Вядома, што ў дзяўчыны, якая прыляцела з Шанхаю, высокая тэмпэратура і сымптомы нейкай інфэкцыі.
Абноўлена: Мінздароўя сьцьвярджае, што папярэдні дыягназ — грып.
У Расеі 22 студзеня быў шпіталізаваны Арман Каракешышан — падазравалі, што ў яго можа быць заражэньне новым кітайскім каранавірусам, але дыягназ не пацьвердзіўся. Цяпер не выключаюць звычайную вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю.
Але «ЎКантакце» чалавек з такім імем сьцьвярджае, што ў Менску шпіталізаваная ягоная сяброўка Ганна — «з падазрэньнем на наяўнасьць вірусу, але з больш выразнымі сымптомамі».
«Яна вярнулася з Кітаю на пару дзён раней, — сьцьвярджае ён. — Лекары на гэты момант аказалі тэрміновую дапамогу, але недастатковую, каб высьветліць хутчэй дыягназ і прыступіць да лячэньня. Да гэтага часу не ўзялі экспрэс-аналізы. Гэта вельмі важна, каб не марнаваць час».
Маці дзяўчыны пацьвердзіла Onliner.by і «Нашай ніве», што Ганна прыляцела з Шанхаю ў Менск 20 студзеня, што ў яе паднялася тэмпэратура і што яе адвезьлі ў Менскую інфэкцыйную лякарню, дзе лечаць як хворую на грып.
У Менскай гарадзкой інфэкцыйнай лякарні Свабодзе не пацьвердзілі і не абверглі, што ў іх ёсьць такая пацыентка: сказалі, што ня могуць гэта камэнтаваць, бо «гэта ейныя пэрсанальныя зьвесткі», і паклалі слухаўку.
Дзяўчына, пра якую ідзе гаворка, а таксама яе брат, на момант публікацыі не адказалі на пытаньне Свабоды «ЎКантакце».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.