Дзяржкарпарацыя «Расатам» пры падтрымцы Міністэрства энэргетыкі і Інфармацыйнага цэнтру па атамнай энэргіі правяла ў Менску дзіцячае сьвята Atom Day. Усім удзельнікам падаравалі кнігу «Хачу стаць атамшчыкам» і запрасілі ў будучым працаваць на Беларускую АЭС, што будуецца ў Астраўцы.
«Атамныя тэхналёгіі Расеі», дэманстрацыйны, а не мэдычны радыёмэтар, уранавая пігулка
У фае Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энэргіі (створанага ў 2014 годзе «Расатамам» разам з Міністэрствам адукацыі Беларусі) — выстава «Атамныя тэхналёгіі Расеі», дзе выявы атамных ледаколаў, фота расейскіх атамных станцый. Дзецям прапануюць самім зрабіць навагоднюю цацку зь лямпачкі, паўдзельнічаць у віктарыне «Я ўсё ведаю», сабраць «атамныя пазлы» і малекулы, пагуляць у інтэлектуальныя настольныя гульні, даслаць родным ліст з будучыні.
«Каб пазнаёміцца з атамнымі тэхналёгіямі, зусім неабавязкова ехаць у Астравец» — кажа прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Жанна Зянкевіч.
Праўда, абяцанай у праграме «зарадкі рэактара» не было: паказалі толькі макет «сэрца атамнай станцыі», а таксама ўсім падаравалі па сувэнірнай «уранавай пігулцы».
Што да ўнівэрсальнага радыёмэтра, якім, здавалася б, можна памераць узровень радыёактыўных рэчываў у арганізьме — аказалася, што ён не мэдычны, а дэманстрацыйны, дзе можна параўнаць узровень радыёактыўнасьці з бананам, гранітам, рыбай.
Паказалі і 40-хвілінны фільм «Гарызонты атама» зь перапынкамі на інтэрактыўныя кампутарныя гульні. Адчувалася, што некаторыя пытаньні для 6 — 10 гадовых дзетак былі складанымі: да прыкладу, якія атамы выкарыстоўваюцца пры МРТ ці КТ (магнітна-рэзананснай тамаграфіі ці кампутарнай тамаграфіі) Дапамаглі бацькі, якія таксама зь дзіцячым захапленьнем гулялі ў стралялку «вылечы рак».
А вось «скрыжоўвалі кветкі», ажыцьцяўлялі бескантактны дагляд грузаў і багажу, «шукалі забароненыя рэчы» ў аэрапорце дзеці з радасьцю.
Усім удзельнікам сьвята падаравалі кнігі «Хачу стаць атамшчыкам» і запрасілі ў будучым працаваць на Беларускую АЭС.
«Чарнобыль — найярчэйшы прыклад беспрэцэдэнтных па маштабу спэкуляцый зь лічбамі і фактамі» — цытата з брашуры для дзяцей
Наагул, на сьвяце дзецям прапанавалі шмат адмысловай ілюстраванай літаратуры. Ёсьць жартаўлівы «Экзамен па атамнай энэргетыцы» з 30-ю білетамі вядомага расейскага дзіцячага пісьменьніка Рыгора Остэра (які напісаў «Шкодныя парады», казкі «Кацяня па імені Гаў», «38 папугаеў», «Бабуля ўдава», «Прыгоды Піфа»).
Ёсьць брашура «Радыяцыя: кажуць, што...», дзе, як тлумачыцца ў прадмове, «у сьціслай форме аўтары пастараліся абвергнуць самыя расхожыя чуткі пра ўзьдзеяньне радыяцыі на арганізм і пра небясьпеку атамных электрастанцый».
У разьдзеле пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС аўтары А. Акатаў і Ю. Каракоўскі ў першым жа абзацы зьвяртаюць увагу, што наўмысна выкарыстоўваюць слова «аварыя», а не «катастрофа», і прапануюць паглядзець «на вынікі працы навуковых груп, якія займаліся дасьледаваньнямі наступстваў Чарнобыля». Прыведзеныя і аргумэнты:
- непасрэдна пры аварыі загінуў 31 чалавек (зь іх трое з прычын, не зьвязаных з радыяцыяй; ад прычын, зьвязаных з аварыйным апраменьваньнем, пазьней памёр яшчэ 31 чалавек;
- толькі нешматлікія жыхары ў так званай зоне строгага кантролю атрымалі дозу вышэй за 170 мілізывэртаў;
- агульная колькасьць ахвяраў аварыі можа скласьці 4 тысячы чалавек, большасьць зь якіх памруць ад ініцыяваных радыяцыяй ракавых захворваньняў.
І выснова: «Чарнобыль — найярчэйшы прыклад беспрэцэдэнтных па маштабу спэкуляцый зь лічбамі і фактамі. Дадзеныя пра дзясяткі тысяч загінулых, сотні тысяч страціўшых здароўе з-за радыяцыі, браліся з „паветра“ і не былі пацьверджаныя адмыслоўцамі-мэдыкамі».
Ды што Чарнобыль, як пішуць у брашуры, ў параўнаньні з «найбуйнейшай у гісторыі тэхнагеннай аварыі ў індыйскім Бхапале ў 1984 годзе, дзе загінула па меншай меры 18 тысяч чалавек, хранічныя захворваньні атрымалі ня менш за 50 тысяч» — пішуць аўтары брашуры.
І надзвычай аптымістычны апошні абзац пра Чарнобыль: «Сёньня ўжо ёсьць упэўненасьць ў бясьпецы нашых атамных станцый — гэты факт прызнаны міжнароднай супольнасьцю».