У Беларусі прадукцыйнасьць працы ў 6,2 раза ніжэйшая, чым у краінах Эўразьвязу. Такая ацэнка прыводзіцца ў праекце афіцыйнага эканамічнага прагнозу Беларусі на 2020 год, паведамляе БелаПАН.
Згодна з ацэнкай уладаў, у Беларусі ўзровень прадукцыйнасьці працы складае толькі 16% ад узроўню краінаў Эўразьвязу і 44% ад узроўню краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
На думку аўтараў афіцыйнага прагнозу, для Беларусі характэрная высокая затратнасьць эканомікі (матэрыяла-, энэргаёмістасьць) і яе нізкая тэхналягічнасьць, што адмоўна адбіваецца на прадукцыйнасьці працы.
На прадпрыемствах рэспубліканскай уласнасьці, паводле афіцыйных падлікаў, прадукцыйнасьць працы ніжэйшая, чым у прыватных кампаніях, больш як у 1,5 раза, а на прадпрыемствах камунальнай уласнасьці — у 2,2 раза ніжэйшая. У той жа час у замежных арганізацыях і арганізацыях з замежным удзелам людзі працуюць да трох разоў больш эфэктыўна, чым на дзяржаўных прадпрыемствах.
На нізкую прадукцыйнасьць працы ў дзяржаўным сэктары зьвяртаў увагу ўвесну 2019 году і прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас. Ён казаў, што цяпер у дзяржаўнай уласнасьці знаходзяцца акцыі 1869 акцыянэрных таварыстваў, кантрольны пакет амаль 1,5 тысячы зь іх належыць дзяржаве.
«Яны фармуюць палову ВУП краіны. Але калі мы паглядзім на якасны складнік, то ўбачым, што лічбы ад году да году адрозьніваюцца, але прадукцыйнасьць працы ў акцыянэрных таварыствах, дзе кіруе дзяржава, у сярэднім у 1,5 раза ніжэйшая, чым у прыватных», — казаў Румас і адзначаў неабходнасьць выстройваньня якаснага карпаратыўнага кіраваньня.
2 кастрычніка на паседжаньні Рэспубліканскага клюбу дырэктараў, арганізаванага Бізнэс-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, гендырэктар прыватнай кампаніі «Гомельліфт» Валер Карніенка адзначыў, што адмоўна на прадукцыйнасьць працы ў Беларусі ўплываюць найперш шматлікія патрабаваньні заканадаўства, якія «спараджаюць дадатковыя выдаткі для прадпрыемстваў і эканомікі ў цэлым». У якасьці прыкладу Карніенка прывёў складаны падатковы ўлік, які адымае шмат часу ў бухгальтараў, а таксама шэраг тэхнічных патрабаваньняў, выкананьне якіх патрабуе вялікіх працоўных выдаткаў.
Другім фактарам, які стрымлівае эфэктыўнасьць беларускіх кампаній, Карніенка назваў супраціў пэрсаналу ўкараненьню зьменаў. «Шмат каму зручна націскаць кнопку, якую яны націскалі 20 гадоў», — адзначыў ён.