Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: У Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, празаходні вэктар прадстаўлены ня толькі інтэлігенцыяй


Беларус са сьцягам Эўразьвязу на сьвяткаваньні Дня Волі, архіўнае фота
Беларус са сьцягам Эўразьвязу на сьвяткаваньні Дня Волі, архіўнае фота

У новым аналітычным праекце Свабоды «Чаму Беларусь не Расея» Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса «Архэ», разважае пра тое, што ў Беларусі і Расеі запанавалі розныя кірункі ў дачыненьнях з Захадам, тлумачыць прычыны расейскай антызаходняй палітыкі і разважае пра беларускую геапалітычную расшчэпленасьць.

Сьцісла:

  • Фактычна Захад спыніў падтрымку любых ініцыятываў, якія разьлічаныя на сілавую зьмену палітычнага рэжыму ў Менску.
  • Пуцін прэзэнтуе вельмі кансэрватыўны, «охранительный» кірунак, генэалягічна зьвязаны менавіта са спадчынай расейскага самадзяржаўя.
  • Рэч, пра якую вядучыя палітолягі ня кажуць, — гэта «пацанская», паўбандыцкая культура расейскіх кіраўнікоў.
  • Беларуская геапалітычная расшчэпленасьць — ня толькі элітарная, яна ўкаранёная ў грамадзтве

— Адно з моцных адрозьненьняў беларускай і расейскай палітыкі, асабліва апошнімі гадамі, — гэта характар дачыненьняў з Захадам. Беларусь актыўна нармалізуе свае адносіны з Эўразьвязам і ЗША, а Расея тым часам з кожным годам усё далей адыходзіць ад добрых адносінаў з Захадам. Замест гэтага пануе палітыка ўзаемных санкцый і варожасьці. Наколькі гэты працэс заканамерны, стратэгічны? Або ён выкліканы нейкімі тактычнымі, часовымі прычынамі?

— Гэта найперш было выклікана вайной ва Ўкраіне, якая пачалася ў 2014 годзе. Пэўныя імпульсы Лукашэнкі ў бок Захаду можна было назіраць яшчэ раней, падчас расейска-грузінскай вайны 2008 году. Але тады геапалітычная пераарыентацыя была спыненая ў выніку гвалтоўных падзей, зьвязаных з выбарамі прэзыдэнта Беларусі 2010 году.

Пасьля 2014 году і Крыму склалася зусім іншая сытуацыя. З аднаго боку, на постсавецкай прасторы Расея адназначна засьведчыла сябе ў якасьці агрэсара і напалохала тым самым аўтарытарныя рэжымы ад Сярэдняй Азіі да Беларусі. Бо радыкальна памяняліся правілы гульні. Расея дала знаць, што пры наяўнасьці пэўных геапалітычных інтарэсаў яна можа адвольна ўводзіць войскі на тэрыторыі постсавецкіх дзяржаў і распараджацца гэтымі дзяржавамі як фактычна сваімі калёніямі.

Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

З другога боку, памянялася геапалітычная сытуацыя ва Ўсходняй Эўропе. Пасьля падзеяў 2014 году адбылася поўная дэвальвацыя радыкальных сцэнараў зьмены палітычнай улады ў Беларусі. Фактычна Захад спыніў падтрымку любых ініцыятываў, якія разьлічаныя на сілавую зьмену палітычнага рэжыму ў Менску. І гэта стварыла абставіны, пра якія вы кажаце, што Беларусь калі не дрэйфуе ў заходнім кірунку, то прынамсі нармалізуе свае адносіны з Захадам, а Расея нарошчвае вайсковы патэнцыял, паглыбляе ідэалягічную і палітычную прорву паміж сваёй краінай і Захадам.

— Лукашэнка за гады свайго прэзыдэнцтва, асабліва першыя 10–15 гадоў, выдаў нямала цытатаў, якія можна назваць антызаходнімі, і пра палітыкаў, і ўвогуле пра заходні лад жыцьця. Наколькі цяжка даецца яму цяперашняя зьмена рыторыкі і нармалізацыя адносінаў з Захадам? Або вы лічыце, што пэрсанальныя прыхільнасьці і якасьці палітыка ня маюць вялікага значэньня для рацыянальных палітычных крокаў?

— Я не дапускаю сытуацыі, што замежная палітыка Беларусі існуе сама па сабе, а асоба кіраўніка дзяржавы — сама па сабе. Безумоўна, Лукашэнка —творца гэтай новай зьнешнепалітычнай дактрыны, якая рэалізуецца пры дапамозе міністра замежных спраў Уладзімера Макея. Лукашэнка пра гэта шмат і адкрыта гаворыць, што гэта ягоная воля.

Дзякуючы мінімальным крокам і дэманстрацыі пэўнай адкрытасьці да Захаду, пэўным жэстам увагі ў дачыненьні да заходніх лідэраў ён атрымаў фактычна сытуацыю, калі Захад ставіцца да яго як да лідэраў Казахстану і сярэднеазіяцкіх рэспублік.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Аўстрыю, лістапад 2019
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Аўстрыю, лістапад 2019

Раней аргумэнтам для Захаду, каб больш актыўна працаваць зь Беларусьсю, было тое, што Беларусь — гэта Эўропа. Таму палітычныя практыкі, якія ажыцьцяўляе Лукашэнка, недапушчальныя на нашым кантынэнце. Сярэдняя Азія — іншая прастора, іншая культура, таму там могуць быць паслабленьні і паблажкі.

Дзякуючы сапраўды мінімальнаму набору жэстаў, дэклярацыяў, візытаў Лукашэнка атрымаў сытуацыю, якую можна назваць зьменай парадыгмы. Захад фактычна ўспрыняў гэтую беларускую рэальнасьць так, як яна ёсьць, і папросту спрабуе нейкім чынам паляпшаць тую фармацыю, якая выбудаваная ў Беларусі за апошнія 25 гадоў.

Але гэта ня значыць, што Беларусь і Захад чакае доўгае і плённае супрацоўніцтва, у выніку якога Беларусь стане часткай заходняй супольнасьці. Апошнія парлямэнцкія выбары паказваюць, што ў дачыненьні да ўнутранай палітыкі Лукашэнка жорстка акрэсьлівае тыя «чырвоныя сьцяжкі», за якія рэжым выходзіць пры ягоным кіраваньні ня будзе.

— Калі казаць пра зьнешнюю палітыку Беларусі і Расеі, то ў рамках шматлікіх інтэграцыйных дамоўленасьцяў існуе такая рэч, як каардынацыя замежнай палітыкі. Але тут, асабліва апошнімі гадамі, адбываецца вельмі шмат несупадзеньняў. Напрыклад, Менск аслабляе візавы рэжым, уводзіць бязьвізавы ўезд для заходнікаў — і Расея актыўна выказвае сваю незадаволенасьць. Ці існуе рэальная каардынацыя замежнай палітыкі Беларусі і Расеі, ці гэта больш ідэалягічны фантом?

— І так, і не. У нейкіх тактычных, другасных момантах Беларусь дазваляе сабе вольнасьці. Напрыклад, зьмякчэньне візавага рэжыму для грамадзян Эўразьвязу і ЗША— гэта, з гледзішча Расеі, «антырасейскі крок». І Масква вельмі жорстка на гэта адрэагавала, фактычна ўвёўшы памежны кантроль, што ёсьць галаўным болем для беларускіх уладаў. Лукашэнка выказваў абурэньне тым, што цяпер замежнік, маючы эўрапейскі пашпарт, ня можа, уехаўшы ў Беларусь, па трасе заехаць у Расею — бо ў Расею яго проста ня пусьцяць.

Але калі браць міжнародныя форумы, ААН — то мы пабачым, што пазыцыі Беларусі і Расеі ў значнай ступені супадалі і супадаюць. Існуе, безумоўна, «аўтарытарны інтэрнацыянал», які каардынуе пазыцыі Менску і Масквы па найважнейшых пытаньнях, ад Сырыі да Паўночнай Карэі і прыналежнасьці Крыму.

— Калі мы кажам пра цяперашнюю антызаходнюю расейскую палітыку і ўспрымаем яе як нешта звыклае і «вечнае», то ня ўсе ўжо памятаюць, што ў першыя гады свайго кіраваньня, на пачатку 2000-х, Пуцін быў зусім іншым, цалкам празаходнім палітыкам. Наколькі быў заканамерны той антызаходні паварот, які потым адбыўся? Ці можа нешта здарыцца, і Расея зноў стане на рэйкі нармальнага супрацоўніцтва і партнэрства з Захадам?

— Гэта няпростае пытаньне. Чаму адбыўся моцны антызаходні паварот у Расеі ў апошнія 10–15 гадоў? Я бачу дзьве найважнейшыя прычыны.

Першае — гэта сытуацыя, якую вельмі трапна акрэсьліла Сьвятлана Алексіевіч, кажучы пра Расею, што імпэрыі няма, але імпэрская сьвядомасьць засталася. Не адбылося пераасэнсаваньня імпэрскай спадчыны.

Пуцін прэзэнтуе вельмі кансэрватыўны, «охранительный» кірунак, генэалягічна зьвязаны менавіта са спадчынай расейскага самадзяржаўя. Расейская імпэрыя заўсёды рабіла стаўку на экспансію, пакуль не развалілася на часткі ў выніку Першай усясьветнай вайны.

Другая рэч, пра якую вядучыя палітолягі ня кажуць, — гэта «пацанская», паўбандыцкая культура расейскіх кіраўнікоў. Тут шляхі Беларусі і Расеі радыкальна разышліся. У Беларусі ўладу здабыў чалавек, якога ўмоўна можна аднесьці да «калгаснай арыстакратыі», што паказвала моцныя пазыцыі аграрнага сэктару ў Беларусі напярэдадні краху Савецкага Саюзу. А ў Расеі прэзыдэнтам стаў чалавек, які быў зьвязаны са спэцслужбамі, а зь іншага боку, уключыўся ў 90-я ў ценявы, цёмны расейскі бізнэс, дзе звычайнай рэччу былі разборкі, забойствы, цалкам крымінальны рэпэртуар.

Расея Пуціна — гэта Расея, якая адмовілася ад мяккіх адносін з Захадам. Першыя гады свайго кіраваньня Пуцін яшчэ падтрымліваў тую танальнасьць, якая была выпрацаваная яшчэ пры Ельцыну. Пасьля, калі ён стаў паўнавартасным, паўнаўладным кіраўніком Расеі — гэтыя два моманты, кансэрватыўнае самаўладзьдзе і пацанская культура 90-х, і пачалі дыктаваць той палітычны курс Расеі, сьведкамі якога мы зьяўляемся.

— Наколькі адрозьніваецца стаўленьне да Захаду ня толькі ўлады, але і шырокіх народных масаў — у Беларусі і Расеі?

— Беларусь — прастора, якая ляжыць паміж дзьвюма вялікімі геапалітычнымі зонамі. Таму ў нас сытуацыя расплывістасьці, дваістасьці — у беларускім дыскурсе пра гэта шмат хто пісаў, пачынаючы ад Абдзіраловіча. І для гэтага ёсьць сур’ёзныя падставы, бо ў Беларусі геапалітычныя прыхільнасьці адназначна ня выражаныя. Заўсёды нейкая частка была за Эўразію (у розных абліччах, ці гэта Савецкі Саюз, ці адноўленая Расея), і іншая вялікая частка выступала за інтэграцыю з шырока зразуметым Захадам.

У Расеі такога выразнага падзелу, які б тычыўся ня толькі эліт (тут маецца на ўвазе ня толькі славутая і моцная расейская інтэлігенцыя), але і звычайных людзей, няма і не было.

Беларусь — зусім іншая краіна. У нас супольная мяжа з краінамі Эўразьвязу большая, чым мяжа з Расеяй. Геапалітыка вызначае мэнтальнасьць. У Беларусі празаходні вэктар прадстаўлены ня толькі інтэлігенцыяй, у адрозьненьне ад Расеі, але і шырокімі слаямі насельніцтва. Ёсьць шмат людзей, якія атрымалі на Захадзе адукацыю і вярнуліся, шмат у каго ёсьць сваякі, якія выехалі на Захад, шмат людзей, якія на выходныя езьдзяць на закупы ў Эўразьвяз. У Расеі ўсяго гэтага няма ў такой прапорцыі, у такой канцэнтрацыі.

Беларуская расшчэпленасьць — ня толькі элітарная, яна ўкаранёная ў грамадзтве. Але гэта і плюс, і мінус. Мінус у тым, што гэты стан разьяднанасьці не пры Лукашэнку пачаўся, не пры Лукашэнку і скончыцца. І гэта тормаз для адназначнага палітычнага выбару краіны ў кірунку дэмакратыі і палітычнай свабоды.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG