Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты ня здох яшчэ, шчанюк?» Жыхар Рагачова, які адседзеў за зьбіцьцё хлопчыка, зноў накінуўся на яго


Дзьмітры ў рагачоўскім судзе, 12 сьнежня 2019 году
Дзьмітры ў рагачоўскім судзе, 12 сьнежня 2019 году

Суд у Рагачове разгледзеў пратакол, складзены на 42-гадовага Дзьмітрыя, які абразіў 13-гадовага Данілу. Суд за выраз «Ты яшчэ ня здох, шчанюк?» у бок малалетняга пакараў мужчыну штрафам у памеры 5 базавых велічынь (127 рублёў).

Дзьмітры 29 кастрычніка вярнуўся пасьля адбыцьця пакараньня на «хіміі» за зьбіцьцё Данілы на спартовай пляцоўцы. Летась на гэтай пляцоўцы ў Рагачове ўзьнік канфлікт. Дзеці гулялі ў футбол. Умяшаліся дарослыя. Быўшы нападпітку, Дзьмітры накінуўся на 12-гадовага Данілу і зьбіў яго. Да гэтага ён пагражаў Данілу гвалтам, лаяўся. Экспэрты налічылі «ня менш за восем месцаў прыкладаньня траўмавальнай сілы».

У лютым суд пакараў Дзьмітрыя «хіміяй» на паўтара года за хуліганства. Ён трапіў пад амністыю і 29 кастрычніка вызваліўся. Бацькі Данілы ня ведалі пра гэта.

Даніла з маці Натальляй на судзе
Даніла з маці Натальляй на судзе

«1 лістапада сын пайшоў у краму па прадукты і вярнуўся сам ня свой. Кажа: „Мама, у мяне непрыемнасьці“. Ён расказаў, што са сьпіны да яго падышоў Шаўчэнка і сказаў: „Ты яшчэ ня здох, шчанюк?“ Кажу, што ня можа такога быць, ён жа на „хіміі“. Але патэлефанавала ў міліцыю, пасьля на „хімію“ і даведалася, што ён вызваліўся па амністыі», — расказала Натальля, маці Данілы.

Міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за абразу.

42-гадовы Дзьмітрый у судзе адмаўляў сваю віну. Ён казаў, што сапраўды быў у краме 1 лістапада — набываў моркву і цыбулю. Да малалетняга не падыходзіў, нічога яму не казаў і нават не пазнаў Данілу. Разам з тым 28 лістапада ён даваў паказаньні міліцыі, што пазнаў Данілу, але нічога не казаў яму.

У судзе прагледзелі відэа з камэры назіраньня ў краме. На запісе відаць, як паўз Данілу праходзіць Дзьмітры, глядзіць на школьніка і нешта кажа ў гэты момант. «Вусны ў вас варушацца», — заўважыла судзьдзя. «Міміку ніхто не адмяняў», — адрэагаваў жыхар Рагачова.

Маці Данілы Натальля
Маці Данілы Натальля

Пасьля паседжаньня ў камэнтары журналістам Дзьмітры тлумачыў, што нешта мармытаў сабе пад нос — магчыма, нагадваў сабе, што «моркву купіў, цыбулю купіў». «Калі ідзеш у краму, то, каб не забыцца пра пакупкі, гаворыш сам з сабой», — дадаў Дзьмітры.

Дапыталі ў судзе і школьніка.

— Гэтая фраза прыніжала тваю годнасьць і гонар?
— Так.
— Яна прагучала ў прыніжальнай форме?
— Але.
— Ці можаш свае пачуцьці перадаць?
— Страх.

Маці школьніка прадстаўляла ягоныя інтарэсы ў судзе. Яна нагадала, што Дзьмітры 29 кастрычніка вызваліўся, але не раскаяўся, бо ўжо 1 лістапада пагражаў жыцьцю яе сына. «Калі яго судзілі за зьбіцьцё Данілы, выступалі сьведкамі 15 чалавек, у асноўным дзеці. Ён казаў на судзе, што ўсе яны хлусяць, не прызнаваў сваёй віны», — зазначыла Натальля.

«Людзі пачалі проста займацца зарабляньнем грошай. Я ня веру ніводнаму слову, якое кажа іх сын. Я напісаў хадайніцтва, каб псыхоляг правёў зь ім апытаньне і вызначыў, хлусіць хлопец ці не. Вось бацькі просяць, каб іх сына ахавалі ад мяне. Дык прабачце — мы не ў Амэрыцы жывём, а ў адным двары», — выказаўся Дзьмітры.

Рагачоўскі суд
Рагачоўскі суд

Суд прыйшоў да высновы, што падстаў не давяраць паказаньням малалетняга няма, бо Даніла ў дзень інцыдэнту адразу расказаў усё маці, яны зьвярнуліся ў міліцыю, запатрабавалі запіс з камэры назіраньня ў краме. На запісе відаць, што Дзьмітры паварочваў галаву ў бок Данілы. Суд прызнаў, што фраза «Ты яшчэ ня здох, шчанюк» «мела месца».

«Ня ведаю, ці задаволеныя мы рашэньнем суду, маглі б і больш даць штрафу. Але што рабіць далей? Мы баімся за сына, за тое, як яму на вуліцу хадзіць. Ня будзеш жа яго дома трымаць! А той вып’е — і хто ведае, што яму прыйдзе ў галаву», — разважае маці Данілы.

Але раптам на ганак суду выходзіць Дзьмітры і кідае ў бок журналістаў і бацькоў Данілы: «Гэта не канец! Гэта толькі пачатак!». «Толькі паспрабуй яшчэ раз падыдзі да нашага сына», — рэагуе Натальля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG