Як палітычныя зьмены ў Расеі паўплываюць на беларуска-расейскія адносіны? Якая стратэгічняя мэта Крамля ў дачыненьні да Беларусі і ці мяняецца яна з часам? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітычныя аналітыкі Ягор Лебядок і Андрэй Елісееў.
Сьцісла:
- Елісееў: Мэханізм транзыту ўлады Пуціна ніяк не зьніжае інтэграцыйныя рызыкі для Беларусі.
- Елісееў: У чым рызыка працэсу паглыбленай інтэграцыі на ўмовах Крамля? У тым, што ўсё будзе ісьці ня так яўна і заўважна, як пры пазбаўленьні фармальнай незалежнасьці.
- Елісееў: Беларускі транзыт улады адбудзецца хутчэй не па расейскім, а па таджыцкім варыянце.
- Лебядок: У нас 25 гадоў вымываўся нацыянальны падмурак. І нічога ўзамен не далі, акрамя «стабільнасьці».
- Лебядок: «Лукашэнка — гэта праект барацьбы з будучым».
Цыганкоў: Чаму падзеі ў Расеі выклікалі такое вялікае абмеркаваньне ў Беларусі, чаму гэта істотна?
Елісееў: Відавочна, што Расея, ад якой Беларусь надзвычай залежыць эканамічна і палітычна, выклікае інтарэс у беларусаў. Тут галоўнае — гэта «праблема 2024», погляд, што ўвесь працэс інтэграцыі нібыта грунтуецца на мэце, каб Пуцін забясьпечыў сваю ўладу. Я лічу, што гэта быў няслушны погляд. Гэтая схема разглядалася Крамлём, але не была прыярытэтнай, бо там было шмат незразумелых складнікаў.
Шырэйшая і доўгатэрміновая мэта Крамля была — незваротна прывязаць Беларусь. Таму для Беларусі інтэграцыйныя рызыкі нікуды ня зьніклі. Калі Беларусь перавядзе сваё заканадаўства на расейскія нормы, то вельмі хутка ператворыцца ў марыянэткавую дзяржаву.
Лебядок: У нас перабольшвалі «варыянт 2024». Але гэта быў толькі адзін з варыянтаў, які яшчэ канчаткова не адпаў. Бо калі ўважліва пачытаць пуцінскую прамову — то там амаль нічога пэўнага не сказана, нейкія прапановы і намёкі.
Асноўная мэта — інкарпарацыя Беларусі — як была, так і застаецца. Каб ацаніць, што адбываецца сёньня, варта глянуць на гэта ў гістарычным аспэкце. Яшчэ ў 1992 годзе, адразу пасьля распаду СССР, тагачасны міністар замежных спраў Расеі Козыраў зрабіў такую прамову на Радзе міністраў АБСЭ: «Зона былога СССР ня можа разглядацца як зона поўнага прымяненьня нормаў АБСЭ... Мы будзем цьвёрда настойваць, каб былыя рэспублікі СССР неадкладна ўступілі ў новую канфэдэрацыю альбо фэдэрацыю».
Цыганкоў: Такіх цытатаў можна прывесьці шмат, пачынаючы ад 19-га стагодзьдзя. Ці маюць яны непасрэднае дачыненьне да цяперашняй сытуацыі? Ці вы хочаце даказаць, што магістральнае імкненьне расейскай палітыкі заўсёды было ў гэтым кірунку?
Лебядок: Так, ёсьць пэўная лінія. 1995 год — Мытны саюз, 1997 год — дамова аб «саюзе Беларусі і Расеі», якая ў 1999 годзе трансфармуецца ў дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». І калі ў першай дамове размова ішла аб стварэньні саюзу дзяржаў, то ў 1999-м ужо сказана пра стварэньне адзінай дзяржавы. Мэта гэтая ў Расеі нікуды не падзелася.
Цыганкоў: Ці можна сказаць, што цяпер Расея прымяняе не прамыя, а гібрыдныя мэтады інтэграцыі?
Елісееў: «Гібрыдная вайна» — тэрмін, які ўжываецца ўсімі і часам не да месца. «Інфармацыйныя войны» былі яшчэ ў антычнасьці. Але цяпер гэты тэрмін набыў пасьля падзеяў у Данбасе вялікае выкарыстаньне ў розных кантэкстах.
У чым рызыка гэтага працэсу паглыбленай інтэграцыі на ўмовах Крамля? У тым, што ўсё будзе ісьці ня так яўна і заўважна, як пры пазбаўленьні фармальнай незалежнасьці. Краіна захоўваецца на палітычнай мапе сьвету, мае сьцяг, кіраўніка. Але рэальныя паўнамоцтвы паступова пераходзяць у Маскву. Таму, нават калі ў будучым краінай будзе кіраваць самы прафэсійны ўрад у сьвеце, то ён так будзе зьвязаны дамовамі з Масквой, што проста акажацца недзеяздольным.
Цыганкоў: Але менавіта кіраўніцтва Беларусі ў значнай ступені само выступіла ініцыятарам працэсу «інтэграцыі». Ці зразумела яно на сёньня ўсе небясьпекі, нават для сябе, ад гэтага працэсу?
Лебядок: Думаю, што збольшага зразумела. Але ж разуменьня ўжо недастаткова. Трэба рабіць пэўныя захады, на якія, магчыма, і рэсурсаў ня хопіць — эканамічных, дыпляматычных, інфармацыйных. Але, напрыклад, у інфармацыйнай сфэры ўсё аддадзена на Расею.
Непасрэдны правадыр апэрацыі расейскага ўплыву на Беларусь — сам Лукашэнка. У такіх апэрацыях што трэба зрабіць — зьнішчыць падмурак асобы, супольнасьці, нацыі, на якую ўзьдзейнічаюць. У нас 25 гадоў вымываўся нацыянальны падмурак. І нічога ўзамен не далі, акрамя «стабільнасьці».
Вэктару разьвіцьця краіны ў Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, увогуле няма. Куды мы рухаемся? Нікуды, у Лукашэнку. Дык ён калісьці пойдзе з жыцьця. Цяпер ён гэта разумее, але зрабіць нешта за год-два вельмі складана.
Цыганкоў: Як апошнія расейскія падзеі могуць паўплываць на варыянты транзыту ўлады ў Беларусі?
Елісееў: У палітычным сэнсе разьвіцьцё Беларусі найбольш нагадвала цэнтральнаазіяцкі варыянт. Пакуль пытаньне транзыту знаходзіцца ў ценю інтэграцыйных перамоваў як болей прыярытэтных для Лукашэнкі. Наўрад ці Лукашэнка будзе мудрыць, у яго будуць больш тапорныя мэтады. Тут хутчэй будзе нейкі варыянт, блізкі да таджыцкага. Там у 2016 годзе адбыўся рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю. Галоўныя былі статус лідэра нацыі і зьмяншэньне ўзроставага цэнзу да 30 гадоў, каб дазволіць сыну Рахмона балятавацца.
Нешта падобнае можа быць і ў Беларусі. Калі Лукашэнка сумняецца, што прэзыдэнтам стане ягоны сын, то нейкі новы орган можа быць створаны, які будзе замыкаць на сябе кіраваньне вэртыкальлю.
Цыганкоў: Ці магчыма, што Лукашэнка пра транзыт улады зусім не задумваецца? А тыя канстытуцыйныя зьмены, якія ён ужо абвяшчаў неаднаразова, задуманыя зусім для іншага?
Лебядок: У мяне менавіта такая думка. Ня бачу, навошта яму ўвогуле гэты транзыт. Пакуль ёсьць сыстэма «выбараў», то можна і самому заставацца колькі заўгодна, калі ўсё добра працуе. У прынцыповай зьмене ўлады ў Беларусі я ня бачу вялікага сэнсу для Лукашэнкі.
Цыганкоў: Ці могуць зьмены ва ўладных структурах у Расеі трохі даць перапынак, перадышку Беларусі — бо новаму ўраду Расеі трэба будзе час, каб разабрацца ў справах?
Елісееў: Ёсьць кансэнсус у кіроўных колах Расеі наконт стаўленьня да Беларусі, і наўрад ці гэта зьменіцца.
Наконт канстытуцыйных зьменаў у Беларусі. Гэты працэс можа і паскорыцца, бо Лукашэнка вымушаны думаць наперад.
Лебядок: Трэба будзе глядзець, якія прапановы будуць вылучаныя па зьменах беларускай Канстытуцыі і ці будуць яны мець нейкую сувязь з інтэграцыяй. У Расеі ўсе тыя, хто «адказваў» за інтэграцыю, засталіся, нікуды ня зьніклі.
Цыганкоў: Які мэдыйны эфэкт ад пераменаў у Расеі, уплыў на грамадзкую думку ў Беларусі? «Нават у Расеі ўжо думаюць пра перадачу ўлады, а ў нас усё бязь зьменаў» — могуць сказаць беларусы. Ці будзе Лукашэнка гэта ўлічваць?
Елісееў: Магчыма, каб стварыць нейкую «бачнасьць» зьменаў, можа пачацца фіктыўны працэс абмеркаваньня нейкіх прапановаў. У беларускім грамадзтве вельмі высокія пэсымістычныя настроі, асабліва сярод моладзі, беларусы чакаюць пераменаў. Але што на гэта можа адказаць Лукашэнка, які хоча бясконца заставацца пры ўладзе?
Лебядок: Калісьці разумны беларус сказаў: «Лукашэнка — гэта праект барацьбы з будучым». Натуральна, я вельмі сумняюся, што могуць быць нейкія кардынальныя зьмены ў кірунку дэмакратызацыі Беларусі. Але нейкія штуршкі могуць быць. Напрыклад, «продаж» эўрапейцам адмены сьмяротнага пакараньня, каб паказаць, якія мы прыгажуны. Але толькі такія зьмены, якія не зьмяншаюць ягонай улады.