Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб ВУП стаў 100 млрд даляраў, як хоча Лукашэнка, прадукцыйнасьць працы мае вырасьці ў два разы


ВУП ужо дасягаў 100 млрд у 2018 годзе — але не даляраў, а рублёў. Дзяржава спадзяецца на IT і «лічбавую трансфармацыю» рэальнага сэктару.

На IT-выставе «TIBO-2019» у Менску 10 красавіка начальнік упраўленьня інавацыйнай дзейнасьці Міністэрства эканомікі Дзьмітры Крупскі расказаў пра тое, як у Беларусі зьбіраюцца дасягаць пастаўленай Аляксандрам Лукашэнкам задачы росту валавога ўнутранага прадукту да 100 млрд даляраў к 2025 году, піша БелаПАН.

«Мы дакладна разумеем, што па прадукцыйнасьці працы адстаём у тры-пяць разоў, — казаў Крупскі. — Пры гэтым стаіць задача выйсьці на 100 млрд даляраў ВУП, а для гэтага неабходна павялічыць прадукцыйнасць працы мінімум у два разы. Гэта азначае, што мы павінны выкарыстоўваць іншыя тэхналёгіі, істотна зьмяніць галіновую структуру.

Мы прапануем гэта зрабіць празь лічбавую трансфармацыю эканомікі, „новую індустрыялізацыю“ рэгіёнаў і кластарызацыю вытворчасьцяў».

Міністэрства эканомікі, казаў ён, лічыць неабходнай «лічбавую трансфармацыю» рэальнага сэктару і пачало распрацоўваць праект стратэгіі такой трансфармацыі. У праекце ня толькі IT, але і разьвіцьцё апрацоўчай прамысловасьці — машынабудаваньне, нафтахімія, фармацэўтыка. У сьвеце «прамысловы рэнэсанс», адзначыў Крупскі, ідзе ў кірунках працы з інтэрнэтам, робататэхнікай, 3D-друкам.

Але міністэрства адзначае тры сыстэмныя праблемы беларускай эканомікі, якія ня вырашылі за больш як 20 гадоў:

  • не дасягнулі энэргетычнай незалежнасьці краіны;
  • тэмпы росту эканомікі ніжэйшыя за сярэднія ў сьвеце;
  • навукова-тэхнічны патэнцыял ня вырас, а значна зьменшыўся.

Першы намесьнік міністра сувязі Дзьмітры Шадко адзначыў, што «лічбавую трансфармацыю» стрымлівае «недастатковае разуменьне» працэсу з боку рэальнага сэктару эканомікі — калі разуменьне і ёсьць, то «да практыкі часьцяком не даходзім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG