Аляксандар Лукашэнка 20 студзеня прызначыў міністра абароны, генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі, піша БелТА.
Лукашэнка растлумачыў, што прыняў рашэньне пра Андрэя Раўкова ўчора і вырашыў «не цягнуць», бо «мы людзі вайсковыя, час няпросты».
«Гэта ня значыць, што заўтра вайна і нам з кімсьці прыйдзецца ваяваць, ні ў якім разе, — дадаў Лукашэнка. — Але вайсковая арганізацыя ня зносіць нявызначанасьці».
На месца Раўкова Лукашэнка прызначыў 48-гадовага генэрал-маёра Віктара Хрэніна, які раней раней кіраваў войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Папярэдні дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась атрымаў пасаду генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), фармальна быў звольнены з Савету рэспублікі 3 студзеня.
Акрамя таго, Лукашэнка прызначыў начальніка Генэральнага штабу ўзброеных сілаў — ім стаў Аляксандар Вальфовіч, які да таго быў першым намесьнікам начальніка Генштабу. Ягоны папярэднік Алег Белаконеў быў плянава звольнены з пасады 9 сьнежня, бо пайшоў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Андрэю Раўкову 52 гады. Нарадзіўся ў вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці, скончыў Менскую сувораўскую вучэльню і Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, служыў камандзірам узводу і батальёну.
Пасьля таго, як у 1999 годзе скончыў беларускую Вайсковую акадэмію, служыў на пасадах начальніка штабу і камандзіра базы захоўваньня ўзбраеньняў. У 2005 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу Расеі, год быў камандзірам 103-й мабільнай брыгады, пасьля займаў пасады начальніка апэратыўнага аддзелу і начальнікам штабу Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня. У 2012 годзе стаў камандзірам войскаў Паўночна-заходняй акругі. У 2014 годзе стаў дэпутатам Менскага абласнога савету, у лістападзе 2014-га быў прызначаны міністрам абароны.
У час, калі Раўкоў быў міністрам абароны, пачаліся скандалы, зьвязаныя з гвалтам у войску, дзедаўшчынай і таямнічымі самагубствамі.