Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Капыльшчыне побач з калёніяй чырванакніжных сусьлікаў вывалілі кучу гною 


Рабы сусьлік, фота Сяргея Зуёнка
Рабы сусьлік, фота Сяргея Зуёнка

Землекарыстальнік выгрузіў на поле зь сеянымі травамі, дзе жывуць рабыя сусьлікі, кучу гною. Паводле ацэнак, летам тут жыло каля 20 чырванакніжных зьвяркоў.

Пра тое, што пад пагрозай зьнікненьня аказалася адна з калёній сусьлікаў, паведаміў капыльскі заоляг Сяргей Шакала.

Каб спраўдзіць зьвесткі і ў выпадку неабходнасьці прыняць меры дзеля захаваньня арэолу пражываньня рэдкага віду грызуноў, на месца выехаў спэцыяліст у прыродаахоўных пытаньнях з грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Сямён Левы.

Куча гною на полі з сусьлікамі
Куча гною на полі з сусьлікамі

Высьветлілася, што тут сапраўды складуюць гной з суседняй фэрмы, каб угнойваць палі паблізу. Некалькі такіх кучаў могуць прывесьці да поўнага зьнішчэньня калёніі.

Як удакладніў спадар Левы, пасьля праверкі ў радыюсе да 200 м выяўлена ня менш за 15 нор. Колькі апынулася пад кучай, невядома — толькі вясной можна будзе пераканацца, колькі сусьлікаў засталося ў жывых.

Норка рабога сусьліка
Норка рабога сусьліка

Яшчэ ў верасьні арганізацыя пісьмова папярэдзіла землекарыстальніка і раённую інспэкцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пра тое, што тут жывуць сусьлікі і што землекарыстальнік нясе адказнасьць за кожнага зьвярка, які загіне зь ягонай віны. Вясной, калі сусьлікі выйдуць з нор, можна будзе скласьці акт аб колькасьці ахвяраў на месцы складаваньня арганічных угнаеньняў і падлічыць шкоду прыродзе.

АПБ зьвяртае ўвагу, што ніякі землекарыстальнік ня мае права зьнішчаць від, які знаходзіцца пад аховай, тым больш уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Згодна з прэзыдэнцкім указам, за незаконнае зьнішчэньне кожнай асобіны рабога сусьліка мінімальны памер пакараньня — 9 базавых велічынь.

Аднак у раённай інспэкцыі аховы прыроды пакуль ня бачаць патрэбы радыкальных дзеяньняў. Як запэўніў Свабоду галоўны спэцыяліст установы Андрэй Цьвірко, зьвяркам нічога не пагражае.

«Сапраўды, на сыгнал заолягаў мы выяжджалі, аглядалі месца, — пацьвердзіў суразмоўца. — Так, гной складавалі, але ня зьверху на норах, як кажуць у АПБ. Не спрачаюся — на тым полі, але ня блізка ад калёніі сусьлікаў. Усё падбуртавана, акуратна ляжыць. Мы сказалі землекарыстальніку, каб ён нічога не заворваў, усё пакінуў як ёсьць. Бо каб яны растрэсьлі гной па полі і зааралі — тады праблема, а так проста склалі збоку, ніякай пагрозы».

Андрэй Цьвірко кажа, што калі сам выяжджаў у гаспадарку, ніякіх сусьлікаў ня бачыў.

Куча гною прыродаахоўную інспэкцыю не хвалюе
Куча гною прыродаахоўную інспэкцыю не хвалюе

Тым часам заолягі настойваюць, што ўгнаеньні з поля ў любым выпадку трэба прыбіраць. Пра гэта паведамілі землекарыстальніку, у мясцовыя органы ўлады накіравалі пашпарт на месца пражываньня рабога сусьліка і праект ахоўных абавязаньняў.

На сёньня навукоўцам вядомыя 10 калёній рабых сусьлікаў у трох раёнах Беларусі. Толькі адну зь іх можна аднесьці да буйных. Астатнія невялікія, але пры гэтым вельмі важныя, бо дазваляюць захаваць генэтычную разнастайнасьць віду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG