Міністар транспарту Беларусі Анатоль Сівак і брытанскі прынц Майкл Кенцкі падпісалі 11 кастрычніка мэмарандум пра ўзаемапаразуменьне ў пытаньнях дарожнай бясьпекі ў Беларусі, перадае БелаПАН.
Фактычная мэта мэмарандуму — выказаць памкненьне пачаць супрацу.
Згодна з мэмарандумам, Беларусь і Вялікая Брытанія маюць пачаць абменьвацца інфармацыяй па дарожнай бясьпецы, прынятых і заплянаваных захадах, а таксама рэкамэндацыях і магчымай дапамозе.
Сярод пытаньняў — стварэньне ў Беларусі дабрачыннага фонду ў галіне дарожнай бясьпекі, укараненьне тэхналёгіяў прадухіленьня перавышэньня хуткасьці на дарогах, паляпшэньне якасьці дарожнага пакрыцьця.
Пад патранажам прынца рэалізуецца шэраг некамэрцыйных ініцыятываў у дарожнай бясьпецы, у іх ліку міжнародны дабрачынны фонд International Road Safety Awards і некамэрцыйная структура RoadSafe.
Прынц Майкл Кенцкі сустракаўся 11 кастрычніка з Аляксандрам Лукашэнкам, які сказаў яму, што «разьлічвае на адкрыцьцё новай старонкі ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Вялікай Брытаніяй».
Дарогі бясьпечныя?
Паводле зьвестак Белстату, у 2015 годзе ў Беларусі адбылося больш за 4100 дарожных здарэньняў, у якіх загінулі 664 чалавекі. Дасьледаваньне навукоўцаў з Грэцыі паказвае, што доля сьмерцяў у ДТЗ ў Беларусі падае, але значна ніжэйшымі тэмпамі, чым у большасьці краінаў Эўропы (-25% у 2000-2010 гадах у Беларусі, −43% у сярэднім у Эўропе). Пры гэтым па паказьніках дарожнай бясьпекі Беларусь бліжэйшая да Эўразьвязу за краіны поўдня і ўсходу Эўропы. Па колькасьці сьмерцяў у ДТЗ на мільён жыхароў Беларусь больш бясьпечная за Польшчу, Літву, Латвію і Румынію, але гэты паказьнік у Беларусі на 60% большы за сярэднеэўрапейскі.