Мноства незахаваных архітэктурных помнікаў, храмаў і нават цэлыя вёскі Беларусі засталіся на папяровых выявах дзякуючы салдатам і афіцэрам арміі Германскай імпэрыі.
11 лістапада традыцыйна ўшаноўваецца памяць ахвяраў Першай усясьветнай вайны. У гэты дзень 1918 году было падпісанае Камп’енскае замірэньне, якое паклала канец глябальнаму процістаяньню тагачасных імпэрый. Зрэшты, для Беларусі кампанія скончылася значна пазьней — германцы сыходзілі адсюль усю першую палову наступнага году.
Бясцэнная германская хроніка
У савецкіх рэспубліках тагачасным падзеям не надавалася асаблівай увагі, бо роля бальшавікоў у той вайне была досыць непрывабная. Беларусь ня стала выключэньнем — пры тым, што тры гады яе падзяляла лінія фронту, а насельнікі прайшлі праз самую гарлавіну «Вялікай вайны».
Сотні тысяч тутэйшых мужчын былі мабілізаваныя ў царскую армію, кожны дзясяты палёг на фронце. Мільёны ўцекачоў пакінулі свае дамы, вярнулася толькі палова.
Асобнай згадкі вартыя матэрыяльныя страты — па ўсёй Беларусі былі зраўнаныя зь зямлёй гарады і вёскі, зьнішчаныя гістарычныя помнікі.
Беларускую храналёгію таго пэрыяду аднаўляе сябра фонду памяці «Крокі» Ўладзімер Багданаў. Калекцыянаваньне трафэйных фатаграфій паступова перарасло для яго ў дасьледчую працу. На сёньня ў творчым даробку шэраг кніг і фотаальбомаў, тысячы дакумэнтальных сьведчаньняў таго часу — фатаграфіі, паштоўкі, карціны, літаграфіі, палкавыя кнігі.
Найчасьцей аўтары фатахронікі — нямецкія салдаты і афіцэры, на чыю радзіму тэхнічны прагрэс прыйшоў значна раней, чым у Расейскую імпэрыю. Фармаваліся адмысловыя мастацкія роты, якія спэцыялізаваліся на самай разнастайнай друкаванай прадукцыі, у тым ліку з рэаліямі прыфрантавога жыцьця.
Самыя каштоўныя — тыя, на якіх зьніклая спадчына Беларусі: храмы, палацы, мястэчкі. Не заўсёды прычынай разбурэньняў была вайна — у мірны час шчыравалі савецкія майстры навадзелаў. Але важна, што іх пасьпелі зафіксаваць на стужку армейскіх фотаапаратаў.
Як тлумачыць Уладзімер Багданаў, усё страчанае можна падзяліць на дзьве часткі: тое, што зьнішчана падчас баявых дзеяньняў, і тое, чым сьвядома ахвяравалі пасьля абедзьвюх войнаў.
«Напрыклад, Задзеўе пад Паставамі. У 1911 годзе, незадоўга перад вайной, там пабудавалі касьцёл. Ён апынуўся на лініі фронту, па ім лупіла расейская артылерыя і ўшчэнт разьбіла. У выніку немцы яго разабралі на цэглу для акопных печак. Аналягічным чынам зьнішчаны каталіцкі храм у Смаргонях, гэтым разам ужо немцамі. Скажам, касьцёл Сьвятога Станіслава ў Пінску, які на момант пабудовы ў XVII стагодзьдзі лічыўся самым вялікім у Рэчы Паспалітай, выстаяў Вялікую вайну. Затое пасьля Другой усясьветнай яго зьліквідавалі праз „аварыйнасьць“, хоць былі пашкоджаныя толькі вежы. Два тыдні падрывалі».
Паводле нямецкіх здымкаў, недзе паміж вёскамі Воўчына і Насовічы, што каля Шэметава на Мядзельшчыне, стаяла адна з самых вялікіх вядомых прыдарожных капліцаў, сягала яна ўверх мэтраў на 15. А цяпер дасьледчыкі ня могуць знайсьці хоць якія ўскосныя прыкметы, абсалютна ніякіх сьлядоў.
Бальшавікі руйнавалі хутчэй, чым войны
А вось Менск не стаяў на лініі фронту, ваенных дзеяньняў тут не вялося. Германцы сюды зайшлі толькі ў 1918 годзе, але пасьпелі пакінуць нашчадкам тагачасных месьцічаў дакумэнтальныя сьведчаньні таго, як выглядаў іхні горад на пачатку ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, незвычайнай архітэктуры будынак вакзалу.
«Многіх помнікаў гісторыі, якія немцы ня толькі пабачылі, а і зафіксавалі, у Менску ўжо няма, — працягвае дасьледчык. — І зусім ня ў выніку войнаў, а пастараліся новыя ўлады. Мячэт, сынагога, кірха, Пакроўская, Казанская цэрквы — нічога не засталося, усё наступствы бальшавізму. Савецкая ўлада разабралася з тымі, хто не даспадобы, і іх матэрыяльнай спадчынай хутчэй, чым войны. І перадусім гэта тычыцца храмаў. Зрэшты, гаворка ня толькі пра Менск. Так, перабудаваную ў рускім стылі фару Вітаўта ў Горадні немцы яшчэ пабачылі, а мы ўжо ні ў якім выглядзе не засталі».
Аналягічны лёс напаткаў шматлікія палацы, маёнткі, панскія сядзібы па ўсёй Беларусі. За савецкім часам яны ў лепшым выпадку стаялі разрабаваныя і занядбаныя, а часьцей ішлі пад знос неўзабаве пасьля таго, як былі дэклясаваныя іх гаспадары.
«Пры немцах там звычайна былі штабы, і камандаваньне да нерухомасьці ставілася досыць дбайна. Некалькі маёнткаў сапраўды можна сьпісаць на ваенныя наступствы: Макрыца каля Нарачы ці Мыса на Смаргоншчыне. Але значную ролю ў зьнішчэньні адыгралі партызаны Вялікай Айчыннай, якія палілі безабаронныя сядзібы ў рамках тактыкі “выпаленай зямлі”. Як правіла, тыя, дзе на той момант немцаў не было (Кабыльнікі, Шэметава, Косаўскі палац). Астатняе — савецкая безгаспадарнасьць і беднасць: іх разьбіралі на будаўнічыя патрэбы. Зрэшты, калі надмагільлі вырывалі з коранем і клалі ў падмуркі фэрмаў, дык што казаць пра будынкі з цэглы, якой катастрафічна не хапала?».
Зь нямецкіх фатакартак пазіраюць тады яшчэ даволі шматлюдныя беларускія вёскі, будучыя ахвяры індустрыялізацыі і ўрбанізацыі. Дзеля справядлівасьці, там, дзе стаялі немцы, адбываліся істотныя цывілізацыйныя зьмены: клалі ходнікі, асушвалі дарогі, праводзілі электрычнасьць, запрацавалі першыя кінатэатры.
Шмат якія паселішчы ў недалёкім савецкім будучым чакаў лёс «непэрспэктыўных». Таму здымкі, якія немцы рабілі ў вёсках, самі па сабе ўнікальныя, лічыць Уладзімер Багданаў.
«У гарадах гістарычныя помнікі, будынкі калі-нікалі фатаграфавалі, а вось ад некаторых вёсак хіба пару малюнкаў засталося. Як, скажам, на Пастаўшчыне. Наогул, быў такі панятак за савецкім часам: пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя. Відаць, многія з тых вёсак, якія існавалі ў Першую ўсясьветную, з калектывізацыяй трапілі ў шэраг непэрспэктыўных і, як вынік, выжыць ня здолелі. Таму па гэтых выявах можна паназіраць, як ХХ стагодзьдзе катком пракацілася па Беларусі, якую колькасьць самабытнага багацьця мы страцілі».
Часьцей перадавая праходзіла ўдалечыні ад населеных пунктаў, таму руйнаваньні былі не такія значныя. Аднак абмінуць гарады ды вёскі ўдавалася не заўсёды. Найбольшыя разбурэньні — у Смаргонях, Паставах, Ляхавічах, Баранавічах.
Імпэрская тактыка «выпаленай зямлі»
Гэтаксама разбураны шэраг архітэктурных помнікаў, якія апынуліся па розныя бакі лініі фронту і рэгулярна абстрэльваліся. Напрыклад, Крэўскі замак і былы касьцёл у суседнім Наваспаску: у замку хаваліся немцы, у храме — расейцы. Адны адных «выкурвалі» масіраваным агнём.
Вялізныя страты інфраструктуры нанесла тактыка «выпаленай зямлі», якую ўжывала расейская армія. Ва ўмовах, калі авіяцыя яшчэ не была разьвітая, для немцаў сур’ёзнай праблемай было забесьпячэньне войска.
Харчы, матэрыялы, жывую сілу для розных работ немцы мусілі шукаць на акупаванай тэрыторыі. Адступаючы, расейцы нішчылі ня толькі стратэгічныя аб’екты (як фарты Берасьцейскай і Гарадзенскай крэпасьцяў), а і камунікацыі — масты, чыгункі, вытворчыя будынкі, заводзкае абсталяваньне.
Вызваленьне беларускіх земляў пачалося пасьля перамогі саюзьнікаў у Эўропе і зьвязана з падпісаньнем Камп’енскага пагадненьня 11 лістапада 1918 году. Па яго ўмовах Нямеччына павінна была вывесьці свае войскі з занятых тэрыторый.
Зь Менску кайзэраўцы сыходзяць у сьнежні таго ж году, але заходнія рэгіёны канчаткова пакідаюць аж да сярэдзіны 1919-га. Так што фармальна для Беларусі 100-годзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай вайны надышло толькі сёлета.