Чаму Зьміцер Паліенка ня верыць у сумленнасьць судзьдзі, які не адправіў яго на зону, а абмежаваўся «хатняй хіміяй»? Што зьмянілася на «Валадарцы» пасьля прыходу Юрыя Караева на пасаду міністра ўнутраных спраў? Як прэсуюць беларускіх анархістаў?
Пра гэта і на іншыя тэмы карэспандэнт Свабоды размаўляў са Зьмітром Паліенкам, анархістам, які днямі выйшаў на волю з «Валадаркі», дзе правёў больш за 8 месяцаў.
Чарговы прысуд Зьмітру Паліенку — 3 гады «хатняй хіміі» — ён будзе абскарджваць, хоць і аказаўся, насуперак прагнозам, на волі.
«Валадарка» — гэта менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Апошні раз Паліенка сядзеў там у 2016 годзе пасьля затрыманьня падчас роварнай пратэставай акцыі, на якой нібыта парваў вопратку супрацоўніку ДАІ.
«Трымаюць па-сур’ёзнаму»
Паводле Зьмітра Паліенкі, умовы на «Валадарцы» сталі больш жорсткія і заўважна зьмяніўся кантынгент. Там цяпер трымаюць «не абы-якіх аліментшчыкаў і бяспраўнікаў». Большасьць — гэта фігуранты гучных спраў аб карупцыі, буйных рабунках і махлярствах ды наркадылеры, якія праходзяць па 4 частцы 328 артыкула — гэта распаўсюд наркотыкаў праз арганізаваную групу. Іншых адпраўляюць у ізалятар у Жодзінскай турме, якая ўжо некалькі год служыць як бы філіялам «Валадаркі».
Але чаму ў такую сур’ёзную кампанію трапіў і анархіст? Зьміцер Паліенка нагадаў, што эпізод аб злосным хуліганстве зьявіўся ў ягонай справе ў апошнюю чаргу, а спачатку яго вінавацілі ў псаваньні маёмасьці праз графіці антыміліцэйскага зьместу ды ў распальваньні варожасьці да міліцыянтаў, якіх вылучылі ў асобную «сацыяльную групу». Яшчэ ў справе фігураваў пост пра былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, хоць самога Шуневіча ў справе як пацярпелага не было.
Паліенка мяркуе, што справу супраць яго завёў 3-ці аддзел Галоўнай управы МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), які змагаецца з анархістамі, і гэта магло быць ініцыятывай экс-міністра Шуневіча. Але за час, пакуль ён сядзеў на «Валадарцы», у крэсла міністра сеў іншы чалавек, Юры Караеў, былы камандуючы ўнутранымі войскамі, і сытуацыя зьмянілася.
«Шуневіч сябе сам дыскрэдытаваў: тым, што выходзіў на парады ў форме афіцэра НКВД, што паставіў помнік гарадавому, ЛГБТ-супольнасьць публічна абражаў. Але ён чэкіст паводле адукацыі, тут усё зразумела. А Караеў — міліцыянт, ды яшчэ з унутраных войскаў, там свае парадкі, і Караеву тое, чым вызначыўся Шуневіч, непатрэбна. Але што да зьменаў у міліцэйскай службе па сутнасьці, дык іх ня будзе — міліцыя застаецца найперш рэпрэсіўнай машынай.
Тое, што я ўбачыў на „Валадарцы“, гэта пацьвярджае. Там цяпер умовы больш жорсткія. Нават на ложку ўжо прылегчы не даюць. За кожную драбязу чапляюцца, афармляюць парушэньні. Бачна, што папер пішуць больш, каб забясьпечыць на любы выпадак справаздачу, што нібыта ўсё па законе, але з правамі вязьняў, па сутнасьці, стала горш», — сьцьвярджае Зьміцер Паліенка.
Былы падсьледны прывёў такі прыклад: да яго падчас сядзеньня вярнулася хвароба скуры, ад якой ён пакутаваў у Бабруйскай калёніі, але ў турэмны шпіталь яго так і не паклалі. Абвастрылася астма — тое самае. «Прапанавалі інгалятар, вось і ўсё лячэньне».
Ці хто стукануў?
Вяртаемся ў размове да нядаўняга працэсу аб злосным хуліганстве ў пад’езьдзе. Паліенка мяркуе, што міліцыянты падгаварылі пацярпелага Юрына даць паказаньні, што гэта Паліенка напаў першы. Дарэчы, з такой вэрсіяй пагадзіўся і суд. Паліенка віны так і не прызнаў. Зь яго паказаньняў вынікае, што Юрын, які быў моцна нападпітку, беспрычынна на яго напаў. Паводле матэрыялаў справы, пацярпелы аднёс заяву на нападніка Паліенку ў міліцыю амаль праз два дні.
Зьміцер Паліенка дае такую вэрсію:
«Як міліцыя даведалася пра інцыдэнт — дык усё проста. Мой тэлефон у іх быў на праслушцы. Пра тое, што я распыліў пярцовы газ, калі на мяне напалі, міліцыянты даведаліся адразу, прычым ад мяне — я ж званіў свайму сябру, усё расказваў. Назаўтра яны прыехалі да гэтага Юрына з угаворамі, каб напісаў заяву. Хутчэй за ўсё, спакусілі грашовай кампэнсацыяй ды сказалі, што працэс будзе закрыты, пра яго ніхто не даведаецца, толькі трэба будзе даць паказаньні і пацьвердзіць іх у судзе. Потым у ГУБАЗіКу я сам чуў, як яго яшчэ раз угаворвалі. Відаць, ён пагадзіўся, а цяпер шкадуе, саромеецца. Чырванеў на судзе — усё ж было бачна», — мяркуе Зьміцер Паліенка.
Паводле актывіста, міліцыянты супраць анархістаў дзейнічаюць падобнымі неразборлівымі мэтадамі. «Бо нас залічылі ў экстрэмісты, і таму ім далі зялёнае сьвятло на любыя захады», — лічыць Паліенка.
«Канваіры самі сказалі, каб не хваляваўся»
Працэс над Зьмітром Паліенкам, які скончыўся яго вызваленьнем, спачатку быў адкладзены. Паводле інфармацыі з суду, з прычыны хваробы судзьдзі Пятра Арлова. Праз два тыдні працэс аднавіўся і скончыўся пасьля трох паседжаньняў. Яшчэ перад агалошваньнем прысуду мала хто сумняваўся, што актывіста зноў пасадзяць.
Нагадваю Зьмітру пра тое, як судзьдзя Арлоў вёў працэс, і пытаюся: чаму, на яго думку, судзьдзя не адправіў яго за краты на 5 год, як прасіў пракурор?
Але Зьміцер Паліенка ня верыць, што такі прысуд стаў вынікам рашэньня менавіта гэтага судзьдзі.
«Можа ён і спрабаваў быць аб’ектыўным, ва ўсякім разе, гэта дэманстраваў сваімі пытаньнямі пацярпеламу і сьведкам. Але, мяркую, якраз таму, што ўжо ведаў пра вынік і да яго падводзіў. Бо што ж гэта за судовая таямніца, пра якую нават ахоўнікі ведалі раней, яшчэ да агалошваньня прысуду? Мне ж канваіры самі сказалі, каб не хваляваўся, нічога больш з сабой не рабіў у клетцы, бо „адсюль ты выйдзеш на волю“. Ніхто ня ведае — а яны ведалі! Не, у справядлівасьць беларускага суду я ня веру. Ня верыў раней, і цяпер яшчэ больш пераканаўся: як ім скажуць, гэтак і зробяць», — сказаў Зьміцер Паліенка і згадаў пра сваё першае знаёмства з судзьдзямі.
Было гэта на пачатку 2010-х гадоў, калі праходзілі пратэсты супроць будаўніцтва гатэля «Пэкін» у зялёнай зоне каля ракі Сьвіслач. Зьміцер упершыню ўзяў удзел у акцыі пратэсту — яны зь сябрамі вывесілі банэр супроць будоўлі. А напярэдадні ён прачытаў праваабарончую інфармацыю пра тое, як афармляюць пратаколы на ўдзельнікаў: што могуць прыпісаць ім тое, чаго і блізка не было.
«Прачытаў тады, але не паверыў, што такое магчыма. І вось нас затрымалі ды адвезьлі ў міліцыю Заводзкага раёну, азнаёмілі з пратаколам, дзе я нібыта крычаў ды па-рознаму парушаў грамадзкі парадак. Амаль слова ў слова, як нас папярэджвалі. А потым у Заводзкім раённым судзе адна судзьдзя на падставе гэтага ілжывага пратаколу адправіла мяне на першыя суткі. З гэтага і пачалася мая палітычная актыўнасьць», — кажа Зьміцер.
Чаму беларусы такія непалітычныя?
На «Валадарцы» Паліенка сядзеў з рознымі крымінальнікамі, бізнэсмэнамі, наркадылерамі. Гэта былі людзі розных прафэсій і розных жыцьцёвых поглядаў, але, паводле Зьмітра, іх аб’ядноўвала адно: скрайняя непалітычнасьць. Паліенка прызнаўся, што часам нават адчуваў да іх нянавісьць, у тым ліку да таго мільянэра, са зьяўленьнем якога ў камэры зьявіўся тэлевізар. Але тое была нянавісьць ня з клясавых прычын.
«Яны ўсе могуць у турме абурацца пяцьцю запар тэрмінамі Лукашэнкі, наракаць на парадкі ў краіне, казаць пра бяспраўе ў турме, але ніхто не зьбіраецца нешта рабіць на волі, каб гэта ўсё зьмяніць да лепшага. Праграма ва ўсіх адна: каб я добра жыў, каб мне не перашкаджалі зарабляць добрыя грошы і за гэта мне нічога не было. Я ж такую пазыцыю не прымаю і ніколі не прыму. Як можна проста жыць на волі і не рэагаваць на падзеі, якія вакол адбываюцца?»
Ці ёсьць у турэмнай бібліятэцы кнігі Алексіевіч і Някляева?
Пад канец прашу Зьмітра Паліенку расказаць самы сумны і самы вясёлы эпізоды зь ягонага цяперашняга сядзеньня на «Валадарцы». Зьміцер пачынае з сумнага і хутка сьмяецца, а потым зноў засмучаецца. У турме, як і на волі, сьмешнае і сумнае перамяшаныя.
«Самае сумнае — гэта калі не даходзяць лісты. Прыкладам, я шмат пісаў сваёй дзяўчыне Насьце, у тым ліку і зрабіў празь ліст ёй прапанову стаць маёй жонкай, а ў адказ нічога не атрымліваў вельмі доўга. Адчай браў! Дадумаўся празь іншыя каналы дзейнічаць, каб даведацца, што мая прапанова прынятая станоўча. Адлегла! Потым ужо нумаравалі лісты, каб нічога не гублялася. Але міліцыянты ў выніку вельмі станоўча паставіліся да таго, што я зрабіў з турмы прапанову аб шлюбе. Калі ў судзе гэта паўтарыў проста ў клетцы, дык канваіры хвалілі. О, кажуць, які малайчына! Уяўляеце, пачуць такое ад канваіра».
Што да вясёлай гісторыі, дык яна таксама зьдзівіла неадназначнасьцю.
«На „Валадарцы“ я натуральна гінуў ад суму, ну няма чаго там рабіць, — кажа Паліенка. — Перачытаў Кінга, нейкую фантастыку, потым замовіў Алексіевіч і Някляева. Напісаў адмыслова, што Сьвятланы Алексіевіч ня трэба „Ў вайны не жаночы твар“, бо ўжо чытаў, а трэба „Час сэканд-хэнд“. Мне супрацоўніца турэмнай бібліятэкі сказала, што няма такіх аўтараў у іх, але адмыслова для мяне яна замовіць у Нацыянальнай бібліятэцы. Шкадую, што не дачакаўся, выйшаў на волю.
Акрамя кніг, завёў там уласны заапарк: прыручыў мышаня ды сабраў у бутэльку тараканаў. Мышаня назваў Шунькам, а тараканаў зваў Рыгоравічамі. Мышаня сапраўды да мяне прызвычаілася, я зь ім вёў размовы, яно на далонь забіралася і прасіла есьці. Зь імі было сьмешна, але лёс у майго заапарку аказаўся сумны.
Калі я парэзаў вены на знак пратэсту, дык у маёй камэры зрабілі ператрус і мышаня знайшлі — я яго хаваў пад тазікам. Ведаю, што канваіры яго забілі — атруцілі адмысловым сродкам, як там прынята. А „Рыгоравічаў“ я сам раней пакараў сьмерцю. За дрэнныя паводзіны — усё як у турме, такія парадкі. Я хоць і пацыфіст па перакананьнях, але ж не да такой ступені, каб тараканаў выпускаць на волю».
У бліжэйшыя дні Зьміцер Паліенка і Наста Гусева зьбіраюцца аднесьці заяву на шлюб. Пакуль не змаглі гэтага зрабіць, бо Зьмітру яшчэ не вярнулі пашпарт.