Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вынікі атрымаем вельмі хутка альбо ніколі». Расейскі экспэрт пра наступствы фільму пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці ёсьць сувязь паміж выхадам інтэрвію з прызнаньнем у забойствах беларускіх апазыцыянэраў і тым, што неўзабаве адбудзецца чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна і хадой перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі? Пра гэта ў тэлеэфіры «Настоящего времени» вядучай Ірыне Рамалійскай распавёў расейскі экспэрт, дырэктар Цэнтру вывучэньня крызіснага грамадзтва Максім Вілісаў.

Максім Вілісаў
Максім Вілісаў

— Камусьці патрэбна, каб гэтая сувязь была абазначаная, і грамадзкасьць падумала, што яна ёсьць. Насамрэч тут усё вельмі складана. Ёсьць палітычны кантэкст. Я пагаджуся з тым, што проста так такія матэрыялы не ўсплываюць. Па сутнасьці ніякіх новых фактаў не даведаліся, тым больш фактаў, карысных для расьсьледаваньня гэтай крымінальнай справы.

— А які палітычны кантэкст?

— Розны. Я б не факусаваўся толькі на расейска-беларускіх перамовах. Трэба разглядаць і беларускую ўнутрыпалітычную сытуацыю ў тым ліку. Хаця цяпер вонкава яна выглядае адносна стабільнай, але ўсё ж ёсьць перадумовы, каб амплітуда ўнутраных хістаньняў раскачвалася. Мы бачылі пратэсты супраць паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі. Мы ведаем, што насьпяваюць у асяродку пэўных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і актывістаў розныя адносіны да далейшага разьвіцьця Беларусі. Будзе ціск на прэзыдэнта Лукашэнкі ў тым ліку і ў сувязі з выбарамі. Калі мы возьмем вонкавую палітыку і накладзем яе на ўнутраную, то ў шматвэктарнай беларускай палітыцы таксама могуць быць розныя вонкавыя фактары, якія зацікаўленыя ў зьмене стасут кво ці ў аказаньні ціску на ўнутрыпалітычную сытуацыю.

— А калі сыходзіць з канспіралягічнай тэорыі, то як гэта ажыцьцявілі?

— Я б цяпер да канспіралягічных тэорый не зьвяртаўся. Мы кажам пра факты. Першы факт — зьявілася паведамленьне ў эўрапейскім СМІ, якое прыцягвае грамадзкую ўвагу да гэтай праблемы і ў Беларусі, і ў Эўропе, і ў Расеі. Далей пытаньні, чаму менавіта цяпер гэта зьявілася, праўда гэта ці не, і якое разьвіцьцё атрымае сытуацыя. З пункту гледжаньня ўнутрыбеларускай сытуацыі праваахоўныя органы павінны на падставе факту, апублікаванага ў СМІ, распачаць праводзіць сьледчыя дзеяньні. Вынікі мы атрымаем альбо вельмі хутка альбо мы не атрымаем ніколі. Калі гэта застанецца ў фармаце руцінных прававых працэдураў, значыць гэта выпадковае супадзеньне.

Калі ў публічнай прасторы на падставе гэтага будуць узьнікаць ва ўнутранай ці вонкавай палітыцы дадатковыя патрабаваньні і прэтэнзіі да беларускага кіраўніцтва, да прэзыдэнта з мэтай праўдзівага адкрытага расьсьледаваньня, прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, то трэба глядзець, хто будзе апэляваць да гэтых падзеі і ў якім кантэксьце. Гульцоў вакол Беларусі дастаткова шмат.

— Ці вы дапускаеце, што гэта проста добра зробленая журналісцкая праца, і яна супала проста з гэтымі палітычнымі момантамі ўнутры Беларусі і звонку?

— Такога факта ніколі ня трэба выключаць. Мы заўсёды гатовыя паверыць у невыпадковыя супадзеньні. Канспіралёгія, пра якую вы кажаце, на жаль, гэта асаблівасьць чалавечага мысьленьня. І тыя, хто намерана спрабуюць рабіць укіды, да гэтага вельмі часта і апэлююць. Таму для таго, каб зрабіць больш узважаныя высновы, трэба паглядзець на некалькі бліжэйшых дзён, якое разьвіцьцё атрымае гэтая гісторыя.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG