Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Фэдэрацыі Расеі ўхваліў закон аб прызнаньні грамадзян «замежнымі агентамі»


Паседжаньне Савету Фэдэрацыі Расеі, архіўнае фота
Паседжаньне Савету Фэдэрацыі Расеі, архіўнае фота

Верхняя палата парлямэнту Расеі, Савет Фэдэрацыі, ухваліла законапраект, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» фізычных асоб. Раней расейская Дзяржаўная дума прыняла закон у трэцім чытаньні, яго падтрымала 311 дэпутатаў, чацьвёра устрымаліся.

Хто такія людзі — «замежныя агенты» паводле новага закону

Папраўкі азначаюць, што «замежнымі агентамі» могуць быць прызнаныя фізычныя асобы, якія распаўсюджваюць матэрыялы СМІ — «замежных агентаў» або ўдзельнічаюць у іх стварэньні, а таксама атрымліваюць грошы ці маёмасьць з-за мяжы або ад расейскіх юрыдычных асобаў, якія фінансуюцца з замежных крыніцаў.

Чаму, той, хто піша пра музыку, ня лічыцца «замежным агентам»

Аўтар ініцыятывы, старшыня камітэту Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Леанід Левін, удакладніў, што «калі фізычная асоба піша або распаўсюджвае матэрыялы пра культуру, спорт або музыку, то такога роду супрацоўніцтва наўрад ці можа несьці ў сабе рызыкі ўключэньня ў сьпісы замежных агентаў». А вось калі чалавек піша матэрыялы, зьвязаныя з грамадзка-палітычнай сытуацыяй, то рызыкі падобнага ўключэньня досыць вялікія. У кожным канкрэтным выпадку гэта будзе вызначаць Мінюст Расеі сумесна з МЗС.

У чым сутнасьць закону аб «замежных агентах»


Закон аб «замежных агентах» прыняты ў Расеі ў 2012 годзе. Любая некамэрцыйная арганізацыя або грамадзкі рух могуць быць унесены ў сьпіс «агентаў», калі яны атрымліваюць фінансавую падтрымку з-за мяжы і вядуць палітычную дзейнасьць. Крытэрыі, па якіх вызначаецца такая дзейнасьць, у законе выразна ня вызначаныя. Арганізацыі, якія трапілі ў рэестар арганізацыі, павінны пэрыядычна даваць справаздачу аб сваёй фінансавай дзейнасьці, а таксама паказваць у інтэрнэце і ва ўсіх публікацыях у СМІ, што яны зьяўляюцца «замежным агентам». Парушэньні могуць прывесьці да вялізарных штрафаў.

Якія СМІ прызналі «замежнымі агентамі»

У лістападзе 2017 году ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы. Мінюст аднёс да «замежных агентаў» дзесяць СМІ: «Голас Амэрыкі», Idel. Реалии, Кавказ. Реалии, Крым. Реалии, тэлеканал «Настоящее время», Татара-башкірскую службу Радыё Свабода (Azatliq Radiosi), Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ( PCE / PC), Сибирь. Реалии, «Фактаграф» і Север. Реалии.

Якая была рэакцыя кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода

Прадстаўнікі расейскай улады неаднаразова сьцьвярджалі, што «закон аб СМІ — замежных агентах» зьяўляецца «люстраной рэакцыяй» на патрабаваньні амэрыканскага заканадаўства аб рэгістрацыі тэлеканала Russia Today у якасьці «замежнага агента».

Джэймі Флай
Джэймі Флай

У заяве для прэсы прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай назваў дзеяньні расейскіх уладаў «палітычна матываванымі». «Гэта спроба прымусіць замаўчаць незалежныя мэдыя ў Расеі і пазбавіць аўдыторыю доступу да інфармацыі, якая не знаходзіцца пад кантролем Крамля, — гаворыцца ў заяве Флая, — Законы ЗША гарантуюць РСЕ / РC рэдакцыйную незалежнасьць. Любыя здагадкі аб тым, што мы, альбо нашы журналісты зьяўляюцца агентамі любога ўрада, зьяўляюцца ілжывымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG