Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бог прапануе значна большую пэрспэктыву, чым супэрмаркет». Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты сьвяткуюць Раство


Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты 25 сьнежня адзначаюць адно з найбольш важных у хрысьціянстве сьвятаў — Божае Нараджэньне. Ва ўсіх беларускіх храмах гэтых канфэсій праходзяць урачыстыя набажэнствы.

Старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланьні да вернікаў адзначыў, што апошнім часам усё часьцей праяўляецца тэндэнцыя зьнешняй падрыхтоўкі да сьвята Божага Нараджэньня і сьвяткаваньня паводле воклічу старажытных рымлян: «Хлеба і відовішчаў».

«Вірус спажывальніцтва і задавальненьняў разбурае наша маральнае жыцьцё і хрысьціянскія традыцыі. Мы не дазваляем Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў нашых душах, і Ён не прысутнічае ў нашым жыцьці», — гаворыцца ў пасланьні.

Як адзначае Тадэвуш Кандрусевіч, «Бог прапануе значна большую пэрспэктыву, чым супэрмаркет, матэрыяльныя каштоўнасьці ці задавальненьні, а менавіта — вечнасьць, да якой нас вядзе Езус».

«Нягледзячы на працэсы сэкулярызацыі, чалавецтва адзначае сьвята Божага Нараджэньня, — дадае арцыбіскуп. — У наш час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што бяз Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем».

Такіх праблем шмат, і першая зь іх — гэта крызіс сям’і, адзначае кіраўнік беларускага касьцёла. Ён, у прыватнасьці, указвае на развод семʼяў, «завоблачныя лічбы» абортаў, «амаральную сэксуальную адукацыю», прапаганду аднаполых саюзаў і гаворыць што, «мы павінны сказаць нашае рашучае „не“ антыхрысьціянскім тэндэнцыям».

Цяпер, на думку Кандрусевіча, «наступае час ганеньняў на веру ў белых пальчатках», калі «дэмакратычным спосабам прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы, вера сьпіхваецца на пэрыфэрыю жыцьця і высьмейваецца, адбываюцца акты блюзьнерства, прафанацыі і зьнішчэньня рэлігійных сымбаляў. Чыніцца ўсё гэта найчасьцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасьць без маральнай адказнасьці», — падкрэсьлівае арцыбіскуп.

У «час супрацьстаяньня Божай праўды з нэаязычніцтвам» Тадэвуш Кандрусевіч прызывае паству «захаваць вернасьць вучэньню Хрыста» і адчыніць Яму дзьверы, «бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе».

Каталіцтва — другая пасьля праваслаўя хрысьціянская канфэсія ў краіне па колькасьці вернікаў.

Паводле зьвестак на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, амаль 1,47 мільёнаў грамадзян (крыху меней за 15,5% насельніцтва) — католікі. Сярод іх прыкладна 10 тысяч грэка-каталікоў. Каталіцкі касьцёл у Беларусі прадстаўлены Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, якія абʼядноўваюць 486 парафій. У краіне налічваецца 476 каталіцкіх сьвятароў і 448 прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасьцяў.

Колькасьць пратэстантаў розных дэнамінацый у Беларусі ацэньваецца, паводле розных дадзеных, на ўзроўні ад 200 тыс. да 500 тысяч вернікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG