Прэм’ер-міністар Беларусі сустрэўся 21 лістапада ў Лёндане з прынцам Майклам Кенцкім, стрыечным брата каралевы Брытаніі. Прынц, піша БелТА, заявіў, што пасьля Brexit магчымасьцей для супрацы зь Беларусьсю стане больш.
З гэтай сустрэчы відэа публікавала прэс-сакратарка ўраду Беларусі Аляксандра Ісаева. На адным зь іх бачна, што ад пачатку сустрэчы прэм’ера з прынцам прысутнічаў кот прынцэсы — жонка прынца Майкла, вядомая сваёй любоўю да катоў. На другім бачна, што Румас пачухаў ката.
Румас на сустрэчы адзначыў, што супраца Вялікай Брытаніі і Беларусі складваецца добра ў эканамічнай, палітычнай, гуманітарнай і вайсковай сфэрах. Ён заявіў, што для Беларусі важны эканамічны складнік праграмы «Ўсходняга партнэрства» — на наступны дзень беларуская дэлегацыя мае ўдзельнічаць у інвэстыцыйным форуме праграмы і разьлічвае падпісаць «шматмільённыя пагадненьні».
Прынц Кенцкі адзначыў, што з курсам Брытаніі на выхад з Эўрапейскага зьвязу «нашыя магчымасьці супрацы па розных напрамках будуць толькі ўзрастаць». Прынц таксама згадаў свой візыт у Беларусь у 2016 годзе і прасіў перадаць найлепшыя пажаданьні Аляксандру Лукашэнку, выказаў надзею на разьвіцьцё супрацы зь Беларусьсю ў сфэры дарожнай гаспадаркі.
Пасьля сустрэчы з прынцам Румас правёў перамовы з прэзыдэнтам Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, сустрэўся з кіраўніцтвам кампаніі CAD CAM Automotive і папярэдне дамовіўся на стварэньне ў Брытаніі зборачнай вытворчасьці электробусаў «Белкамунмаш».