У апошнія дні мінулага году ў Менску зьявіўся аўтобусны прыпынак «вуліца Мазурава», аформлены ў гонар дэсантнікаў. Але пільныя назіральнікі ўжо знайшлі гістарычную нестыкоўку фактаў і верагодны плягіят.
Выкананьнем і аздабленьнем прыпыначнага пункту займаецца прадпрыемства «Рэмаўтадар» Фрунзэнскага раёну Менску. Там патлумачылі, што ў пэрспэктыве на суседнім полі мяркуецца абсталяваць парк спэцыяльнай ратавальнай і вайсковай тэхнікай, у тым ліку авіяцыйнай — адпаведная пляцоўка ўжо падрыхтаваная. А таму, кажуць у «Рэмаўтадары», тэматычны элемэнт будзе акурат да месца.
Павільён трымаецца на мэталічных каркасах і накрыты блакітным празрыстым арганічным шклом. Наверсе — фігура вайкова-транспартнага самалёта Іл-76 з чырвонымі зоркамі на крылах і хвасьце.
Унутры канструкцыі прымацалі таблічку з цытатай генэрала арміі, аднаго з родапачынальнікаў паветрана-дэсантных войскаў у СССР Васіля Маргелава. Аднак фон надпісу зусім не адпавядае ні беларускай, ні нават савецкай рэальнасьці.
Пільныя карыстальнікі сеціва заўважылі, што аўтары прыпынка-помніка не пагрэбавалі плягіятам. Выявілася, што ў якасьці фону для малюнку выкарыстаныя амэрыканскія верталёты «Г'юі» UH-1 Iroquois і выявы вайскоўцаў арміі ЗША, узброеных карабінамі М1.
Выява з фону, імаверна, была ўпершыню разьмешчаная на сайце Freepic.com. Беларускія дызайнэры дамалявалі толькі стандартныя дэсантныя парашуты. Арыгінал разьмешчаны пад уласнай ліцэнзіяй сайту, што дазваляе вольнае выкарыстаньне і мадыфікацыю выявы для асабістых і камэрцыйных мэтаў, але з абавязковым пазначэньнем аўтарства. На плякаце з прыпынку не відаць пазнакі аўтарства.
9 студзеня ля павільёна зьявіліся будаўнікі зь лескамі. Яны расказалі карэспандэнту Свабоды, што будуць «удасканальваць» самалёт, каб той быў, «як на карцінках» — трэба дамаляваць ілюмінатары ды колерам адцяніць элемэнты фюзэляжу.
Таксама сказалі, што на нейкі час здымуць плякат з цытатай генэрала Маргелава. Праўда, не таму, што візуальны шэраг не адпавядае гістарычнай праўдзе, а таму, што «заляпаны».