Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў: “Гэта генацыд беларускай нацыі”


Сёньня спаўняецца 10 гадоў падпісаньню дамовы аб так званай “саюзнай дзяржаве”. У архіве Свабоды захавалася ацэнка той падзеі Васілём Быкавым.

8 сьнежня 1999 года Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэньні г.зв. “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі. У той жа дзень стала вядома аб прысуджэньні Васілю Быкаву прэміі “Трыюмф”, у журы якой ўваходзілі прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі. Мы патэлефанавалі Васілю Уладзімеравічу ў Хэльсынкі. Размова зайшла і пра падпісанае ў Маскве пагадненьне.

Навумчык: Васіль Уладзімеравіч, Вы ў курсе, што сёньня адбылося падпісаньне саюзнай дамовы?

Быкаў: Так, у курсе. Я ўжо шмат разоў гаварыў пра маю пазыцыю на гэты конт. Канешне, гэта ня толькі сумная справа, гэта, ўвогуле – злачынства стагодзьдзя. У адносінах да беларускай нацыі – гэта, безумоўна, генацыд, гэта – канец яе гісторыі. Інакш да гэтага аднесьціся нельга.

Беларусаў і так гісторыя крыўдзіла на працягу многіх стагодзьдзяў. Прынамсі з XVIII стагодзьдзя як страціла, так сказаць, усякую незалежнасьць нашая дзяржава, так яна гэтую дзяржаўнасьць толькі пад канец XX стагодзьдзя набыла, выпадкам. І гэты шанец не ўдаецца выкарыстаць.

Я думаю што цяпер, калі многія і заходнія розумы, і нашыя таксама, знаходзяцца ў нейкай прастрацыі з прычыны гэтага аб’яднаньня, аншлюса, дык праз нейкі час прыйдзе ацьверазеньне, і ўсё гэта будзе ацэнена вельмі выразна. Гэтая выразнасьць заключаецца ў тым, што канчаецца, прынамсі, калі не сілком, дык іншым спосабам, канчаецца беларуская гісторыя. Беларусы не змаглі ў XX стагодзьдзі скарыстаць свой гістарычны шанец. З прычыны пэўных нагодаў, канешне. Што тут зробіш.

Канешне, трэба было б недзе набрацца аптымізму. Пра гэта цяпер мы ўсе думаем і гаворым, але ўся справа ў тым, дзе яго ўзяць, адкуль ён можа зьявіцца, гэты аптымізм? Гістарычны аптымізм – ён, можна сказаць, існуе. Але паколькі кожная асоба разважае ў межах свайго псыхалягізму, уласнага, дык тут якраз гэты аптымізм не праглядаецца нідзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG