Жыхары менскага раёну Грушаўка баяцца, што значная частка Грушаўскага сквэру можа быць зьнішчаная ў найбліжэйшыя дні. Пасьля беспасьпяховых скаргаў у шматлікія інстанцыі яны запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі.
Усе інстанцыі ад адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску да адміністрацыі Лукашэнкі далі толькі «фармальныя адпіскі», сьцьвярджаюць актывісты. Грушаўку тым часам «ушчыльняюць» забудовай, дрэвы высякаюць, хоць Маскоўскі раён ужо найгоршы ў Менску ў азеляненьні.
Пратэст выклікала тое, што кампанія «Датч Стар» у канцы 2017 сабралася дабудаваць да жылога комплексу «Гранд Хаўз» яшчэ чатыры пад’езды на месцы часткі Грушаўскага сквэру насуперак праекту дэталёвага плянаваньня.
Менгарвыканкам у 2018 годзе зьменшыў плошчу сквэру пад будаўніцтва, у сьнежні 2019-га анансаваў, але затым скасаваў грамадзкія абмеркаваньні новага праекту дэталёвага плянаваньня — праект вырашылі яшчэ дапрацаваць. Ды на кадастравай мапе ад сквэру ўжо «адсяклі» ўчастак пад будаўніцтва.
У студзені мясцовыя жыхары павязалі шалікі на дрэвы ў сквэры — заклікалі беражліва ставіцца да прыроды. Ужо на наступны дзень камунальнікі «распранулі» дрэвы.