Акаўнт у Instagram да выбараў завяла былая міністарка Лілія Ананіч, а дыплямат Андрэй Савіных спрачаецца ў Facebook. На што ідуць кандыдаты, каб дагрукацца да аўдыторыі? Свабода сабрала прыклады.
Агітацыя ў Tinder
Папулярны сэрвіс для знаёмстваў Tinder, аказваецца, можна выкарыстоўваць і ў палітыцы. «Моладзевы блёк», які аб’ядноўвае 8 кандыдатаў, мае два акаўнты ў гэтай праграме: мужчынскі і жаночы. Так кандыдаты хочуць дагрукацца да моладзі, якая знаёміцца ў гэтым сэрвісе.
«Таксама мы робім сторыс у Instagram, запытваемся ў людзей, якія трэкі ставіць на сустрэчах. Мы выкарыстоўваем гарадзкія чаты, напрыклад, я выкарыстоўваю чат студэнцкай вёскі ў Telegram, там я анансаваў свае сустрэчы з выбарцамі», — расказвае адзін з кандыдатаў «Моладзевага блёку» Стас Шашок.
Былая міністарка ў Instagram
Новыя сродкі ў перадвыбарчай агітацыі спрабуюць ня толькі кандыдаты ад моладзі. Былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч да выбараў завяла Instagram і Facebook. У Instagram Лілія Ананіч выкладае фатаздымкі зь перадвыбарчых сустрэч, а ў яе акаўнце адразу напісана, што яна кандыдат у дэпутаты. Цяпер на яе акаўнт падпісаныя 185 чалавек.
У Facebook Лілія Ананіч актыўна апісвае свае сустрэчы з выбарцамі:
«За два мінулыя дні паднабралася сустрэч. Дзялюся. Была ў Навасадзкай сярэдняй школе, на сходах грамадзян у Неманіцы, Глівіне, Барані, Навасёлах. Для людзей важна ведаць свайго кандыдата ў твар. Жартуюць: будзе з каго спытаць! Выбачаюцца, папракнуўшы мяне за ня зробленае іншымі. Гавораць адкрыта, маўляў, галасаваць не зьбіраўся, а вось прыехалі да нас, і прагаласую за вас. І я не хаваю: важны кожны ваш голас!» — апісвае Лілія Ананіч свае агітацыйныя сустрэчы.
Сяброў у былой міністаркі пакуль няшмат — менш за дзясятак, можа таму ў фэйсбучных баталіях яна ня ўдзельнічае.
Дыпляматы «на франтах» Facebook
Былы прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў, а цяпер кандыдат у дэпутаты Андрэй Савіных актыўна ўступае ў спрэчкі ў Facebook. Старшыня БСДП «Грамада» Ігар Барысаў выклаў фота, дзе на ягоную сустрэчу з выбарцамі ніхто не прыйшоў. Андрэй Савіных падтрымаў яго падобным жа фота са сваёй сустрэчы. Але ў сацсетцы ён актыўна спрачаецца з тэзісам, што «выбараў у Беларусі няма».
Актыўна вядзе свой акаўнт у Facebook яшчэ адзін дыплямат — Валер Варанецкі, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Цяпер Валер Варанецкі балятуецца ў Палату прадстаўнікоў яшчэ на адзін тэрмін.
Кандыдаты-стрымэры ў Youtube
Youtube у гэтай палітычнай кампаніі актыўна выкарыстоўвалі кандыдаты-блогеры. Напрыклад, Дзьмітры Казлоў з Воршы асьвятляў там і свае сустрэчы з выбарцамі, і праблемы, якія хацеў вырашаць у Палаце прадстаўнікоў. Але Дзьмітрыя з выбараў зьнялі — за абразьлівыя, на думку камісіі, плякаты на пікетах.