Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінавачваецца ў злоўжываньні ўладай і перашкодзе працы Кангрэсу.
Раніцай у аўторак кангрэсмэны-дэмакраты, улучна зь сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, кіраўніком Юрыдычнага камітэту Палаты прадстаўнікоў Джэралдам Надлерам і кіраўніком Камітэтў у справах выведкі Адамам Шыфам, правялі прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную далейшым крокам у расьсьледаваньні справы аб імпічмэнце прэзыдэнта Трампа.
Заканадаўцы выставілі супраць прэзыдэнта абвінавачаньні па двух артыкулах — злоўжываньне ўладай і перашкода дзейнасьці Кангрэсу.
Джэралд Надлер заявіў, што дзеяньні прэзыдэнта нанесьлі шкоду нацыянальнай бясьпецы і паставілі пад пагрозу сумленнасьць будучых прэзыдэнцкіх выбараў.
Надлер дадаў, што, у адрозьненьне ад прэзыдэнта Трампа, заканадаўцы ў першую чаргу занепакоеныя няўхільным выкананьнем Канстытуцыі.
Выступаючы наступным, Адам Шыф падкрэсьліў, што той, хто парушыў Канстытуцыю, здраджвае даверу грамадзтва.
Паводле Шыфа, сведчаньні злоўжываньняў, учыненых прэзыдэнтам, шматлікія і бясспрэчныя.
Заканадавец адзначыў неабходнасьць дзейнічаць неадкладна, каб не дапусьціць замежнага ўмяшаньня ў выбары-2020.
Раней паведамлялася, што пазьней асобную прэс-канфэрэнцыю правядзе сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі.
Раней Пэлосі заявіла, што Трамп спрабаваў «карумпаваць будучыя выбары» і працягвае ўяўляць «пагрозу для амэрыканскай дэмакратыі і нацыянальнай бясьпекі».
У сваім Твітэры Пэлосі напісала, што Палата прадстаўнікоў ужывае далейшыя захады для «абароны» дэмакратыі.
Адказваючы на пытаньне аб тым, ці набярэцца дастаткова галасоў, каб прадставіць прэзыдэнта да імпічмэнту, Пэлосі сказала, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў павінны галасаваць, прыслухаўшыся да свайго сумленьня.
«У такіх пытаньнях мы ня лічым галасы. Людзі проста дадуць ведаць, што думаюць з гэтай нагоды, — сказала яна. — Я не лічыла галасы і ня буду гэтага рабіць».
Кіраўнік Камітэту міжнародных дачыненьняў Палаты прадстаўнікоў Эліёт Энгель адзначыў: «Шмат хто з нас лічыць, што сытуацыя з Украінай — ня тое, на што можна проста заплюшчыць вочы».
Тым часам Трамп настойвае, што ён не зрабіў нічога заганнага і што абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту, які дамогся такіх дасягненьняў, як ён, было б «поўным палітычным вар’яцтвам».