Прамаўляючы перад дэпутатамі шостага і сёмага скліканьняў Палаты прадстаўнікоў 5 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «не папросіць у Расеі ніякіх крэдытаў», пісала БелТА.
«Ужо загаварылі пра апошні транш Эўразійскага банку, — казаў Лукашэнка. — Я міністру фінансаў пэрсанальна забараніў браць гэтыя грошы. Як-небудзь выкруцімся — і выкручваемся».
Ён казаў гэта ў кантэксьце праблемаў і інтэграцыі з Расеяй, нявырашаных пытаньняў з кампэнсацыяй за брудную нафту, цэнамі на газ і канкурэнцыяй на расейскім рынку.
Крэдытную праграму, ад якой засталіся недаатрыманымі 200 млн даляраў, Беларусь заключыла ў 2016 годзе — агулам на 2 млрд даляраў. Грошы бралі ў Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, галоўным донарам якога выступае Расея.
За 2016–2018 гады Беларусь атрымала шэсьць зь сямі траншаў, агулам на 1,8 млрд даляраў. Перамовы пра сёмы транш вяліся ў першай палове 2019-га. У канцы кастрычніка мінулі тэрміны даступнасьці траншу — юрыдычна стала немагчыма яго атрымаць.
Прычыны затрымкі не абвяшчаліся. Але нават шосты транш крэдыту Эўразійскага банку чакалі амаль год.
У той жа час Беларусь адмовілася ад «палітычнага» крэдыту Масквы яшчэ на 600 млн даляраў на рэфінансаваньне ранейшых пазыкаў у 2020 годзе. Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што Расея ўвязвае выдзяленьне Беларусі крэдыту на 630 мільёнаў даляраў менавіта з інтэграцыйнымі працэсамі. Ермаловіч тады адзначаў, што альтэрнатывай расейскаму крэдыту, перамовы аб якім зацягнуліся, можа быць кітайскі.
Беларусь разьлічвае атрымаць ад Банку разьвіцьця Кітаю крэдыт на 3,5 млрд юаняў (каля 500 млн даляраў). Ермаловіч казаў, што спадзяецца, што да канца году ня толькі завершыцца перамоўны працэс, але і будзе атрыманы сам крэдыт. Да таго Беларусь разглядала магчымасьць разьмясьціць у Кітаі аблігацыі, якія называюць «панда-бондамі», але перадумала на карысьць крэдыту. У той жа час Беларусь разьмясьціла ў Расеі аблігацыі амаль на 500 млн даляраў.
На момант публікацыі вядома, што зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць Беларусі складала 1 лістапада 16,561 млрд даляраў або 26,7% валавога ўнутранага прадукту (Мінфін чакае, што адсотак ад ВУП будзе толькі расьці). Са студзеня па кастрычнік Беларусь выплаціла па даўгах 1,3 млрд даляраў.
Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі дасягнулі тым часам амаль 9,2 млрд даляраў, хоць улады плянавалі толькі 7,1 млрд. На выплаты па зьнешняй запазычанасьці ў 2020 годзе мае пайсьці 3,5 млрд даляраў.
Агулам Беларусь вінаватая Расеі 7,6 мільярда даляраў, што робіць яе найбольшым даўжніком гэтай краіны.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»