Увечары ў нядзелю ў Гомлі, каля 17.30, здарылася сур’ёзная аварыя, якая паралізавала транспартны рух. На перакрыжаваньні вуліц Савецкай і Кожара сутыкнуліся два легкавыя аўтамабілі і тралейбус. Прычым, тралейбус прыціснуў адзін з аўтамабіляў да асьвятляльнай апоры. Ад гэтага яна павалілася на тралейбус.
Разьбіты аўтамабіль літаральна ператварыўся ў груду мэталу, але кіроўца і ягоныя пасажыры — усе маладыя хлопцы — цудам засталіся цэлымі. Кіроўца ня можа патлумачыць, што здарылася — паводле яго, аўтамабіль пачаў сьлізгаць па праезнай частцы, пасьля таго, як ён затармазіў на скрыжаваньні. Такім чынам легкавік стукнуўся ў машыну, якая рухалася ўперадзе, затым яго разьвярнула і занесла пад тралейбус. Аварыя здарылася падчас дажджу, дарога сапраўды была сьлізкай.
Кіроўца тралейбуса была ў шоку і таксама не магла патлумачыць, што адбылося. Яна сказала, што сыходзіла ад сутыкненьня, калі легкавік паляцеў ёй пад колы. У тралейбусе траўмаваны адзін чалавек, мужчына, яго забрала «хуткая». Паводле папярэдняй інфармацыі, ён стукнуўся галавой аб шыбу падчас удару.
Іншы тралейбус, які стаў на перакрыжаваньні ў сувязі з абарванай лініяй, супрацоўнікі Міністэрства ў надзвычайных справах адкацілі да прыпынку.
Афіцыйнай інфармацыі пра аварыю пакуль няма.