Як называць галоўнае зімовае сьвята — Каляды, Раство? А мо Ражджаство? Ці маюць рацыю тыя прадстаўнікі цэркваў, якія кажуць, што слову Каляды ня месца ў хрысьціянскай традыцыі? Эксклюзіўнае ВІДЭА пра гэтыя словы зьнята ў менскім сьвяточным трамваі.
Менск, 23 сьнежня 2019 году
Сьцісла:
- Спрадвечная народная назва зімовага сьвята — Каляды.
- Ад Калядаў поўна вытворных словаў: калядныя госьці, калядныя маразы, і калядаваньне з каляднікамі, і калядаваны 'выпрашаны'.
- У эпоху ВКЛ усе хрысьціянскія канфэсіі называлі Калядамі сьвята Нараджэньня Хрыстовага.
- Слова „Ражджаство“ — царкоўнаславянізм, цяжкі і ненатуральны для беларускага вымаўленьня. Больш асвоена фанэтычна слова Раство.
- У савецкі час слова Каляды было як забаронены плод: нават калядную песеньку пра Саўку ды Грышку адцэнзуравалі.
Як заўсёды ў канцы каляндарнага году, пабачыўшы беларускамоўныя паштоўкі ці маркі „З Ражджаством“, людзі пытаюць, а ці па-беларуску гэта.
Беларуская мова звычайна не ўтварае ад назвы дзеяньня — напрыклад, нарадзіцца — словаў на -ство, у нас хутчэй -ньне. Нараджэньне, раджэньне. Рождество — гэта па-царкоўнаславянску. Апошняе слова пранікала ў Беларусь праз царкоўную практыку, але адаптавалася да нашае фанэтыкі. У старабеларускай мове можна пабачыць напісаньні розство, што сьведчыць пра жывое вымаўленьне — раство. I на радзіме майго бацькі, на Мярлінскіх хутарох за Гарыньню, казалі Роздво ці Роство (як хараство, княства).
У тых местах па дарогах па вуліцах страж вялікую дзень і ноч мявалі аж да Раства Хрыстова
(Баркулабаўскі летапіс)
Можна знайсьці і Рожество, але гэта ў богаслужбовых тэкстах з моцным уплывам царкоўнаславяншчыны, як у Скарыны, або, скажам, у назвах пасьвячэньня храмаў.
Ражаство і асабліва Ражджаство — несумненны царкоўнаславянізм, фанэтычна амаль не асвоены. Для перадачы ж хрысьціянскага сэнсу старажытнага сьвята — дзе важны корань род — зусім дастаткова выразу Нараджэньне Хрыстовае.
„Ён Калядою радзіўся“
Але старадаўняя беларуская народная назва галоўнага зімовага сьвята — Каляды. Яна дахрысьціянская. Аднак яе, як і іншыя назвы каляндарных сьвятаў (напр. Вялікдзень), даўно перанялі, атаясаміўшы з угодкамі Хрыстовага нараджэньня, усе хрысьціянскія цэрквы ў Беларусі:
Пазычыў сядло... перад рускімі (г. зн. праваслаўнымі) Каляды
(1598 год).
І падатак у гонар сьвята зваўся каляда незалежна ад канфэсіі:
…Маюць і павінны ўсе мяшчане з дамоў іх мескіх па чатыры грошы каляды плаціць так на папа рускага, яка і на плябана
(1567 год).
Ад Калядаў як сьвята і як абраду пайшло мноства вытворных словаў. Каляда, паводле Івана Насовіча (1870), — ахвяраваньне сялянаў сьвятарам і царкоўным служкам: То папу, то дзяку, то пападзьдзі хоць патроху, а ўсё трэба даць каляды́. Дай папу каляды́ каўбасу.
Наагул у беларускай мове і ў таго ж Насовіча цэлая калядная галерэя. Тут і калядныя госьці ды маразы, і калядаваньне з каляднікамі, і калядованы — значыць выпрашаны, і калядоўка — працэс такога выпрошваньня: у калядоўку пусьціўся.
Адсюль выраз збор-каляда, што значыць ‘усякая ўсячына. ‘Дай каню зярнят збор-каляды. Каморка поўна збор-каляды.
Каляда — і вячэра напярэдадні Калядаў, і песьня, і падарунак: Парабку бонду хлеба давалі, мяса, гароху — усё гэта называлі каляда. І пэрыяд часу: ён Калядою радзіўся.
Прыказкі — як пазытыўныя:
Прыйшлі калядкі — пад’еў ды на палаткі,
так і нэгатыўныя:
Прападзі ты, паня, з калядой!
Калядніца — пост перад Калядамі ды наагул калядны час. А ў сучасных гаворках каляднік — ня толькі сьпявак-актор калядоўнае грамады. Гэта, прынамсі на Смаргоншчыне, — небясьпечная зграя ваўкоў у пэрыяд гайні (юру). Во дзе дахрысьціянскае рэха...
Ня боймася Калядаў! Сьвятары дазваляюць
Слова Каляды агульнабеларускае, мае дыялектныя варыянты Коляды, Калёды. Яно лацінскага паходжаньня — calendae азначае першы дзень месяца. (Адсюль, дарэчы, слова каляндар.) Запазычана яшчэ ў праславянскую эпоху, у беларускай мове насавы ę заканамерна перайшоў у [я].
„Энцыкляпэдычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы“ аўтарства а. Ўладзіслава Завальнюка, доктара філялёгіі Мікалая Прыгодзіча і пэдагога Валянціны Раманцэвіч меў на мэце зблізіць тэрміналёгію розных хрысьціянскіх канфэсіяў. Аўтары не пакідаюць сумневу ў значэньні і прымальнасьці тэрміну Каляды: гэта
пэрыяд царкоўна-хрысьціянскага сьвята Нараджэньня Хрыста, якое адзначаецца 25 сьнежня і ў наступныя дні да 6 студзеня (маюцца на ўвазе абодва календары). Гэта Сьвята Божага Нараджэньня, Раство.
І ў іншых хрысьціянскіх народаў — нашых суседзяў — ужываюцца назвы гэтага сьвята, якія паходзяць з дахрысьціянскіх часоў. Kalėdos па-літоўску, Ziemassvētki, што даслоўна значыць Зімовыя сьвяты, па-латыску, эстонскае jõulud, якое ад старажытнай паганскай назвы зімовых сьвятаў.
Аднак у Беларускім экзархаце РПЦ ужываньне слова Каляды апошнім часам пачало звужацца. Так, у 2007 годзе мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт зьвяртаўся да паствы яшчэ з Калядным пасланьнем. А ў 2013 годзе у яго ўжо было „Ражджэственскае пасланьне“ (у якім, аднак, згадваюцца прамяні Каляднай зоркі — рэальнасьць вобразаў беларускай мовы бярэ сваё).
Што да Грэка-каталіцкай і Рыма-каталіцкай цэркваў, то іхныя архіпастыры і надалей зьвяртаюцца да беларусаў з Каляднымі пасланьнямі, зычачы Вясёлых Калядаў і шчасьлівага Новага Году.
У савецка-каляднай вайне перамаглі Каляды
У савецкі час нават калядную песеньку пра Саўку ды Грышку адцэнзуравалі. Папраўдзе Саўка ды Грышка ладзілі дуду не „каб прагнаць нуду“, як нас пераконвалі ў савецкі час, а каб „славіць дудой Каляду“. І не „дзядок старэнькі“, а сьвяты
Язэп старэнькі,
Ёмкі ўзяўшы скрут,
Кіем на дзьверы паказаў ім тут...
Вы сабе грайце сваё го-ца-ца,
Толькі ня страшце Езуса хлапца...
Данчык сьпявае аўтэнтычны тэкст, які ў савецкай Беларусі выкарчоўвалі з народнай памяці. Для пакаленьня, што прыходзіла да беларушчыны ў савецкі час, менавіта слова Каляды было ахутанае таямніцай забароненага цуду. З клясычнае літаратуры ішоў вобраз радаснае гармоніі:
Усё ў парадку, ўсё прыбрана,
Як бы Коляды прыйшлі.
(Якуб Колас)
А слова „Рождество“ зьвязвалася з расейскаю традыцыяй, з барскімі „рождественскими“ завядзёнкамі Талстых і Тургеневых. Яшчэ быў расейскі савецкі паэт Роберт Раждзественскі. А Каляды — свае, і іх, сапраўдных, патаемна чакалі. Пра гэта верш Міхала Анемпадыстава і сьпеў Касі Камоцкай:
Нам даводзілі, хто мы і што мы,
Нас вучылі выконваць загады,
Нам казалі, ды мы ня чулі —
Мы употай чакалі Калядаў...
То дачакаймася ж.
--
Сьвята „Калядны цуд“ у менскім трамваі № 10 зладзілі 23 сьнежня 2019 году Арт Сядзіба і „Сьпеўны сход“ на чале зь Сержуком Доўгушавым, якім дзякуй за калядную гасьціну!