Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: назіральніка, які зьняў спробу ўкіду бюлетэняў, трэба пазбавіць акрэдытацыі

абноўлена

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала парталу Tut.by здарэньне ў Берасьці, дзе назіральнік на выбарчым участку зьняў на відэа дзяўчыну са стосам бюлетэняў.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, дзеяньні назіральніка былі недапушчальныя, гэта «злоснае парушэньне закону і грамадзянскага, і выбарчага».

Ярмошына сьцьвярджае, што на відэа «нікога нельга здымаць» бяз згоды тых, каго здымаюць. Напраўду, законы такога не забараняюць — хіба закон «Аб інфармацыі» ў арт. 18 забараняе зьбіраць зьвесткі (і ў тым ліку рабіць фота) «аб прыватным жыцьці» асобы, але агульнай забароны здымаць кагосьці бяз згоды законы ня ўтрымліваюць.

Старшыня ЦВК сьцьвярджае, што здымаць фота і відэа на выбарчым участку можна толькі з дазволу камісіі. Напраўду, такой забароны няма ні ў якіх законах ці пастановах, але Ярмошына пасьлядоўна заяўляе, што адсутнасьць забароны ня роўная дазволу. У мэтадычных рэкамэндацыях выбарчым камісіям гаворыцца не пра забарону на здымкі, а пра яе адсутнасьць.

Таксама Ярмошына заяўляе, што назіральніку нібыта «нельга патрабаваць нешта ў грамадзян». Як тлумачыў Свабодзе юрыст Павал Сапелка, назіральнік сапраўды мае права зафіксаваць парушэньне, зьвярнуць на яго ўвагу камісіі, пры бязьдзеяньні камісіі пісаць скаргу ў вышэйстаячую камісію, у пракуратуру або Сьледчы камітэт. Але Сапелка адзначаў, што назіральнік, як і любы грамадзянін, мае права на затрыманьне асобы, якая чыніць злачынства (хоць сам дадаў, што не адважыцца рэкамэндаваць так рабіць).

Акрамя таго, Ярмошына заяўляе, што назіральніку нібыта «нельга круціцца каля скрыні для галасаваньня». Гэта сапраўды забаронена ў арт. 13 Выбарчага кодэксу: назіральніку нельга знаходзіцца каля сталоў выдачы бюлетэняў, каля кабінаў і скрынак для галасаваньня.

«Мы ня ведаем, што ў яе было ў руках, — дадала Ярмошына пра стос папераў, зафіксаваны на відэа назіральніка. — І выбарчая камісія, калі мы гаворым пра абуральныя факты, зусім ні пры чым, таму што сам назіральнік пацьвярджае, што выбарчая камісія выдала ёй толькі адзін выбарчы бюлетэнь. Таму тут інсінуацыі. Больш за тое, я магу сказаць, што ў нас, бывае, грамадзяне апускаюць ня толькі бюлетэні, але і пэтыцыі ў скрыні для галасаваньня, каб яны дайшлі. Таму тут гэта ўсё на ўзроўні здагадак, створаны скандал, прычым створаны скандал па віне назіральніка».

«Улада спрабуе паказаць, што яна на баку камісіі, якую сама ж сфармавала, і падтрымаць старшыню камісіі ў гісторыі, якая кепска пахне», — камэнтуе словы Лідзіі Ярмошынай назіральнік Юры Вашчанчук.

Ён кажа, што а 14 гадзіне ўжо было паседжаньне ўчастковай камісіі, дзе яму зрабілі папярэджаньне.

Цяпер Юры не працуе, але ўпэўнены, што праблем у жыцьці гэты выпадак яму ня створыць.

«Там, куды я хачу ўладкавацца на працу, пытаюцца пра ініцыятыўнасьць і дасягненьні. А тое, што здарылася, — добрая нагода дадаць у маё рэзюмэ актыўнасьць на выбарах», — кажа Вашчанчук.

Што здарылася

Назіральнік Юры Вашчанчук на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3 13 лістапада зьняў на відэа дзяўчыну, якая нібыта спрабавала ўкінуць у скрыню для галасаваньня стос бюлетэняў.

Дзяўчына зь відэа, Анастасія Кулічкова, сьцьвярджае, што гэта быў адзін складзены бюлетэнь. На відэа чуваць, як нехта — назіральнік кажа, што старшыня камісіі — кажа дзяўчыне сыходзіць, і дзяўчына сыходзіць з участку зь бюлетэнямі, хоць выносіць бюлетэні з участку таксама незаконна.

Старшыня камісіі і дырэктарка дзіцячага садку, дзе працуе Кулічкова, Тацяна Мосіна заяўляе, што дзяўчына не вінаватая — маўляў, «чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG