Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуме Расеі абвінавацілі Радыё Свабода і іншыя замежныя СМІ ў парушэньні заканадаўства


Падчас выбарчай кампаніі ў Расеі, ілюстрацыйнае фота
Падчас выбарчай кампаніі ў Расеі, ілюстрацыйнае фота

Камісія Дзярждумы Расеі па расьсьледаваньні фактаў умяшаньня замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы Расеі выявіла 17 кастрычніка парушэньні заканадаўства з боку некалькіх замежных СМІ, якія асьвятлялі верасьнёўскія выбары ў Расеі (тады амаль ва ўсіх рэгіёнах выбіралі рэгіянальныя і мясцовыя парлямэнты), паведамляе «Настоящее время».

У спіс парушальнікаў, на думку камісіі, патрапілі:

  • Расейская служба Радыё Свабода,
  • тэлеканал «Настоящее время»,
  • «Медуза»,
  • Расейская служба ВВС,
  • «МбХ Медиа»,
  • Голас Амэрыкі.

Матэрыялы працы думскай камісіі будуць накіраваныя ў Раскамнагляд і пракуратуру, заявіў пасьля паседжаньня камісіі яе старшыня Васіль Піскароў. Паводле яго, усе пералічаныя СМІ нібыта парушалі выбарчае заканадаўства ў пэрыяд выбарчай кампаніі, непасрэдна ў дзень галасаваньня і ў «дзень цішыні» перад выбарамі.

«Даводзіцца канстатаваць, што пратэстныя акцыі, заклікі ўдзельнічаць у няўзгодненых мітынгах, вядома, яны зрэжысаваныя і прафінансаваныя, як сёньня мы па матэрыялах СМІ бачылі, з-за мяжы, — сказаў Піскароў. — Але ў нас і ў Расеі, аказваецца, дзейнічаюць цэнтры па падрыхтоўцы „лідэраў пратэсавых акцыяў“, парушальнікаў закона, па вялікім рахунку. І за мяжой ёсьць цэнтры, якія рыхтуюць за чужыя грошы вось такіх лідэраў».

Раней тая ж камісія Дзярждумы Расеі заявіла, што закон аб выбарах парушылі журналісты Deutsche Welle (тэлерадыёкарпарацыі «Нямецкая хваля»): нібыта яны заклікалі выбарнікаў прыйсьці на несанкцыянаваны мітынг у Маскве. Кіраўніцтва Deutsche Welle адпрэчыла абвінавачваньні ў свой адрас.

Усе пералічаныя Піскаровым СМІ таксама былі фігурантамі расьсьледаваньня Дзярждумы Расеі аб умяшаньні з-за мяжы ў прэзыдэнцкія выбары ў Расеі 18 сакавіка 2018 году. Тады ж тэлеканал «Настоящее время» быў прызнаны Мінюстам РФ «замежным агентам» у Расеі.

«Наша задача — асьвятляць навіны, аб’ектыўна і пэўна», — пракамэнтавала тады рашэньне Мінюста дырэктар тэлеканала «Настоящее время» Дэйзі Сіндэлар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG