Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японскія мэдыкі: нават невялікія дозы алькаголю могуць выклікаць рак


Больш правільна падсумаваць вынікі новага дасьледаваньня японскіх навукоўцаў будзе наступным чынам: пры спажываньні алькаголю павялічваецца рызыка разьвіцьця раку, што не абавязкова прыводзіць да самога захворваньня. Пра гэта піша The New York Times.

Што вывучалі

Японскія навукоўцы вызначылі ўзровень спажываньня алькаголю 63 232 хворымі на рак пацыентамі і параўналі яго з аналягічнымі звычкамі такой жа колькасьці здаровых людзей.

Усе ўдзельнікі дасьледаваньня паведамілі навукоўцам, колькі яны ў сярэднім спажываюць алькаголю штодзень, а таксама расказалі пра працягласьць ужываньня алькаголю.

Былі таксама прааналізаваныя актыўнасьць курэньня, узровень ціску або наяўнасьць гіпэртаніі, дыябэту, атлусьценьня і іншых характарыстык.

Падвядзеньне вынікаў

Была зроблена выснова, што ўжываньне прыблізна 180 грамаў віна, паўлітра піва або 60 грам віскі кожны дзень на працягу 10 гадоў павялічвае рызыку разьвіцьця раку на 5 працэнтаў.

Калі ж гэтая доза вырасьце ў два разы, а час ужываньня павялічыцца да 40 гадоў, то рызыка разьвіцьця раку павялічыцца на 54 працэнты.

Гэта ў параўнаньні з тымі, хто зусім не ўжывае алькаголь.

Сувязь ужываньня алькаголю з анкалягічнымі хваробамі асабліва праглядаецца ў выпадках раку поласьці рота, горла, страўніка і тоўстай кішкі.

Сумненьні

Вынікі апублікаванага ў часопісе Cancer японскага дасьледаваньня маюць шэраг абмежаваньняў. Па-першае, дадзеныя пра ўжываньне алькаголю былі сабраныя паводле ацэнкі саміх людзей, якая можа быць недакладнай, па-другое, навукоўцы не змаглі сабраць дакладныя сямейныя гісторыі раку, харчаваньня і фізычнай актыўнасьці.

Апрача таго, японцы маюць большую распаўсюджанасьць генэтычных варыяцый, якія запавольваюць засваеньне алькаголю. Таму вынікі дасьледаваньня нельга праецыраваць на іншыя групы і расы насельніцтва плянэты.

Камэнтар аўтара дасьледаваньня

The New York Times цытуе аднаго з аўтараў дасьледаваньня, доктара Масаёшы Дзайцу з Такійскага ўнівэрсытэту, які сказаў, што адна невялікая порцыя алькаголю ў дзень, верагодна, ня створыць вялікай праблемы, але піць вельмі шмат на працягу доўгага часу можа быць небясьпечна.

Піць прыемна, але трэба думаць пра рызыку, дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG