У сталіцы Ірану Тэгеране аднавіліся антыўрадавыя пратэсты, асноўнае патрабаваньне якіх — пакараць вінаватых у гібелі ўкраінскага «Боінга», зьбітага іранскімі вайскоўцамі.
Відавочцы паведамляюць, што на акцыю, большасьць удзельнікаў якой — студэнты, выйшла менш людзей, чым напярэдадні. Тым ня менш, іх каля тысячы. Папярэдні шматтысячны мітынг быў разагнаны уладамі.
У Твітэры відавочцы публікуюць мноства фатаграфій і відэа таго, што адбываецца — у прыватнасьці, каля ўнівэрсытэцкіх будынкаў. На адным зь відэа відаць, як студэнты імкнуцца не наступаць на малюнкі амэрыканскага і ізраільскага сьцягоў, якія намаляваны на асфальце перад уваходам у навучальную ўстанову.
Пратэсты ў Іране супраць кіраўніцтва краіны пачаліся ў суботу — адразу пасьля таго, як камандаваньне Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі прызнала, што «па памылцы» зьбіла ракетай украінскі пасажырскі «Боінг», які выконваў рэйс Тэгеран — Кіеў. Загінулі ўсе 176 чалавек, якія былі на борце самалёта. Першапачаткова іранскае кіраўніцтва сьцьвярджала, што прычынай катастрофы стала ўзгараньне рухавіка.
Пасьля абвяшчэньня сапраўдных прычын гібелі самалёта, пратэстоўцы на вуліцах Тэгерану пачалі рваць партрэты Касэма Сулеймані — генэрала, які камандаваў сіламі спэцыяльнага прызначэньня. Сулеймані быў забіты тыдзень таму амэрыканскім дронам у Іраку. Улады ЗША лічаць яго тэрарыстам, які меў дачыненьне да нападу на амэрыканскую амбасаду.
Антыўрадавыя пратэсты ў Іране публічна падтрымаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён заклікаў улады ісламскай рэспублікі «не забіваць» удзельнікаў акцый, нагадаўшы, што тысячы людзей ужо былі забітыя або заключаныя ў турму. Ён таксама заклікаў кіраўніцтва Ірану «ўключыць інтэрнэт» і забясьпечыць свабодную працу журналістаў у краіне.
Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
- Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
- 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
- Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.