гораду у Кітаі, большага колькасьцю насельніцтва за ўсю Беларусь. У Расеі ёсьць першыя два падазрэньні на вірус. У WHO абмяркоўваюць абвяшчэньне надзвычайнага становішча.
Кітай
Улады кітайскага Ўханя, дзе жыве больш за 11 млн чалавек, папрасілі жыхароў не пакідаць горад і спынілі рух грамадзкага транспарту, перакрыюць выезд аэрапорт і чыгуначныя вакзалы, перадае The New York Times.
Гэта адбываецца ў час, калі шмат кітайцаў вандруюць: 25 студзеня — кітайскі Новы год», сьвята вясны. Спачатку кітайскія ўлады толькі заклікалі людзей ня ехаць ва Ўхань, які называюць эпіцэнтрам распаўсюду новага каранавірусу. Цяпер стараюцца не выпускаць жыхароў.
Усяго ў Кітаі, паводле BBC, новым вірусам заразіліся звыш 500 чалавек, памерлі прынамсі 17. Усе памерлыя паходзілі з правінцыі каля Ўханя.
Сусьветная арганізацыя здароўя
Генэральны дырэктар Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) Тэдрас Аданом расказаў, што цяпер разглядаецца рашэньне аб абвяшчэньні надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з распаўсюдам вірусу.
Ён пры тым пахваліў Кітай за барацьбу зь вірусам, перадачу інфармацыі і каапэрацыю з WHO.
Расея
У расейскім Санкт-Пецярбургу 22 студзеня шпіталізавалі двух чалавек з падазрэньнем на каранавірус: аднаго грамадзяніна Кітаю і аднаго — Расеі, піша расейская служба Свабоды. Але ў кітайца выявілася харчовае атручэньне. Што да 23-гадовага грамадзяніна Расеі Армана Каракешышана, то ягонага дыягназу не называюць, але ж каранавірусу ў яго ня выявілі, не выключаюць звычайную вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю, піша РБК.
Мінздароўя Расеі тым часам сьцьвярджае, што сродкі дыягностыкі новага вірусу ўжо распрацаваныя, але да стварэньня вакцыны можа прайсьці яшчэ ня менш за 6 месяцаў.
Беларусь
Мінздароўя запэўнівае, што сочыць за сытуацыяй зь вірусам і прымае прафіляктычныя захады, каб вірус не распаўсюдзіўся на краіну. Памежны камітэт вядзе на пастаяннай аснове ўзмоцнены санітарна-карантынавы кантроль на мяжы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ