Аляксандар Лукашэнка падпісаў 30 сьнежня ўказ аб карэктаваньні сьпісу адміністрацыйных працэдураў. Тэкст указу яшчэ не апублікаваны, але некаторыя дэталі вядомыя з камэнтару прэс-службы Лукашэнкі.
Указ скасоўвае неабходнасьць афармляць да правоў кіроўцы дадатковы талён, у які ставілі пазнакі аб парушэньнях правілаў, а таксама сэртыфікат аб праходжаньні тэхагляду (сама неабходнасьць праходзіць тэхагляд, як вынікае з паведамленьні прэс-службы, застаецца).
Таксама ўказ рэглямэнтуе працэдуру выдачы міжнароднага пасьведчаньня кіроўцы. Зь нядаўняга адказу МУС на сайце Petitions.by вядома, што нават такое пасьведчаньне ня будзе лічыцца ў Беларусі пасьведчаньнем асобы (роўным пашпарту).
Законапраект аб скасаваньні талёнаў да правоў кіроўцы разглядалі прынамсі з 2017 году, а выдаваць міжнародныя пасьведчаньні кіроўцы зьбіраліся яшчэ з 2016 году.
Акрамя таго, указ:
- скарачае тэрміны пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу палепшыць жыльлёвыя ўмовы;
- прызнаньне жылога памяшканьня не адпаведным тэхнічным і санітарным нормам робіць бестэрміновым (цяпер рашэньне дзейнічае 6 месяцаў);
- спрашчае пастаноўку грамадзянаў на консульскі ўлік;
- скасоўвае плату за электронную рэгістрацыю часовага знаходжаньня іншаземцаў у Беларусі;
- пры шэрагу працэдураў у падатковых органах дазваляе грамадзянам замест пашпарту падаваць яго копію — гэта ў сваю чаргу дазволіць падаваць пэўныя заявы ў пісьмовым або электронным выглядзе без асабістай прысутнасьці;
- замест копіі рашэньня суду аб усынаўленьні можна будзе падаваць выпіску з адпаведнага дакумэнту;
- уводзіць «новыя адміністрацыйныя працэдуры, неабходныя для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў, выключаюцца працэдуры, што страцілі сваю актуальнасьць, напрыклад, па выдачы рашэньняў аб прыватызацыі жылых памяшканьняў».