Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леаніды вернуцца да Зямлі. Дажджы мэтэораў у 2020 годзе


Камэта. Ілюстрацыйнае фота
Камэта. Ілюстрацыйнае фота

Кожны год Зямля праходзіць праз палосы «касьмічнага сьмецьця» — струмені мэтэораў, якія на начным небе ствараюць уражаньне «зорнага дажджу». Прапануем вам кароткі сьпіс найважнейшых мэтэорных струменяў-«дажджоў», якія можна будзе назіраць у 2020 годзе.

Некалькі ўступных заўвагаў пра камэты, астэроіды і мэтэоры

Мэтэоры (народная назва: зьнічкі) — дробныя целы, якія згараюць у атмасфэры Зямлі, пакідаючы ў ёй кароткачасовыя яркія сьляды. Большасьць мэтэораў згарае ў зямной атмасфэры цалкам, і толькі самыя буйныя зь іх дасягаюць паверхні Зямлі. Паводле ацэнак навукоўцаў, за суткі на Зямлю падаюць тысячы мэтэораў, у асноўным у моры і акіяны.

Мэтэоры — дробныя аскялепкі большых аб’ектаў: камэтаў і астэроідаў. Камэты і астэроіды толькі зрэдку «заглядваюць» у нашу Сонечную сыстэму, падчас калі «дажджы» мэтэораў зьяўляюцца на небе штогод у больш-менш той самы час. Прыкладам, Леаніды — мэтэоры, увекавечаныя ў беларускай літаратуры раманам Уладзімера Караткевіча «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») — «падаюць» у лістападзе (найбольш яркае іх сьвячэньне — 16–17 лістапада). А камэта пад назвай 55P/Тэмпэля-Тутля, якая іх спарадзіла (то бок, камэта-маці для Леанідаў), наведвае Сонечную сыстэму прыблізна кожныя 33 гады. Апошні раз гэтая камэта максымальна наблізілася да Зямлі (тэхнічны тэрмін: прайшла пэрыгелій сваёй арбіты) у 1999 годзе, наступнае такое набліжэньне чакаецца ў 2031 годзе.

Мэтэоры, якія назіраем на небе, не паходзяць з апошняга набліжэньня камэты-маці да Зямлі, а з папярэдніх набліжэньняў, нярэдка значна аддаленых у часе. Гэта таму, што мэтэорам трэба наагул доўгі час, каб перайсьці з арбіты камэты-маці на арбіту Зямлі і потым згарэць у зямной атмасфэры.

Назвы мэтэорных струменяў у пераважнай большасьці выпадкаў паходзяць ад сузор’яў, зь якіх яны нібыта вылятаюць, як падаецца назіральніку зь Зямлі. Такім чынам, назва Леаніды паходзіць ад сузор’я Льва, Акварыды — ад Вадаліва (лац.: Aquarius), Арыяніды — ад Арыёну, Лірыды — ад Ліры, Пэрсэіды — ад Пэрсэя.

Млечны Шлях у час дажджу Леанідаў
Млечны Шлях у час дажджу Леанідаў

Леаніды

Леаніды — хуткасьць гэтых мэтэораў у зямной атмасфэры дасягае 72 кілямэтраў у гадзіну. Гэта адзін з самых буйных мэтэорных струменяў — у 1966 годзе, калі камэта-маці праходзіла зямны пэрыгелій сваёй арбіты, навукоўцы ацанілі, што на небе засьвечваліся каля 140 тысяч зьнічак-леанідаў у гадзіну. Як мы ўжо згадалі, максымальнае згараньне і сьвячэньне Леанідаў прыпадае больш-менш на сярэдзіну лістапада.

Квадрантыды

Гэты адносна слабы струмень зьнічак найярчэй высьвечвае якраз цяпер, 3–4 студзеня (у сярэднім — сотня мэтэораў у гадзіну). Квадрантыды незвычайныя тым, што яны паходзяць не ад камэты, як большасьць мэтэорных дажджоў, а ад астэроіда, то бок значна меншага касьмічнага аб’екту, чым камэта.

Леаніды на месячным небе
Леаніды на месячным небе

Лірыды

Найбольш яркае сьвячэньне — 21–22 красавіка. Гэты дождж мэтэораў паходзіць ад камэты Тэтчэр, якая набліжаецца да Зямлі праз кожныя 415 гадоў. Чарговы раз зьявіцца ў Сонечнай сыстэме ў 2276-м годзе.

Эта-Акварыды і Арыяніды

Абодва мэтэорныя струмені паходзяць ад камэты Галея. Максымум сьвячэньне для Эта-Акварыдаў прыпадае 6–7 траўня, для Арыянідаў — 21–22 кастрычніка.

Пэрсэіды

Струмень мэтэораў утвараецца ў выніку праходжаньня Зямлі праз шлейф пылавых часьціц, выпушчаных каметай Суіфта-Тутля, якая апошні раз заглядала ў Сонечную сыстэму ў 1992-м годзе і загляне наступны раз у 2125-м. Максымум актыўнасьці гэтых зьнічак — 11–12 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG