Наступную акцыю пратэсту заплянавалі на 20 сьнежня. Заяўкі на яе правядзеньне падаваць ня будуць.
11 сьнежня ў офісе сацыял-дэмакратаў сабраліся прадстаўнікі амаль усіх апазыцыйных партый і рухаў, а таксама беспартыйныя грамадзкія дзеячы. Сустрэча працягвалася больш за дзьве гадзіны. Абмяркоўвалі фармат будучай акцыі пратэсту і доўгатэрміновую стратэгію на 2020 год. Коратка пералічваем рашэньні, прынятыя на сходзе:
- Сабрацца яшчэ ў вузкім фармаце прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый 14 сьнежня і 18 сьнежня.
- Раз на месяц публікаваць 30 фактаў таго, чаму Беларусь лепшая за Расею, пачаць такім чынам кампанію «Беларусь лепшая».
- Дазволіць людзям прыходзіць з чырвона-зялёнымі сьцягамі і не перашкаджаць прысутнасьці дзяржаўнай сымболікі.
- Правесьці Кангрэс у абарону незалежнасьці ў 2020 годзе.
- Дамагчыся прыёму ў прэмʼер-міністра Сяргея Румаса і іншых VIP-чыноўнікаў.
- Правесьці акцыі за незалежнасьць у рэгіёнах і далучыцца да іх.
- Запрасіць на акцыі за незалежнасьць БРСМ, «Белую Русь» ды іншыя прадзяржаўныя структуры.
Некаторыя прапановы выклікалі вострае абмеркаваньне і так і не былі ў выніку прынятыя. Гэта найперш пытаньне аб згадках прозьвішча кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, а таксама выкарыстаньня плякатаў з абразьлівым для расейцаў зьместам.
«Трэба вызначыцца, як мы ўспрымаем Лукашэнку, — сказаў старшыня АГП Мікалай Казлоў. — Як гаранта незалежнасьці альбо як пагрозу ёй». Рашэньня ў гэтым пытаньні так і не было прынята. Каб залагодзіць магчымы нэгатыўны эфэкт ад ня самых прыемных для расейцаў плякатаў і лёзунгаў, прагучала прапанова зьвярнуцца да расейскіх грамадзкіх арганізацый з прапановай падтрымаць беларускія антыінтэграцыйныя акцыі.
Што датычыць акцыі 20 сьнежня, то яе фармат канчаткова вызначаць у суботу 14 сьнежня. Удзельнікі сустрэчы адмовіліся пераносіць яе з Кастрычніцкай плошчы ў іншае месца. Вырашылі распрацаваць плян Б на выпадак разгону ўдзельнікаў і затрыманьня апазыцыйных лідэраў, а таксама падумаць над іншымі фарматамі.
Бліжэй да завяршэньня сустрэчы ў залі ўсчаўся сапраўдны крык і спрэчкі. Прапановы актывістаў «Моладзевага блёку» збольшага сутыкаліся з неразуменьнем з боку лідэраў партый. Сярод іх ідэяў былі прапановы правесьці акцыю не на Кастрычніцкай, паўтарыць ланцуг у абарону незалежнасьці, які адбыўся ў суботу, а таксама адмовіцца ад супольнай малітвы.
«Вячаслаў Сіўчык 30 гадоў арганізоўвае акцыі пратэсту, — сказаў Павал Севярынец моладзевай актывістцы Вераніцы Яновіч, якая паспрабавала заклікаць усіх удзельнікаў да адзінства. — Вам, напэўна, нават гадоў столькі няма».
Суцішаў усіх адзін з лідараў БНФ Аляксей Янукевіч. Для гэтага яму прыйшлося ўстаць зь месца і павышаць голас. Ён прапанаваў вызначыць дапушчальныя межы, толькі пасьля якіх зьмест плякатаў можа быць расцэнены як правакацыйны.
Пасьля такіх словаў у залі зноў узьняўся крык. Прысутны блогер Сяргей Ціханоўскі эмацыйна заявіў, што калі такія плякаты будуць на плошчы, то ён асьвятляць пратэст не зьбіраецца. Ня вытрымала нават былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і кіраўніца ТБМ Алена Анісім.
«Спадарства, ці ёсьць увогуле сэнс праводзіць акцыю 20 сьнежня, — ледзьве не закрычала яна. — Мы тут дзьве гадзіны размаўляем і ня можам дамовіцца!»
Акрамя акцыі 20 сьнежня было вырашана абмеркаваць наступныя акцыі пратэсту і іхны фармат ды месца правядзеньня. Плянуецца, што яны могуць пачацца ўжо на наступны дзень, у суботу 21 сьнежня.