Некалькі расейскіх СМІ паведамілі пра звальненьне з цэнтральнага апарату Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі супрацоўнікаў, якія, знаходзячыся ў будынку ведамства ў Маскве, здымалі на мабільныя тэлефоны страляніну на Лубянцы 19 сьнежня 2019 году.
Паводле РБК, былі звольненыя 16 чалавек з аддзелу «П» — контравыведніцкае забесьпячэньне барацьбы з карупцыяй у прамысловай сфэры.
У сваю чаргу суразмоўца выдання Znak.com паведаміў пра звальненьне пяці супрацоўнікаў. Паводле яго, былі звольненыя «ня нейкія маёры, а людзі з добрымі пасадамі». «Пад звальненьне трапілі і тыя, хто проста здымаў відэа і перасылаў яго ў WhatsApp, і тыя, хто перадаваў запісы СМІ», — сказала крыніца.
Журналісты РБК накіравалі запыт у Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі. Пакуль што ні ім, ні Znak.com атрымаць афіцыйны камэнтар не ўдалося.
Страляніна каля будынку ФСБ у Маскве адбылася вечарам 19 сьнежня. Адзін супрацоўнік ФСБ быў забіты на месцы, яшчэ чацьвёра пацярпелі. Адзін з параненых пазьней памёр у лякарні. Раненьні таксама атрымаў адзін цывільны грамадзянін. Нападнік быў забіты.
Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу аб замаху на жыцьцё супрацоўнікаў праваахоўных органаў і назваў імя нападніка — гэта 39-гадовы Яўген Манюраў з Падольску ў Маскоўскай вобласьці. Падчас ператрусу ў ягонай кватэры знайшлі зброю.
Матыў злачынства сьледзтвам пакуль афіцыйна не абвешчаны. У Крамлі страляніну з боку Манюрава назвалі «праявай вар’яцтва».