Перад чарговай сустрэчай кіраўнікоў Беларусі і Расеі 20 сьнежня на тэму «паглыбленай інтэграцыі» карэспандэнты Свабоды выправіліся ў памежныя рэгіёны дзьвюх дзяржаваў. Што жыхары Гомельшчыны і Браншчыны думаюць пра інтэграцыйныя працэсы — у нашым рэпартажы.
Злынка. 10 кілямэтраў углыб Расеі
Першы пункт падарожжа — Злынка, раённы цэнтар, пяць тысяч насельніцтва.
Панылым сьнежаньскім днём большасьць мясцовых ці на заробках у Маскве, ці на працы, ці дома. Кіруемся на мясцовы кірмаш. Перад брамкай, дакладней, пусткай у плоце, спыняемся, шукаем вачамі знак забароны ўезду. Мясцовы жыхар падыходзіць да нашага аўтамабіля. «По...й, земляк, заезжай!», — крычыць нам расеец.
Першая ж ятка на кірмашы — беларускія тавары. Малако, сыр, масла. Удакладняем у прадаўца: «Гэта ў вас беларускія тавары, з Гомля?». «Ня гомельскія яны!» — спрабуе пераканаць нас прадавец малочнай прадукцыі «Мілкавіта». Ён не адказвае на пытаньні пра цану тавару і попыт на яго. Урэшце патасна кідае: «З агентамі не размаўляю!».
У гэтую хвіліну да нас зноў падышоў той расеец, які прапанаваў парушыць правілы і заехаць на машыне проста на кірмаш. «На..й, ребята», — прапанаваў ён з трохі іншай інтанацыяй, чым пры першай сустрэчы.
«Данбас кармі, Сырыю кармі, яшчэ і вас!»
Дзьве пэнсіянэркі гандлююць на кірмашы «таварамі штодзённага попыту». Майткі, калготкі, спартовыя нагавіцы.
«Які там заробак? Дома сумна сядзець. Дзе вы тут пакупнікоў бачыце? Уся наша моладзь на Маскву зьехала. Напэўна, як і беларуская», — кажуць прадаўцы.
Яны пэсымістычна ацэньваюць сваю ролю ў палітычным і грамадзкім жыцьці.
«Хто ў нас будзе пытацца, хочам мы той інтэграцыі ці ня хочам? У нас ніколі нічога не пытаюцца. Прэзыдэнты — кожны цягне коўдру на сябе. Наш, расейскі, во хоча з усімі сябраваць, а не атрымліваецца. Сябруе, сябруе з Лукашэнкам. Потым Лукашэнка — раз! — і просіць даць яму бясплатна тое і тое. Нашы, дурні такія, і даюць! Праз гэта мы ў жабрацтве жывём. Бо нашы і Данбасу дапамагаюць, і Сырыі, і індусам, а мы на мінімальных заробках выжываем у 11 тысяч рублёў (363 беларускія рублі)», — разважае пэнсіянэрка.
У Злынцы ніводзін суразмоўца ня хоча фатаграфавацца. Застаецца зафіксаваць для гісторыі будынак мясцовай адміністрацыі.
«Бабах-бабах! Вокны трасуцца, дзеці баяцца, і ўсё — празь беларусаў!»
Вышкаў — расейскі пасёлак паблізу мяжы, які пакутуе ад дзеяньняў беларускіх вайскоўцаў.
На другім баку мяжы Добрускі раён Гомельскай вобласьці і 43-і арсэнал ракет і боепрыпасаў Узброеных сілаў Беларусі. Расейцы скардзяцца, што беларусы «вечна там нешта ўзрываюць», і ад моцных выбухаў у іх трасуцца вокны і палохаюцца дзеці.
«Як ні дзень — бабах-бабах! Шкло трасецца, усе вібруе, дзеці баяцца. І ніякай рады няма на іх. Раней цішэй трохі ўзрывалі. Цяпер — немагчыма трываць. Нашы людзі і з вуснымі скаргамі ходзяць, і подпісы зьбіраюць», — скардзіцца пэнсіянэрка Галіна Пятроўна. Яна кажа, што выбухі «сталі мацнейшымі», бо «мо яны бліжэй да нас пасунуліся».
Каля кірмашу размаўляем з пяцьцю мясцовымі жыхарамі. Яны ня хочуць «паглыбленай інтэграцыі» зь Беларусьсю, бо «там няма радыяцыі».
«Мы хоць якія капейкі за радыяцыю атрымліваем — 188 рублёў да пэнсіі, 1800 даплаты тым, хто працуе, на пэнсію можна ісьці на дзесяць гадоў раней, бо ў нас „зона“. А ў Беларусі Лукашэнка скасаваў радыяцыю! Не, мы лепш пры радыяцыі пажывём тут, асобна, а то яшчэ і ў нас скасуе радыяцыю», — тлумачаць тутэйшыя.
Умовамі жыцьця яны ня надта задаволеныя: вытворчасьці няма, шпіталь не працуе. «Капітальны рамонт зрабілі — і зачынілі шпіталь. Бардак!», — кажуць.
Прынамсі, і яны, і жыхары Злынкі езьдзяць па мэдычную дапамогу ў Гомель. Хай сабе платна, але гэта таньней, чым ехаць у Бранск за 260 кілямэтраў, тлумачаць суразмоўцы.
У прыватнай крамцы гандлюе беларускімі таварамі Тацяна.
Жанчына кажа, што на беларускія прадукты, як і раней, попыт. Тацяна нарадзілася ў Беларусі, пабралася шлюбам з расейцам.
«Я тут жыву 20 гадоў і пачуваюся сябе расіянкай. У Беларусь прыяжджаю ўжо ў госьці. Інтэграцыя мо і патрэбная, але абы ня шкодзілі людзям, а было на карысьць усім», — разважае прадавачка.
Непадалёк ад Вышкава вёска Муравінка. Пяць гадоў таму нам давялося назіраць тут «цуды» — стаялі пагарэлыя ці амаль згнілыя хаты, але «абшытыя» сайдынгам і з імітацыяй пракладзеных да іх камунікацыяў. Выявілася, такія «рамонты» былі патрэбныя дзеля атрыманьня кватэраў у межах «чарнобыльскай праграмы», бо дамы «з рамонтам» і падведзенымі камунікацыямі ацэньваліся вышэй. За іх давалі кампэнсацыю ці кватэру ў «чыстых» гарадах Расеі.
Сёньня з тых дамоў ужо абадраны ня толькі сайдынг, але і ўсё, што магчыма. Яны прыйшлі ў поўны заняпад.
«Некалькі дзён мітынгавалі, каб прыбралі сьмецьце, але ніхто не пачуў»
Бліжэйшы да беларускай мяжы буйны расейскі раённы цэнтар Навазыбкаў выглядае менш прывабна за беларускія Ветку і Добруш.
Побач з чыгуначным вакзалам і аўтастанцыяй стаяць мэталёвыя будкі з надпісамі «Чай, кофе, чебуреки», палова зь якіх зачынена, відаць, ня першы год. За колькі кроках ад вакзалу — двухпавярховы драўляны барак, ледзь бачны з-за высокага быльніку. Брудна на цэнтральных вуліцах. Шмат дзе замест ходнікаў разьбіты асфальт. У цэнтры шмат закінутых будынкаў.
«А ўсім усё адно, — абыякава камэнтуе жанчына на прыпынку, дзе абвесткі „Купим волосы“, „Займы «До получки»“, „Деньги в долг“. — Неяк людзі нават выходзілі на мітынг, каб прыцягнуць увагу да таго, што камунальная служба не працуе, не прыбірае сьмецьце. Некалькі дзён мітынгавалі, але ніхто не пачуў, так усё і засталося. Кажуць, грошай няма. Грошы тыя вылучаюцца, толькі асядаюць у некага ў кішэнях».
На пытаньне, чаму ў Навазыбкаве брудна, адзін тутэйшы адказаў: «А вы ў Бранску былі? Не? Вось там брудна! А ў нас яшчэ нармальна».
Мясцовы кірмаш таксама разьбіты, не рамантаваны. Тут ёсьць закуток зь беларускімі таварамі, якія маюць попыт. Малако, мясныя прадукты, цыгарэты — усё неабходнае прывозяць з Гомля і прадаюць таньней, чым у расейскіх сетках «Магніт» ці «Пяцёрачка». Ёсьць ў цэнтры гораду і крама толькі зь беларускімі прадуктамі. Ходнікі ля рынку захапіў стыхійны гандаль. Шкарпэткамі, шапкамі, ручнікамі гандлююць з раскладных драўляных сталоў.
«А нада яна нам, тая Расея?!»
На беларускім баку вяскоўцы таксама ня надта пераймаюцца пытаньнямі «паглыбленай інтэграцыі». Прынамсі, жыхары вёскі Чырвоны Партызан Добрускага раёну.
За вясковым полем — Расея.
«Мне абыякавая тая інтэграцыя. Абы не было вайны, і каб пэнсія была годная», — лічыць адна пэнсіянэрка. Вяскоўкі сабраліся ў краме, чакаюць пошту.
«А нада яна нам, тая Расея?! Мы безь яе жывём і надалей будзем жыць. Трэба заставацца сваёй краінай. У той Расеі столькі пазык. Нам і сваіх хопіць. Ды і з кім інтэгравацца? Я ў 90-х працавала вэтэрынарам, часта езьдзіла ў Бранскую вобласьць. Тады ў іх не было сьвятла, дарог. І цяпер мо ненашмат лепш. У нас ёсьць Лукашэнка, хай толькі пэнсію дабаўляе і ўсё», — патлумачыла сваю пазыцыю Ала Дзьмітраўна.
«Я чатырма рукамі, чатырма нагамі за абʼяднаньне з Расеяй!»
Пэнсіянэрка Вольга з Чырвонага Партызану прэзэнтуе сябе як «чыстакроўную беларуску». Яна з сынам сьпяшаецца на аўтобус, але надта ахвотна гаворыць пра «паглыбленую інтэграцыю».
«Я — за Расею, чатырма нагамі і чатырма рукамі — сваімі і сына. Бо мы цалкам залежым ад Расеі. Ну і што з таго, што маладыя людзі могуць ваяваць у Сырыі? І раней жа ваявалі — у Аўганістане. Я служу ў царкве, веру ў Бога і веру ў тое, што мы абавязаны быць з Расеяй разам, бо мы — браты і сёстры. Мы — Русь, Русь, Русь. І Ўкраіна — Русь, хоць яны і дзеляцца. Я хачу, каб былі расейскія грошы. Бо набываю ў Расеі лекі, і калі абменьваю грошы — то губляю частку, махляры нажываюцца», — сьцьвярджае Вольга.
Яна адмаўляецца фатаграфавацца. Пэнсіянэрку падтрымлівае жыхар вёскі Ўладзімер. Ён жа падбухторвае яшчэ адну вяскоўку выступіць за «паглыбленую інтэграцыю». Тая вагаецца, бо не разумее — «ці яно будзе лепш, ці горш». Мужчына падказвае ёй: «Брацтва будзе, разумееш — брацтва». Жанчына падтаквае і дадае: «Тое нам дасьць інтэграцыя, што будзем тады ўсе аднолькавыя», — лічыць яна.