Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыю Лукашэнкі ўзначаліў генэрал-маёр КДБ

абноўлена

Новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, генэрал-маёр КДБ Ігар Сергеенка
Новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, генэрал-маёр КДБ Ігар Сергеенка

Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта былога намесьніка старшыні КДБ генэрал-маёра Ігара Сергеенку, піша БелТА.​

Намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прызначылі выкладчыцу і прарэктарку па навучальнай працы БДУ, доктара юрыдычных навук Вольгу Чупрыс.

Куды пойдуць былыя кіраўнікі адміністрацыі?

Кіраўніцу адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву накіравалі ў Савет Рэспублікі «па прэзыдэнцкай квоце». Яе намесьніка Валера Міцкевіча ў лістападзе абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Хто новы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі

Біяграфіі новага кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта няма на афіцыйных інтэрнэт-сайтах. Паводле Інтэрфаксу, Ігар Сергеенка нарадзіўся 14 студзеня 1963 году ў вёсцы Сталіца Шаркоўшчынскага раёну Віцебскай вобласьці. У 1984 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 2006-м — Акадэмію кіраваньня. Служыў у органах дзяржаўнай бясьпекі ад 1988 году. Жанаты, мае двух дзяцей.

Ад студзеня 2010 году ўзначальваў упраўленьне КДБ па Магілёўскай вобласьці, ад красавіка 2013-га — першы намесьнік старшыні КДБ. Уваходзіў у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу як «адказны за рэпрэсіўную працу КДБ супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі на Магілёўшчыне».

Паводле «Нашай Нівы», Сергеенка «атрымаў вядомасьць ня працай у Магілёве, а ў Горадні». У 2008 годзе «пад ягоным кантролем», сьцьвярджае выданьне, праходзіў працэс прызнаньня экстрэмісцкімі кніг «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца, «Выпадковы прэзыдэнт» Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета, а таксама газэты польскай меншасьці «Głos znad Niemna».

Што яму сказаў Лукашэнка

Лукашэнка заявіў, што «доўга вагаўся, перабіраўшы розныя прапановы» на пасаду, якую заняў Сергеенка. Ён дадаў, што размаўляў са старшынём КДБ і «папярэджваў яго, што яму прыйдзецца з кіраўніком адміністрацыі супрацоўнічаць цесна».

«Шмат было абмеркаваньняў, размоваў, — тлумачыў Лукашэнка прызначэньне Сергеенкі. — Што мяне схіліла больш за ўсё — вашая праца ў Камітэце дзяржбясьпекі была зьвязаная з праблемамі, якімі прыярытэтна займаецца адміністрацыя. Гэта кадры, іх чысьціня, палітычныя, сацыяльна-палітычныя пытаньні. Вы вельмі добра гэтым валодаеце».

Былая кіраўніца адміністрацыі Качанава, заявіў Лукашэнка, «ад гэтай працы не сыходзіць», «мусіць быць побач, падказваць», бо праца на такой пасадзе — «гэта гарачая патэльня».

«Трэба нам папрацаваць так усім, каб новае пакаленьне прыйшло і змагло працягнуць працу, якую мы пачалі, змагло захаваць краіну, — дадаў Лукашэнка. — Цяпер трэба зьберагчы краіну».

Чым запомнілася былая кіраўніца адміністрацыі

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык і Натальля Качанава, архіўнае фота
Старшыня КДБ Валеры Вакульчык і Натальля Качанава, архіўнае фота

Натальля Качанава нарадзілася ў 1960 годзе ў Полацку. Адвучылася на будаўнічым факультэце Наваполацкага політэхнічнага ўнівэрсытэту, працавала апэратаркай пульту кіраваньня і інжынэркай тэхнікі бясьпекі на полацкім «Водаканале», затым вядучай інжынэркай у полацкім упраўленьні ЖКГ, з 2002 па 2007 год — на розных пасадах у Полацкім гарвыканкаме. Пасьля 7 гадоў была «мэрам» Наваполацку, а са сьнежня 2014 году працавала намесьніцай прэм’ер-міністра па сацыяльных пытаньнях. Кіраваць адміністрацыяй Лукашэнкі пачала са сьнежня 2016-га.

Яшчэ ў лютым 2016 году Качанава казала пра заробак у 60 даляраў на месяц як пра прымальны для маладога трэнэра, праз два месяцы — што сярэднія заробкі настаўнікаў у 280 даляраў — гэта «нядрэнны ўзровень», а калі «настаўнік працуе і мае адпаведную катэгорыю, яшчэ хоча займацца гуртковай працай», то можа атрымліваць і «па пяцьсот».

Качанава ня раз ішла на сустрэчы зь беларусамі па вострых пытаньнях: размаўляла з «Маці-328», выбачалася перад цыганамі пасьля аблаваў і перад Pussy Riot пасьля забароны на ўезд, тлумачыла «дармаедзкі дэкрэт» і «працаўладкоўвала» ў калгас эканаміста Раманчука.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG