У інтэрвію галоўнаму рэдактару «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не гандлюецца, а вядзе перамовы з кіраўніцтвам Расеі.
Аляксей Венядзіктаў сказаў, што перад пачаткам інтэрвію маніторыў расейскія мэдыя і неаднаразова адзначаў, што ягоныя калегі называюць «прэзыдэнта Беларусі — капрызным». Гэта яму ня так, гэта ня так, ня можа знайсьці «залатую сярэдзіну».
«Прабачце за нясьціпласьць, я дасьведчаны, з працяглым тэрмінам знаходжаньня на гэтай „страшнай пасадзе“, — адказаў Лукашэнка. — Дык вось капрызныя людзі столькі ня тое што столькі не працуюць, столькі не жывуць. У чым мой капрыз? У тым што гандлююся? Нават не гандлююся, а вяду перамовы. Не з маёй падачы вы вынеслі на ўзровень прэзыдэнтаў гэтыя пытаньні. І мы замест таго, каб перад Новым годам падняць з маім блізкім сябрам Уладзімірам Уладзіміравічам кілішак гарэлкі ці самагонкі, прывязу зь Белавускай пушчы, паціснуць рукі, пачынаем сабачыцца».
Кіраўнік Беларусі дадаў, што «гэта ж маё жыцьцё». «Як можна арганізаваць эканоміку, калі нам гавораць: 152 даляры павінны быць цана на газ. Ды ня можа яна быць такой, бо мы бязмытава гандлюем!»
Аляксандар Лукашэнка кажа, што прапанаваў, каб Масква агучыла свае цэны на нафту. Аднак калі рынак у 25 млн тон нафты і 22 млрд кубамэтры газу сыдзе «кудысьці на бок», тады не крыўдуйце, папарэдзіў ён.
«Я ім гавару: калі вы пачалі сабачыцца з Украінай наконт транзыту газу, што зрабілі? Пусьцілі „Паўднёвы“ і „Паўночны“ патокі. Дзясяткі мільярдаў даляраў, і яшчэ невядома, у якую суму ўрэшце выльецца! І я дакладна гэтак жа зраблю — буду шукаць альтэрнатыву. Магу праз Польшчу, яны самі прапануюць узяць саудаўскую, амэрыканскую ці якую заўгодна нафту, што таньней на рынку. У мяне тры трубы нафтаправоду „Дружба“. На першым этапе забіраю адну і рэвэрсам пастаўляю на НПЗ, дзе глыбіня перапрацоўкі як Эўропе — у Расеі адзін толькі такі завод.
Нармальна пойдзе, забяру і другую. Вы штогод пампуеце 60-70 млн тон нафты на прэміяльны заходні рынак. Калі я дзьве забяру, застанецца 20. Вы гэта ацэньваеце як пагрозу. Дык а самі навошта заганяеце мяне ў вырашэньне пытаньня такім чынам?»
Лукашэнка прыгадаў, як у свой час «у мінус 25» Масква перакрыла газ, а пасьля спыніла пастаўкі нафты. Але беларусы выкруціліся, дапамаглі сябры — Уга Чавэс і Ільхам Аліеў. Пры гэтым ён нагадаў, што Беларусь — трэці пакупнік расейскага газу пасьля Нямеччыны і Італіі. Страціць такога кліента — практычна «самазабойча».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»