Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман: Апазыцыйныя дэпутаты — як матылькі, па якіх заўсёды можна ляпнуць тапкам


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова. Менск, 7 верасьня 2016 году
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына галасуе датэрмінова. Менск, 7 верасьня 2016 году

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман расказвае, навошта праўладныя кандыдаты пайшлі ў сацыяльныя сеткі і імітуюць зацятую барацьбу на гэтых парлямэнцкіх выбарах, і тлумачыць, якім чынам улада імкнецца падтрымліваць агульны «балотны» ўзровень папулярнасьці апазыцыі.

Сьцісла

  • Мы бачым першых ластавак таго, якой можа быць прарасейская апазыцыя ў Беларусі.
  • Праўладныя кандыдаты ня хочуць прызнаваць, што вынік вядомы загадзя, яны хочуць зрабіць выгляд канкурэнтнай барацьбы.
  • Я ўпэўнены, ёсьць апазыцыянэры, якія спадзяюцца прайсьці ў парлямэнт.
  • Калі апазыцыя ні ў якім выглядзе ня пройдзе ў парлямэнт — гэта не пахавае адносіны з Захадам.

Вэртыкалі не было дадзена ніякай каманды на лібэралізацыю

— Ці магчыма ўжо зараз зрабіць пэўныя высновы наконт таго, якое месца ў палітычным жыцьці занялі гэтыя парлямэнцкія выбары?

— У цэлым усё ідзе паводле традыцыйнага сцэнару, і ўлада можа быць сабой задаволеная. Паколькі Лукашэнка заўсёды арыентуе намэнклятуру на тое, што выбары — гэта іспыт, то гэты іспыт яна, паводле аўтарытарнай лёгікі, здала.

Новы трэнды ёсьць, і можна пра іх пагаварыць. Па-першае, гэта больш актыўны ўдзел моладзі з абодвух бакоў. Улада больш актыўна напірае на вылучэньне БРСМ, абвясьцілі, што будучыя дэпутаты ад БРСМ нават створаць моладзевую групу ў Палаце. Зь іншага боку — «Моладзевы блёк», кандыдаты, якія пайшлі ад Грамады і вядуць кампанію актыўна, крэатыўна, зь цікавымі акцыямі і камунікацыямі.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Другі трэнд — мы бачым першых ластавак таго, якой можа быць прарасейская апазыцыя ў Беларусі. Пару кандыдатаў у Віцебску, якіх вылучыла Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, выступаюць з крытыкай сацыяльных праблем у Беларусі. Крытыкуюць уладу, што тая не вытрымлівае сацыяльны кантракт, што рэгіён у заняпадзе, прадпрыемствы не працуюць, чыноўнікі ня дбаюць. І калі яны пераходзяць да «рашэньняў», то кажуць, што трэба аднаўляць сувязі з Расеяй, толькі там нашая надзея, у Эўропе нас не чакаюць, і гэтак далей.

Цяпер гэта пакуль яшчэ не аформілася ў рух, але мы разумеем, што па ходу разьвіцьця крызісу ў адносінах Беларусі і Расеі зьявіцца зазор для такой прарасейскай апазыцыі. Мой прагноз — улада будзе даволі жорстка рэагаваць на гэты фэномэн, калі ён паўстане ў поўны рост. На прыкладзе «справы Рэгнуму» мы бачылі, што інструмэнтарый тут можа быць вельмі сур’ёзны.

Мы пакуль ня ведаем, ці будзе ў складзе парлямэнту апазыцыя, але відавочна, што сама кампанія ідзе па больш рэстрыкцыйным, жорсткім сцэнары, чым звычайна. Большы працэнт адмоваў у рэгістрацыі, большы працэнт непраходжаньня апазыцыі ў выбаркамы. То бок вэртыкалі не было дадзена ніякай каманды на лібэралізацыю — хутчэй наадварот, на больш прыдзірлівае стаўленьне да апазыцыі.

— Я б папрасіў вас пракамэнтаваць яшчэ два аспэкты. Па-першае, тое, што даволі радыкальная частка апазыцыі, «Эўрапейская Беларусь», упершыню за доўгія гады пайшла на выбары. Па-другое, актыўны ўдзел у кампаніі праўладных кандыдатаў. Некаторыя, самыя прыкметныя зь іх — Варанецкі, Савіных, Ананіч — даволі актыўна пішуць пра свае кампаніі ў сацыяльных сетках. То бок хочуць паказаць, што нібыта змагаюцца па-сур’ёзнаму?

— Пачну з другога. Відавочна, ёсьць нейкая дырэктыва з Адміністрацыі прэзыдэнта, каб гэтыя кандыдаты ішлі ў сацыяльныя сеткі. Ва ўладаў ёсьць разуменьне, што толькі тэлебачаньнем і традыцыйнымі СМІ яны ня могуць абысьціся, яны губляюць вялікія кавалкі электарату.

Таму яны арыентуюць сваіх вылучэнцаў на актыўную працу ў сацсетках, а далей ужо кожны актыўнічае ў меру сваіх здольнасьцяў і энтузіязму. Савіных актыўна ходзіць на інтэрвію ў незалежныя СМІ, у адрозьненьне ад Ананіч, якая адмаўляецца ад такіх інтэрвію, хоць сацыяльныя сеткі актыўна вядзе. Варанецкі ў прынцыпе быў заўсёды даволі актыўны ў сацсетках — мяркую, гэта яго асабістая пазыцыя, а не ўстаноўка, якую ён атрымаў.

Думаю, тут ёсьць жаданьне ўлады паказаць «легітымнасьць» гэтага працэсу. Маўляў, глядзіце, як кандыдаты змагаюцца за ўвагу выбарніка. І самі гэтыя людзі — тут такая форма псыхалягічнай абароны — ня хочуць прызнаваць тое, што працэс запраграмаваны і вынік вядомы загадзя, яны хочуць зрабіць выгляд канкурэнтнай барацьбы.

Што тычыцца «Эўрапейскай Беларусі», то я дэталёва ня ведаю ўсіх акалічнасьцяў гэтай кампаніі, чаму яны пасьля доўгіх гадоў байкоту вырашылі ісьці на выбары. Ёсьць здагадкі, што ім удалося здабыць рэсурсы на гэтую кампанію — у мяне няма тут фактаў, але, прынамсі, так гэта выглядае збоку.

Грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» зладзіла пікет на ўваходзе ў гатэль, дзе праходзіць форум «Менскі дыялёг», 7 кастрычніка 2019
Грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» зладзіла пікет на ўваходзе ў гатэль, дзе праходзіць форум «Менскі дыялёг», 7 кастрычніка 2019

Улада разглядае «Эўрапейскую Беларусь» як найбольш радыкальную частку апазыцыі, і, адпаведна, мы бачылі вялікі працэнт нерэгістрацыі і потым вялікі працэнт зьняцьця з выбараў амаль усіх вылучэнцаў гэтай арганізацыі. Відавочна, ёсьць устаноўка сілавікоў, што гэтых людзей нельга дапускаць у легальнае канкурэнтнае поле. У прынцыпе, гэтая частка апазыцыі не хавае, што бачыць выбарчую кампанію толькі як пляцоўку для легальнай вулічнай актыўнасьці, а не для барацьбы па правілах улады.

— Відавочна, што палітычныя суб’екты падчас гэтай кампаніі маюць нейкія паралельныя задачы, не зьвязаныя з абраньнем у парлямэнт — узмацніць свае структуры, выйсьці да людзей, правесьці трэніроўку. Ніхто, акрамя, можа, самых маладых удзельнікаў гэтага працэсу, і ня думаў, што можа быць «прапушчаны» ў Палату? Ці, улічваючы мандаты Анісім і Канапацкай, некаторыя спадзяваліся і на станоўчы вынік?

— Думаю, што такія людзі ёсьць. Гэта крывадушнасьць, калі ўсе яны кажуць, што «не-не, мы не спадзяёмся прасьці ў Палату». Калі вам прапануюць мандат, то аказваецца, што плюсаў тут больш. А АГП у 2016 годзе ўсё ж такі пагадзілася ўзяць мандат для Ганны Канапацкай.

Таму, я ўпэўнены, ёсьць апазыцыянэры, якія спадзяюцца прайсьці. Іншая рэч, што большасьць зь іх вельмі дакладна разумее, што гэтая кампанія не разглядаецца ані грамадзтвам, ані ўладай усур’ёз як кампанія, якая можа прывесьці да нейкіх пераменаў ва ўнутранай палітыцы.

Прэзыдэнцкія выбары хаця б выклікаюць пэўную палітызацыю грамадзтва. А цяпер самі апазыцыянэры канстатуюць максымальную апатыю і нежаданьне людзей зацікавіць сябе гэтым працэсам. Таму гэта хутчэй сапраўды трэніроўка актыву, спроба зафіксаваць фальсыфікацыі, згуляць тут сваю апазыцыйную ролю — іншых задачаў тут не стаіць.

Калі апазыцыя ні ў якім выглядзе ня пройдзе ў парлямэнт — гэта не пахавае адносіны з Захадам

— Калі Анісім і Канапацкая трапілі ў ранейшы склад Палаты, то гэта разглядалася найперш як крок насустрач Захаду. Мы ў дадзены момант ня ведаем, ці зьявяцца ў новым складзе Палаты апазыцыйныя кандыдаты. Але чаму ўлада ажно на самай раньняй стадыі не зарэгістравала Анісім і Канапацкую? Няўжо ўлада настолькі баіцца даць гэтым дэпутаткам зноў трыбуну для разьвіцьця, плятформу для росту палітычнай папулярнасьці?

— Думаю, так. Але страх — гэта ня тое слова. Гэта проста разуменьне, што калі мы кантралюем працэс, то навошта даваць камусьці адчуваньне, што яны прызнаныя лідэры апазыцыі? Гэта не пытаньне страху, гэта як у вас у кватэры лятае матылёк і гэта вам не падабаецца — то вы можаце адчыніць акно і выпусьціць яго, альбо ляпнуць па ім тапкам. Але не таму, што вы яго баіцеся, а таму, што так вам камфортна.

Нават калі ўлада і вырашыць пакінуць «апазыцыйную квоту» ў Палаце, то абнавіць яе — лягічны крок. Бо незнаёмыя грамадзтву, новыя апазыцыйныя дэпутаты будуць патрабаваць пэўны час на раскрутку, на набыцьцё вопыту. Яны яўна ня здолеюць выкарыстаць парлямэнцкую трыбуну і плятформу для прэзыдэнцкіх амбіцый.

Гэта тое, што зрабілі з Караткевіч у 2015 годзе. Калі пабачылі, што яна надта раскручваецца, што яна пачынае граць на полі ўлады, лева-папулісцкім — яе даволі рэзка асадзілі, даўшы ёй сьмешныя 4 працэнты. Улада падтрымлівае нейкі агульны «балотны» ўзровень папулярнасьці апазыцыі — не даючы нікому магчымасьці надта высунуцца з агульнай масы.

— Калі ўсё ж закрануць заходні аспэкт. Мандаты Анісім і Канапацкай у 2016 годзе ўсё ж разглядаліся менавіта як саступка Захаду. Цяпер афіцыйны Менск ужо ня так і хвалюе рэакцыя Захаду наконт гэтага? Ці Менск лічыць, што адносіны з Захадам і так будуць нармальныя, такія саступкі ўжо ня варта і рабіць?

— Мы пра гэта даведаемся толькі ў дзень выбараў. Відавочна, што пакуль адносіны з Захадам для Менску ня страцілі сваю значнасьць. Сьведчаньне гэтаму — прысуд анархісту Паліенку. З гледзішча ўлады, былі ўсе падставы саджаць яго на рэальны тэрмін, а яму далі «хатнюю хімію». Значыць, лёгіка балянсаваньня пакуль ня зьнікла.

Складана сказаць, якая лёгіка пераможа на гэтых выбарах — лёгіка псыхалягічнага камфорту ці супярэчная ёй лёгіка далейшых саступак Захаду. Але трэба разумець, што калі апазыцыя ні ў якім выглядзе ня пройдзе ў парлямэнт — гэта не пахавае адносіны з Захадам. Гэта сапсуе атмасфэру, настрой для дыялёгу — але гэта ня будзе нейкі радыкальны адкат. У адносіны за апошнія 4 гады ўкладзеныя такія намаганьні з абодвух бакоў, што рабіць адкат з прычыны такога нязначнага (з гледзішча рэальнай сыстэмнай палітыкі) рэгрэсу ніхто ня будзе.

Гэта пытаньне «атмасфэры». Будзе апазыцыя ў парлямэнце — «галачка» будзе пастаўлена, і Брусэль зможа больш доказна абгрунтоўваць нейкія новыя паслабленьні на адрас Беларусі. Ня будзе — гэта будзе рабіць больш складана. Але гэтае пытаньне — не галоўная вяха ў разьвіцьці адносін.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG