Менскі раённы суд аштрафаваў на 20 базавых велічынь абаронцу Курапат, былога кандыдата ў дэпутаты Зьмітра Казакевіча.
Суд, які адбыўся 18 лістапада, — чацьвёрты над затрыманымі 3 лістапада каля Курапат актывістамі. Тады пасьля заканчэньня шэсьця на Дзяды група мітынгоўцаў пайшла да рэстарацыі, каб правесьці там сустрэчу кандыдата з выбарцамі. Гэтак сьцьвярджаў Зьміцер Казакевіч у судзе.
Але замест сустрэчы адбылася сутычка з адміністратарамі рэстарацыі, якія спрабавалі не пусьціць актывістаў на тэрыторыю. У выніку 6 актывістаў былі затрыманыя, у тым ліку і Зьміцер Казакевіч. Увечары 3 лістапада яго вызвалілі з пастарунку, а празь дзень выбарчая камісія пазбавіла Казакевіча мандата кандыдата. З таго часу адбылося 3 адміністрацыйныя працэсы, якія скончыліся буйнымі штрафамі і папярэджаньнем затрыманых актывістаў.
Хто такі Зьміцер Казакевіч?
Зьміцер Казакевіч працуе кіроўцам у камэрцыйнай фірме, ён актывіст дэмакратычнага руху, паўтара года бярэ ўдзел у пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў.
У судзе Зьміцер Казакевіч назваў фальшыўкай пратакол, які на яго склалі міліцыянты паводле артыкулаў аб хуліганстве і непадпарадкаваньні.
«Я ня біўся з ахоўнікамі рэстарацыі, гэта бачна на відэа. Наадварот, гэта я ад іх пацярпеў — мяне штурханулі гэтак, што паваліўся», — сказаў экс-кандыдат у дэпутаты.
На пытаньне суду, чаму міліцыянты яго затрымалі, Зьміцер Казакевіч сказаў, што супрацоўнікі АМАПу, якія прыехалі на выклік да рэстарацыі, «хапалі ўсіх спрэс, хто ім трапіўся». Паводле Казакевіча, па дарозе ў міліцэйскі пастарунак яго зьбілі. У суд актывіст прынёс мэдычную даведку пра атрыманыя цялесныя пашкоджаньні.
Супраць Казакевіча сьведчылі міліцыянт Аляксей Аўчыньнікаў, дырэктарка рэстарацыі «Поедем поедим» Сьвятлана Дубкова і два дзяжурныя адміністратары.
«Гэта Казакевіч адчыніў вароты рэстарацыі і потым тузаўся з ахоўнікамі», — сьведчыла Сьвятлана Дубкова. Таксама дырэктарка паведаміла, што гэта яна выклікала да рэстарацыі нарад міліцыі. Капітан міліцыі Аўчыньнікаў сказаў, што папярэджваў актывістаў аб парушэньні закону, у тым ліку і Казакевіча, але тыя на гэта ніяк не адрэагавалі. Зьміцер Казакевіч хадайнічаў, каб суд ініцыяваў справу супраць міліцыянта за ілжывыя зьвесткі, але суд адмовіў.
Кожны з бакоў даводзіў суду сваю праўду. Зьміцер Казакевіч казаў, што адміністратары рэстарацыі першымі ўжылі супраць актывістаў фізычную сілу, на што, паводле актывіста, ня мелі права, бо кампанія, у якой яны працуюць, ня мае ліцэнзіі на ахоўную дзейнасьць. Сьведкі-адміністратары сьцьвярджалі, што гэта актывісты справакавалі бойку. «Пэўна пра Казакевіча не скажу, але груба паводзіла сябе ўся іх група», — казаў, у прыватнасьці, адміністратар Мікалай Красоткін.
Судзьдзя прагледзеў відэа інцыдэнту і праз хвіліну абвясьціў вырак.
Зьміцер Казакевіч сказаў, што будзе абскарджваць пастанову суду.
Раней за тыя ж парушэньні абаронца Курапат Дзяніс Урбановіч атрымаў 1657,5 рубля штрафу, актывісты Валер Рабцаў і Віталь Трыгубаў — па 1020 рублёў, Максім Урбановіч — 510 рублёў. Непаўналетні актывіст Іларыён Т. быў папярэджаны камісіяй па справах непаўналетніх Маскоўскага райвыканкаму.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты