Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Чэрчыля да Трампа: Як мянялася NATO за 70 гадоў


Вучэньні NATO ў Латвіі, жнівень 2018
Вучэньні NATO ў Латвіі, жнівень 2018

3–4 сьнежня ў Брытаніі каля Лёндану праходзіць адмысловы саміт NATO. Сёлета альянсу споўнілася 70 гадоў.

З гэтай нагоды Свабода прыгадвае асноўныя вехі ў гісторыі альянсу, а таксама буйныя вайсковыя апэрацыі і канфлікты, у якіх бралі ўдзел сілы краін-удзельніц дамовы аб стварэньні NATO.

Асноўнай нормай дамовы NATO зьяўляецца яе Пяты артыкул, згодна зь якім узброены напад на аднаго або некалькіх удзельнікаў альянсу разглядаецца як атака на ўсіх саюзьнікаў. Гэтая норма выкарыстоўвалася ў гісторыі альянсу толькі адзін раз — пасьля тэрарыстычных атакаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне 11 верасьня 2001 году.

5 сакавіка 1949

ФУЛТАНСКАЯ ПРАМОВА ЎІНСТАНА ЧЭРЧЫЛЯ

Былы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль выступае са знакамітай прамовай «Sinews of Peace» (сродкі для падтрыманьня міру, літаральна: «Сухажыльлі міру») у Фултане (ЗША), якая адзначыла пачатак халоднай вайны і зьяўленьне «жалезнай заслоны» ад Шцэціну над Балтыкай да Трыесту над Адрыятыкай.

4 красавіка 1949

ПАДПІСАНЬНЕ ДАМОВЫ NATO

Прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн падпісвае дакумэнт, пасьля якога дамова аб стварэньні NATO ўступіла ў сілу, Вашынгтон, 24 жніўня 1949
Прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн падпісвае дакумэнт, пасьля якога дамова аб стварэньні NATO ўступіла ў сілу, Вашынгтон, 24 жніўня 1949

Прадстаўнікі Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ісьляндыі, Італіі, Канады, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Партугаліі, ЗША і Францыі падпісалі Паўночнаатлянтычную дамова аб калектыўнай бясьпецы. 24 жніўня пагадненьне ўступіла ў сілу пасьля ратыфікацыі ўсімі ўдзельнікамі.

1950

ВАЙНА Ў КАРЭІ

Першы ваенны канфлікт з удзелам саюзьнікаў NATO. Лічыцца, што ўдзел Турэччыны ў гэтым канфлікце ў канчатковым выніку прывёў да ўступленьня краіны ў NATO.

1952

ПЕРШАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ NATO

Турэччына і Грэцыя ўступілі ў NATO.

31 сакавіка 1954

NATO БЕЗ САВЕЦКАГА САЮЗУ

Альянс адхіліў афіцыйную заяўку СССР на ўступленьне ў NATO.

6 траўня 1955

ДРУГОЕ ПАШЫРЭНЬНЕ

Заходняя Нямеччына стала ўдзельніцай NATO ў выніку другога пашырэньня альянсу.

14 траўня 1955

ВАРШАЎСКАЯ ДАМОВА

У Варшаве прадстаўнікі Альбаніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, ГДР, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславаччыны падпісалі Дамову аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. У выніку зьявіўся вайсковы саюз — Арганізацыя Варшаўскай дамовы зь вядучай роляй СССР.

Стварэньне Арганізацыі Варшаўскай дамовы лічыцца адказам на ўступленьне Заходняй Нямеччыны ў NATO.

10 сакавіка 1966

ВЫХАД ФРАНЦЫІ

Прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь прыняў рашэньне аб выхадзе дзяржавы з вайсковай часткі арганізацыі. Пры гэтым Францыя засталася чальцом палітычнай часткі NATO. Праз год штаб-кватэра альянсу пераехала з Парыжу ў Брусэль.

1982

ТРЭЦЯЕ ПАШЫРЭНЬНЕ

Гішпанія ўступае ў NATO.

1989

ПАДЗЕНЬНЕ БЭРЛІНСКАГА МУРУ

Савецкі Саюз выводзіць войскі з Аўганістану. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе праходзіць хваля рэвалюцый. У Бэрліне разбураны сымбаль «жалезнай заслоны» — Бэрлінскі мур.

19 лістапада 1990

КАНЕЦ АРГАНІЗАЦЫІ ВАРШАЎСКАЙ ДАМОВЫ

Развал Савецкага Саюзу, заканчэньне халоднай вайны і роспуск Арганізацыі Варшаўскай дамовы.

1994

ПАРТНЭРСТВА ДЗЕЛЯ МІРУ

NATO стварае праграму вайсковага супрацоўніцтва з эўрапейскімі дзяржавамі і рэспублікамі былога Савецкага Саюзу, якія не зьяўляюцца чальцамі арганізацыі. Пазьней 13 краін-удзельніц праграмы сталі паўнапраўнымі чальцамі альянсу. Беларусь далучылася да праграмы ў 1995 годзе, а ў 1998 годзе зьявілася беларуская дыпляматычная місія ў NATO

1995

БОСЬНІЯ І ГЕРЦЭГАВІНА

Краіны NATO і партнэры накіроўваюць міратворчыя кантынгенты ў Босьнію і Герцагавіну.

27 траўня 1997

НАТО — РАСЕЯ

У Парыжы падпісаны Асноватворны акт паміж Расеяй і NATO аб узаемных адносінах, супрацоўніцтве і бясьпецы.

24 красавіка 1999

БАМБАВАНЬНЕ ЮГАСЛАВІІ

Упершыню ў сваёй гісторыі без ухвалы Рады Бясьпекі ААН сілы NATO пачалі вайсковую апэрацыю супраць сувэрэннай дзяржавы.

1999

ЧАЦЬВЕРТАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ

Чэхія, Вугоршчына і Польшча ўступілі ў альянс.

11 верасьня 2001

ТЭРАКТЫ Ў ЗША

2003

ІРАК І АЎГАНІСТАН

NATO бярэ камандаваньне Міжнароднымі сіламі судзейнічаньня бясьпецы ў Аўганістане.

У тым самым годзе міжнародная кааліцыя на чале з ЗША пачынае вайсковую апэрацыю «Іракская свабода» з мэтай скіданьня рэжыму Садама Хусэйна ў Іраку. NATO стварае спэцыяльную трэніровачную місію для дапамогі іракскім сілам бясьпекі.

2004

ПЯТАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ

Баўгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славаччына, Славенія і Эстонія далучаюцца да альянсу.

2009

ШОСТАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ

У склад NATO ўвайшлі Харватыя і Альбанія.

Вяртаньне Францыі ў інтэграваныя органы вайсковага кіраваньня NATO.

2011

АПЭРАЦЫЯ Ў ЛІБІІ

Вайсковае ўмяшаньне сіл міжнароднай кааліцыі ў грамадзянскую вайну ў Лібіі, санкцыянаванае рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН, з мэтай абароны мірных жыхароў.

2017

СЁМАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ

Чарнагорыя ўступіла ў NATO і стала 29-й краінай-удзельніцай Паўночнаатлянтычнага альянсу.

11 ліпеня 2018

ДОНАЛЬД ТРАМП 2%

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад усіх краін-удзельніц NATO неадкладна давесьці свае абаронныя выдаткі да 2% валавага ўнутранага прадукту (ВУП).

Краіны NATO патрацілі каля аднаго трыльёна даляраў на абарону ў 2018 годзе. Амаль 70 працэнтаў гэтых сродкаў прыпадае на ЗША, якія выдаткоўваюць на абарону 3,3% ВУП.

Па выніках 2018 году выдаткі NATO на абарону павялічыліся амаль на 4 працэнты.

3–4 сьнежня 2019

ЮБІЛЕЙ І НАДЗЁННЫЯ ПРАБЛЕМЫ

Чакаецца, што гэты саміт NATO, прымеркаваны да 70-годзьдзя альянсу, таксама не абміне абмеркаваньня некаторых надзённых праблемаў альянсу, якіх у апошніх гадах назьбіралася немалая колькасьць.

Сярод самых актуальных пытаньняў, якія стаяць перад NATO: новы плян абароны краінаў Балтыі і Польшчы; вайсковая акцыя Турэччыны ў Сырыі і яе адносіны з Расеяй; патрабаваньні Трампа да саюзьнікаў павялічыць вайсковыя выдаткі і ягоныя твіты аб тым, што альянс «састарэў»; канцэпцыя адносін альянсу з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG