У Менскім гарадзкім судзе аднавіўся працэс над былым палітвязьнем анархістам Зьмітром Паліенкам. Пракурор запатрабаваў, каб Паліенку пакаралі 5 гадамі калёніі строгага рэжыму. Пацярпелы прасіў «не ўжываць строгага пакараньня»: «Ён малады члавек, ужо ўсё асэнсаваў».
На мінулым тыдні на працэсе дапыталі пацярпелага Аляксея Юрына і сьведак ды вывучалі матэрыялы справы. Сёньня дайшла чарга да паказаньняў Зьмітра Паліенкі. Паводле сьледзтва, ён напаў на Аляксея Юрына, калі той зрабіў яму заўвагу пра курэньне ў падʼезьдзе, і пырснуў яму ў твар з газавага балёнчыка. Але Паліенка апісвае пачатак канфлікту зусім інакш.
Хто ударыў і за што?
Зьміцер Паліенка пачаў свае паказаньні заявай, што ўсе доказы супраць яго грунтуюцца на паказаньнях аднаго чалавека — пацярпелага Аляксея Юрына, а пярэчаньні абвінавачанага сьледчыя ня бралі да ўвагі. Між тым з расповедам пацярпелага пра інцыдэнт у падʼезьдзе падсудны ня згодны.
Паводле Зьмітра Паліенкі, Аляксей Юрын першым ўдарыў яго, прычым нематывавана.
«Я стаяў у падʼезьдзе, чакаў знаёмага Андрэя Войніча. Тут у падʼезд зайшоў мужчына ў чорным паліто, яўна нецьвярозы, і пайшоў міма мяне да ліфта. Перад ліфтам ён абярнуўся і запытаў мяне, ці еду я наверх. А адказаў, што не.
Тады ён вярнуўся да мяне і раптам ўдарыў, пацэліўшы ў левае вуха. У мяне нават ўпала з галавы шапка. Калі я яе падымаў, то дастаў з кішэні балёнчык з газам — спрацаваў інстынкт самазахаваньня і я пырснуў яму ў вочы з балёнчыка. Але гэта быў сродак абароны, бо мне не было куды бегчы. Пасьля гэтага ён мяне яшчэ абражаў і пагражаў, але я выйшаў з падʼезду. Калі спусьціўся Войніч, я расказаў яму пра інцыдэнт. Мы вярнуліся ў падʼезд, і Войніч спытаў у мужчыны: „Лёша, ты што на людзей кідаесься?“»
«Мяне перасьледуюць супрацоўнікі ГУБАЗіК за анархісцкія погляды»
Зьміцер Паліенка сьцьвярджаў, што не ўжываў да пацярпелага фізычнай сілы і не зьневажаў яго. «Я пацыфісцкіх поглядаў і ні на кога б першым не напаў», — сказаў Паліенка. Таксама ён нагадаў, што на допыце папрасіў прабачэньня ў Юрына і пры гэтым заявіў яму, штоня меў іншага выйсьця, бо той напаў на яго.
Ці курыў у падʼезьдзе?
Словы Юрына пра тое, што Паліенка нібыта курыў у падʼезьдзе, падсудны назваў хлусьнёй. «Я ў той момант не курыў, бо мяне папярэдзіў знаёмы Войніч, што курыць там нельга».
Паліенка выказаў меркаваньне, адкуль узялася вэрсія пра курэньне. Паводле падсуднага, так казаць пацярпелага падвучылі міліцыянты з галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.
«Я на свае вочы бачыў, як адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК паціскаў Юрыну руку і казаў яму: „Мы яго, шчанюка, пасадзім, а ты яшчэ кампэнсацыю адхопіш“», — успомніў Паліенка.
Пасудны назваў імёны пэўных супрацоўнікаў ГУБАЗіК (было добра чуваць прозьвішча «Лапацін») і абвінаваціў іх у перасьледзе «за анархісцкія погляды і за грамадзка-палітычную дзейнасьць».
Пасьля допыту Паліенкі былі зачытаныя ягоныя паказаньні на сьледзтве. Пракурор матываваў гэта тым, што ёсьць істотныя разыходжаньні. Але фактычныя паказаньні ў судзе і на сьледзтва супалі. Разыходжаньне было хіба ў тым, што на сьледзтве Паліенка на пытаньне, ці курыў ён у падʼезьдзе, адказаў «ня памятаю», а цяпер, у судзе, катэгарычна адмаўляе курэньне. Падсудны патлумачыў, што тады не надаў значэньня гэтаму пытаньню.
Ці пакутуе Палінка ад алкагалізму?
Перад тым, як даць паказаньні, Паліенка хадайнічаў пра запыт у Бабруйскі раённы суд. Паводле Паліенкі, ў жніўні 2018 году, адбываючы пакараньне ў Бабруйскай калёніі, ён прайшоў курс лячэньня ад алкагалізму, пра што ёсьць адпаведныя дакумэнты ў судзе. Гэтыя дакумэнты Зьмітру Паліенку патрэбныя, каб аспрэчыць намер сьледзтва прыцягнуць яго да прымусовага лячэньня.
Судзьдзя Пётар Арлоў хадайніцтва Паліенкі не задаволіў, але на просьбу адваката далучыў да матэрыялаў справы зьвесткі пра тое, што падсудны вылечыўся ад алкагалізму.
«Я не пакутую ад алкагольнай залежнасьці і за апошнія 5 гадоў не прыцягваўся да адказнасьці за пʼянства», — падсумаваў Зьміцер Паліенка.
Працэс працягваецца.
Што важна ведаць пра справу Паліенкі
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).