Мастака Аляксея Кузьміча не асудзілі за аголеную акцыю, бо, паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, тэрмін прыцягненьня да адказнасьці складае два месяцы з моманту адмовы ў завядзеньні крымінальнай справы.
Такім чынам, асудзіць Аляксея маглі да 17 сьнежня, але пратакол так і не дайшоў да суду.
3 кастрычніка мастак Аляксей Кузьміч правёў акцыю «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры». Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».
«Учора быў апошні дзень магчымасьці прадʼявіць мне абвінавачаньні ў хуліганстве, — кажа Аляксей Кузьміч. — Па выніку зацікаўленасьці ў разглядзе справы судовымі органамі праяўлена не было. Такім чынам, цяпер я афіцыйна ня буду пакараны за «аголеную акцыю».
«Першапачаткова быў складзены пратакол, але ён быў складзены няправільна (кваліфікацыя правапарушэньня недакладна адпавядала КаАПу. — РС), — тлумачыць Сяргей Зікрацкі, адвакат Аляксея. — І гэты няправільны пратакол у суд прыйшоў. Суд вярнуў пратакол у РУУС. У РУУС пратакол выправілі і запрасілі Аляксея, каб ён зноўку азнаёміўся з дакумэнтам, і гэта было на мінулым тыдні. І Аляксей літаральна кожны дзень тэлефанаваў у суд і пытаў, ці паступіў пратакол у суд. Чаму РУУС не адправіў пратакол у суд ці адправіў позна, для нас застаецца таямніцай. Магчыма, гэта звычайная нядбайнасьць, а магчыма, мэтанакіраванае нежаданьне даводзіць справу да суду. Сапраўдныя матывы нам невядомыя, мы можам толькі здагадвацца».
Сяргей Зікрацкі паведаміў, што яны чакалі суду, каб прадставіць вынікі незалежнай мастацкай экспэртызы акцыі, а таксама зьвярнуць увагу на свабоду творчасьці і цэнзуру, у тым ліку са спасылкамі на іншыя прыклады «аголеных» акцый у мастацтве. Сам мастак Аляксей Кузьміч думае, што цяпер акцыя падышла да свайго лягічнага завяршэньня.