У Сэнаце ЗША 21 студзеня праходзяць дэбаты аб правілах працэсу аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа. Лідэр рэспубліканскай большасьці Мітч Маконэл прадставіў праект рэзалюцыі, які прадугледжвае жорсткія абмежаваньні па часе для ўступных заяваў бакоў і адказаў на пытаньні.
Абвінавачаньне прадстаўляюць дэмакраты, чальцы Палаты прадстаўнікоў, якая абвясьціла прэзыдэнту імпічмэнт, абарону складаюць адвакаты прэзыдэнта і юрысты Белага дома. Абодва бакі атрымаюць па 48 гадзінаў для выкладаньня сваёй пазыцыі. Акрамя таго, прадугледжана, што бок абароны можа ўнесьці прапанову адхіліць артыкулы імпічмэнту без разгляду (чакаецца, што такая прапанова будзе адхіленая, паколькі шэраг сэнатараў-рэспубліканцаў заявілі, што хацелі б спачатку выслухаць меркаваньні бакоў).
Пытаньне аб выкліку дадатковых сьведак і вывучэньні доказаў можа быць разгледжанае пасьля ўступных заяваў. Дэмакраты настойваюць на тым, каб на слуханьні былі выкліканыя бліжэйшыя памочнікі Трампа, у тым ліку былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, які не даваў паказаньняў у Палаце прадстаўнікоў. Няясна, ці пагодзяцца на гэта рэспубліканцы і калі так, то на якіх умовах. Некаторыя зь іх прапаноўвалі, напрыклад, усталяваць парытэт у колькасьці сьведкаў і запрасіць даць паказаньні дэмакрата Джо Байдэна або яго сына Гантэра, якія апынуліся ў цэнтры ўвагі ў справе аб імпічмэнце.
Калі дадатковыя сьведкі не будуць выкліканыя, працэс можа завяршыцца даволі хутка — магчыма, ужо ў пачатку лютага.
- Месяц таму Палата прадстаўнікоў, дзе большасьць складаюць дэмакраты, вынесла рашэньне аб імпічмэнце прэзыдэнта Трампа па двух пунктах абвінавачваньняў: злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і перашкода працы Кангрэсу.
- Дэмакраты абвінавацілі прэзыдэнта ў тым, што ён прыпыніў вылучэньне вайсковай дапамогі Ўкраіне і абумовіў яе аднаўленьне расьсьледаваньнем дзейнасьці кампаніі «Бурысма». Чальцом рады дырэктараў кампаніі быў Гантэр Байдэн, сын былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які зьяўляецца адным з кандыдатаў у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.
- Дональда Трампа таксама абвінавацілі ў тым, што ён забараніў чальцам свайго ўраду даваць паказаньні на слуханьнях у Кангрэсе. За імпічмэнт прэзыдэнта Трампа не прагаласаваў ніводзін з рэспубліканцаў-чальцоў Палаты прадстаўнікоў.
У мінулы чацьвер у Сэнаце афіцыйна пачаўся судовы працэс. Падчас яго сэнатары, якія выступаюць у ролі судзьдзяў, разгледзяць абвінавачваньні прэзыдэнту і вырашаць, ці заслугоўвае ён адхіленьня ад улады.
Сам Трамп абвяргае абвінавачваньні, называючы іх «паляваньнем на вядзьмарак».
Для адхіленьня прэзыдэнта неабходная падтрымка двух трацінаў складу сэнату, што, на думку экспэртаў, малаімаверна. Пакуль ніводзін з сэнатараў-рэспубліканцаў, якія складаюць большасьць у Сэнаце, не падтрымаў гэтую прапанову.