Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакінуць 5 гадоў строгага рэжыму? Пракурор апратэставаў прысуд анархісту Зьмітру Паліенку


Зьміцер Паліенка
Зьміцер Паліенка

Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў Вярхоўны суд апэляцыйны пратэст на прысуд анархісту Зьмітру Паліенку, вынесены 25 кастрычніка судзьдзём Менгарсуду Пятром Арловым. Тады суд хоць і прызнаў былога палітвязьня вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, але вызваліў яго з-пад варты, прызначыўшы пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі — 3 гады «хатняй хіміі», ды яшчэ і зьняў 1 год па амністыі. Раней пракурор Аляксандар Кароль прасіў ад суду для Зьмітра Паліенкі 6 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму, але прапаноўваў ужыць да яго амністыю і зьменшыць пакараньне да 5 гадоў.

У апэляцыйным пратэсьце ў Вярхоўны суд, які падпісаў той жа пракурор Аляксандар Кароль, ён зноў просіць для Паліенкі 5 гадоў строгага рэжыму (6 гадоў мінус год па амністыі). Паводле пракурора, Менгарсуд не ўстанавіў акалічнасьцяў, якія б зьмякчалі віну абвінавачанага Зьмітра Паліенкі, і прысуд яму «не адпавядае цяжкасьці злачынства і асобе абвінавачанага з прычыны мяккасьці».

Зьміцер Паліенка гэтак пракамэнтаваў апэляцыйны пратэст, унесены Генпракуратурай у Вярхоўны суд:

«Мяркую, яны гэта зрабілі з фармальных прычын, толькі каб прадэманстраваць, што нібыта не пагаджаюцца з судом. Але рашэньне адносна мяне было цалкам палітычнае. Гэта рашэньне не суду, а ўлады. Таму мяркую, што іншага прысуду мне ня будзе», — сказаў Зьміцер Паліенка.

Напярэдадні Зьміцер Паліенка таксама абскардзіў вынесены яму прысуд. Актывіст настойвае, што цалкам не вінаваты, і патрабуе апраўданьня.

25 кастрычніка, калі Зьміцер Паліенка выйшаў на волю, правёўшы больш як паўгода ў сьледчым ізалятары, ён гэтак камэнтаваў рашэньне суду:

«Працэс быў цыркам, рабілася ўсё, каб мяне пасадзіць надоўга, але тут прыпалі выбары. А Лукашэнку не патрэбен палітвязень, ён фліртуе з Захадам, праводзіць тут форумы па бясьпецы, таму вырашылі не рабіць зь мяне палітвязьня, ня больш за тое», — сказаў Зьміцер Паліенка.

Паводле Зьмітра Паліенкі, яму дагэтуль не вярнулі пашпарт, які міліцыя адабрала ў яго падчас арышту ў сакавіку 2019 году.

Што важна ведаць пра справу Паліенкі

Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць
Зьміцер Паліенка на судзе спрабаваў ускрыць сабе вены як пратэст супраць закрытага працэсу. Працэс пагадзіліся адкрыць

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).

Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:

  • «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
  • «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
  • «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
  • «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG