Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі калі ўлічаць інтарэсы Беларусі». Румас аб праблемах з «паглыбленьнем інтэграцыі»


Сяргей Румас, архіўнае фота
Сяргей Румас, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас расказаў БелТА аб праблемах з «паглыбленьнем інтэграцыі»: да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна менш за месяц, а палова з 31 «дарожнай мапы» ня ўзгодненая.

«Неўрэгуляваныя пазыцыі» ёсьць у пытаньнях:

  • энэргетыкі,
  • нафты і газу,
  • падаткаў.

Спрабаваць урэгуляваць нязгоды будуць пасьля паседжаньня «саюзнага Саўміну» 19 лістапада, Сяргей Румас дамовіўся на перамовы з расейскім прэм’ерам Дзьмітрыем Мядзьведзевым, бо «прэзыдэнтам мы ня можам вынесьці той блёк рознагалосьсяў, які ёсьць сёньня».

Калі ня ўдасца дамовіцца наконт нафты і газу, адзначыў Румас, «прэзыдэнты паставяць нам кепскую адзнаку за нашую працу і абавязкова знойдуць разьвязкі».

«Мы падпішам дарожныя мапы толькі ў тым выпадку, калі інтарэсы Беларусі будуць улічаныя», — перадае БелТА заяву Румаса.

Беларускі прэм’ер таксама адзначыў, што гаворкі пра пераход адной з краінаў на Падатковы кодэкс другой не ідзе (а такія чуткі распаўсюджвалі расейскія СМІ). Паводле Румаса, ставіцца задача не перайсьці на беларускі ці расейскі кодэкс, а «ўніфікаваць падыходы».

Ён растлумачыў, што ў Расеі падатковая нагрузка ніжэйшая — беларускім кампаніям было б добра плаціць менш падаткаў, але тады паўстае пытаньне кампэнсацыі недаатрыманых даходаў дзяржаўнаму бюджэту. Якраз пра кампэнсацыі ідзе абмеркаваньне з Расеяй, адзначыў ён. Ці ўсё ж ідзе гаворка пра кампэнсацыю расейскага падатковага манэўру (бюджэт на 2020 год у Беларусі разьлічвалі так, нібы кампэнсацыі ня будзе), ён не ўдакладніў.

***

Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.

У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.

Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».

Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.

Расея ж настойвае, што падатковы манэўр — гэта ейнае «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыі за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG