Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адказалі, чаму сьцяг на выбарчым участку перавярнуўся за ноч


Зьлева — як было 12 лістапада, справа — як стала 13-га
Зьлева — як было 12 лістапада, справа — як стала 13-га

Акружная выбарчая камісія па Горадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 51 16 лістапада разглядзела шэраг скаргаў ад незалежных назіральнікаў на выбарчых участках. Усе скаргі былі прызнаныя неабгрунтаванымі, іх пакінулі без адказу.

На пасяджэньні, якое цягнулася дзьве гадзіны, прысутнічалі назіральнікі ад АБСЭ.

Камісія разглядала скаргі наконт парушэньняў падчас выбарчай кампаніі ад каардынатара кампаніі «Права выбару» на Горадзеншчыне Сяргея Верамеенкі.

Адно з пытаньняў тычылася перавернутага за ноч дзяржаўнага сьцяга Беларусі на выбарчым участку.

Як сьцьвярджаў Сяргей Верамеенка, да 13 лістапада чырвона-зялёны сьцяг на ўчастку вісеў дагары нагамі. Ён і назіральнік «Вясны» Ігар Дзьячкоў прысутнічалі пры апячатваньні памяшканьня вечарам 12-га, а пры расьпячатваньні раніцай 13-га прысутнічаў Дзьячкоў. І на раніцу 13 лістапада сьцяг вісеў ужо «як трэба».

Па словах старшыні выбарчай камісіі Сяргея Рапіна, нідзе ў выбарчым кодэксе не гаворыцца, што памяшканьне мае быць апячатана на ноч і што там нельга прысутнічаць. Паводле ягоных словаў, час пачатку працы выбарчага ўчастку (10:00) азначае, што тады можна пачынаць галасаваць. Ён паведаміў, што члены камісіі былі на ўчастку а 9:45 13 лістапада, праводзілі там сваё пасяджэньне.

Рапін падкрэсьліў, што скрыня зь бюлетэнямі заставалася ноччу апячатанай да прыходу назіральнікаў.

Верамеенка таксама зьвярнуўся да камісіі са скаргамі наконт прымусу да датэрміновага галасаваньня. Ён сказаў, што мае аўдыё- і відэазапісы размоваў з выбаршчыкамі, студэнтамі і працоўнымі людзьмі, якія цьвердзяць, што іх прымушалі галасаваць датэрмінова, пагражалі выселіць зь інтэрнату, занізіць балы студэнтам.

Аднак старшыня камісіі не захацеў слухаць і глядзець запісы. Ён патлумачыў, што ня ведае, якім чынам рабіліся гэтыя запісы, ці яны не змантаваныя, хто на іх прысутнічае. Да таго ж, ён заўважыў, што Верамеенка не паведаміў, якія менавіта людзі расказалі яму інфармацыю пра парушэньні.

Рапін параіў зьвярнуцца з гэтымі пытаньнямі ў міліцыю або пракуратуру.

Усе скаргі Верамеенкі ў выніку былі прызнаныя неабгрунтаванымі. Камісія кожны раз галасавала за тое, каб не даваць яму на іх адказ.

Кандыдат у дэпутаты Вадзім Саранчукоў, які прысутнічаў на сустрэчы адзначыў падчас яе, што камісія стараецца «забаўбатаць», а ня вырашыць праблему з парушэньнямі на выбарчых участках, чапляецца да дробязяў, каб адмовіць у разглядзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG