Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёвец даслаў 150 запытаў дэпутатам і чыноўнікам пра пагрозы незалежнасьці. Што яму адказалі?


Валадар Цурпанаў, архіўнае фота
Валадар Цурпанаў, архіўнае фота

Цягам двух месяцаў магілёўскі актывіст кампаніі «Сьвежы вецер» Валадар Цурпанаў высьвятляў у дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама абласнога савету, кіраўніцтва абласной і гарадзкой вэртыкалі стаўленьне да пагрозаў страты незалежнасьці ў сьвятле «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй. Што ён даведаўся?

Актывіст разаслаў больш за 150 зваротаў. Ад адрасатаў ён чакаў адказаў на два пытаньні:

  • Ці гатовыя яны прызнаць недзеяздольнымі інстытуты выканаўчай улады і абвясьціць працэдуру банкруцтва ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта?
  • Ці гатовыя яны разгледзець пляны антыкрызіснага кіраваньня гаспадаркай і эканомікай для папярэджаньня паглынаньня нашай дзяржавы іншай дзяржавай і ўвядзеньня зьнешняга кіраваньня?

На што спадзяваўся актывіст?

Свае лісты Цурпанаў пачаў рассылаць пасьля публікацыі звароту філёзафа Ўладзімера Мацкевіча да дэпутатаў. Сярод іншага Мацкевіч запытаўся ў іх, ці згодныя яны «з рэйдэрскім захопам краіны».

За аснову для сваіх лістоў Цурпанаў узяў зварот Мацкевіча. Актывіст прызнаецца: чаканьняў, што ягоныя адрасаты заявяць пра гатоўнасьць бараніць незалежнасьць краіны любымі сродкамі, у яго не было, бо ён разумее, як «гэтыя людзі трапілі на свае цяперашнія герархічныя прыступкі».

«Я паспрабаваў даць кожнаму зь іх магчымасьць выказацца як чалавеку і грамадзяніну па пытаньні існаваньня незалежнай Беларусі, а таксама — як яны разумеюць „паглыбленую інтэграцыю“ зь іншай дзяржавай».

Што адпісалі актывісту дэпутаты і чыноўнікі

Валадар Цурпанаў кажа, што атрымаў адказы толькі на траціну са 150 зваротаў. Паводле яго, лісты з аблсавету былі шаблённыя: «падставаў адхіляць ад кіраваньня выканаўчую ўладу і ўводзіць антыкрызіснае кіраваньне эканомікай і гаспадаркай няма...».

Адказ Леаніда Цупрыка
Адказ Леаніда Цупрыка

За Палату прадстаўнікоў адпісаўся старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Леанід Цупрык. Ён палічыў, што ліст Цурпанава «не зьяўляецца зваротам, паколькі ня ўтрымлівае заяваў, прапановаў ці скаргаў, таму ня варты разгляду».

Некаторыя з адрасатаў наважыліся адказаць самастойна.

Адказ Цурпанаву ад экс-дэпутата Пятра Салаўёва
Адказ Цурпанаву ад экс-дэпутата Пятра Салаўёва

Пятро Салаўёў з Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што за спробы гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасьць, і выказаў спадзеў, што грамадзянская пазыцыя актывіста «паспрыяе ўмацаваньню канстытуцыйнага ладу Беларусі». У сьпісах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 7 скліканьня Салаўёва няма.

Анатоль Глаз з аблсавету параіў актывісту адрасаваць пытаньні «краінам Эўразьвязу», якія «прадалі сваю незалежнасьць». «Здраду бачу толькі ў Вашай неўтаймаванай фантазіі», — напісаў ён.

Анатоль Глаз тры разы перапісваў адказ Цурпанаву
Анатоль Глаз тры разы перапісваў адказ Цурпанаву

Калега Глаза па аблсавеце Ігар Касько адзначыў: «Умацаваньне саюзьніцкіх адносін з Расеяй выконваецца пасьлядоўна і сыстэмна, што ёсьць характэрнай асаблівасьцю беларускай зьнешняй палітыкі».

Аляксандар Маісееў з аблсавету спачатку адпісаў, што пастаўленыя пытаньні не ўваходзяць у абсяг кампэтэнцый дэпутата. Потым даслаў адказ, што пагрозаў незалежнасьці няма.

Актывіст: «Дэпутаты разумеюць, што яны прызначэнцы, але гэтым ганарацца»

Як цьвердзіць Валадар Цурпанаў, адказы адрасатаў сьведчаць: яны ганарацца, што сталі прызначэнцамі ўлады і маюць фармальна статусную функцыю, і праяўляць самастойнасьць не наважацца.

«Яны пагаджаюцца з дэкаратыўнасьцю сваёй ролі, — лічыць ён.

На ягоную думку, Палата прадстаўнікоў можа зьмяніцца, калі на «плошчу» выйдуць сотні тысяч пратэстоўцаў.

«Пры гэтым у асяродку дэпутатаў знойдуцца тыя хто вымушаны быў да часу прыхоўваць сваю апазыцыйнасьць і здатны стаць ядром кансалідацыі дэпутатаў у крызісны для краіны момант», — лічыць Цурпанаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG