У расейскім аддзяленьні экалягічнай арганізацыі Greenpeace заяўляюць, што на судне «Міхаіл Дудзін» знаходзіцца каля 600 тон уранавых «хвастоў». За іх разгрузкай запрасілі назіраць дэпутатаў заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу — такім чынам, улады захацелі паказаць, што гэта бясьпечна. У Greenpeace выказалі сумневы адносна бясьпекі працэдуры.
Канчатковы пункт партыі ядзерных адкідаў — горад Новаўральск Сьвярдлоўскай вобласьці. Туды яе павязуць цягніком.
У 2019 годзе эўрапейская кампанія Urenco аднавіла транспарціроўку ў Расею ўранавых «хвастоў» зь нямецкай уранаўзбагачальнай фабрыкі, якая месьціцца ў горадзе Гронаў. Першую партыю карабель «Міхаіл Дудзін» даставіў у Санкт-Пецярбург у лістападзе. Яе разгрузка вялася за 500 мэтраў ад жылога раёну, дзе пражывае больш за чатыры тысячы чалавек.
У найбліжэйшыя тры гады ў Расею плянуюць адправіць 12 тысяч тон уранавых «хвастоў». Паводле дадзеных Greenpeace, у Расеі ўжо назапашана каля 1 мільёна 200 тысяч тон ядзерных адкідаў, усе яны захоўваюцца пад адкрытым небам.
У сьнежні ў Санкт-Пецярбургу прайшлі некалькі акцый супраць увозу радыяактыўных грузаў. Паліцыя затрымала аднаго з іх арганізатараў — экспэрта расейскага аддзяленьня Greenpeace Рашыда Алімава. Яго абвінавацілі ў «самавольным заняцьці зямельнага ўчастку». Згодна з пратаколам, падчас акцыі пратэсту на Неўскім праспэкце ў Пецярбургу Алімаў разьмясьціў на плошчы 15 квадратных мэтраў інсталяцыю з мэталічных бочак, якія імітуюць ёмістасьці зь ядзернымі адкідамі.
Таксама невядомыя разьбілі вокны офісу яшчэ аднаго арганізатара пікетаў супраць увозу уранавых «хвастоў» у Расею — Міхаіла Паўлава.