20 студзеня былы міністар абароны Андрэй Раўкоў стаў сакратаром Савету бясьпекі. Ён узначальваў Міністэрства абароны больш за пяць гадоў. Нагадваем самыя прыкметныя падзеі, якія адбыліся ў беларускім войску, калі міністрам быў Андрэй Раўкоў.
Справа Коржыча
Андрэй Раўкоў узначаліў Міністэрства абароны 27 лістапада 2014 году.
Адной з самых гучных падзей у беларускім войску падчас яго кіраваньня стала справа аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Коржыч быў знойдзены мёртвым 3 кастрычніка 2017 году ў падвале аднаго з будынкаў аб’яднанага навучальнага цэнтру ў барысаўскіх Печах.
Мінабароны гаварыла пра шараговы суіцыд. Дзякуючы настойлівасьці родных загінулага і розгаласу ў СМІ справа Аляксандра Коржыча дайшла да суду. Пасьля праверак завялі 10 крымінальных спраў аб «перавышэньні службовых паўнамоцтваў».
Вінаватымі ў сьмерці Коржыча прызналі трох сяржантаў зь ягонай часткі. Андрэй Раўкоў на судовыя працэсы не хадзіў. Ён некалькі разоў прымаў у будынку Мінабароны маці загінулага салдата Сьвятлану Коржыч, а ў камэнтарах афіцыйным СМІ прызнаваў існаваньне некаторых праблем зь дзедаўшчынай у беларускай арміі.
Мабільнікі ў вайсковых частках
Пасьля розгаласу абставінаў сьмерці Аляксандра Коржыча салдатам тэрміновай службы дазволілі мець пры сабе мабільныя тэлефоны (без магчымасьці здымаць фота і відэа). У некаторых частках павялічылі колькасьць дазволеных сустрэч з роднымі. Гэтыя перамены зьвязваюць з асабістым рашэньнем міністра абароны Андрэя Раўкова.
Новы закон аб прызыве ў войска
У канцы 2018 году Андрэй Раўкоў анансаваў зьмены ў закон аб прызыве ў войска. На думку міністра абароны, гэта было неабходна для павелічэньня колькасьці прызыўнікоў. Новы законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў летам 2019 году і неўзабаве быў прыняты. Галоўнае новаўвядзеньне — адтэрміноўку ад войска з прычыны навучаньня цяпер можна атрымаць толькі аднойчы.
Зьмены ў заканадаўства выклікалі грамадзкую кампанію. Шэраг кандыдатаў у дэпутаты на выбарах восені 2019 году зрабілі адмену новага закону аб прызыве асноўным пунктам сваёй выбарчай кампаніі.
Абяцаў «адэкватна рэагаваць» на дзеяньні NATO
У кастрычніку 2019 году Андрэй Раўкоў паабяцаў адрэагаваць на павелічэньне вайсковай прысутнасьці NATO на мяжы зь Беларусьсю і правядзеньне вучэньняў NATO Defender Europe.
«У рамках рэагаваньня на гэтыя мерапрыемствы будуць праводзіцца асобныя тактычныя дзеяньні на гэтым кірунку ракетнымі войскамі, артылерыяй, авіяцыяй, мотастралкамі, дэсантнікамі, сумеснымі дзеяньнямі з пагранічнікамі. Мерапрыемстваў дастаткова — і плянавых, і тых, якія зацьверджаны сёньня кіраўніком дзяржавы на нарадзе», — цытавала кіраўніка абароннага ведамства агенцтва БелТА.
Дамовіўся пра пастаўкі ў Беларусь сучасных расейскіх зьнішчальнікаў
Перамовы пра набыцьцё Беларусьсю зьнішчальнікаў СУ-30СМ працягваліся некалькі гадоў. Першапачаткова Расея настойвала на тым, што больш мэтазгодна дазволіць ёй адкрыць у Беларусі ўласныя авіябазы. Аднак Беларусь на гэта не пагадзілася. У выніку першыя чатыры сучасныя зьнішчальнікі былі пастаўленыя ў Беларусь менавіта падчас кіраваньня Андрэя Раўкова ў 2019 годзе. Яшчэ шэсьць самалётаў павінны прыбыць у беларускую армію ў 2020 годзе.