На Калектарнай вуліцы ў Менску падчас пракладкі трубаў зь зямлі дасталі надмагільлі зь яўрэйскіх пахаваньняў, на будаўнікоў паскардзіліся ў пракуратуру.
Сквэр за Калектарнай вуліцай — гэта тэрыторыя старых яўрэйскіх пахаваньняў. Могілкі перасталі дзейнічаць у другой палове мінулага стагодзьдзя. 9 кастрычніка на ўскрайку сквэру выкапалі траншэю для пракладкі трубаў — і зачапілі магілы.
На зямлі ляжаць некалькі надмагільляў, на некаторых праглядаюцца даты жыцьця пахаваных. Вось кавалак надмагільля з датамі 1903–1925, чытаецца прозьвішча пахаванага — Разэнгаўз. Поруч — цэлае надмагільле. Разам з надмагільлямі зь зямлі вынялі і парэшткі пахаваных.
Хто раскапаў могілкі
Сьпярша неабыякавыя да гістарычнай спадчыны актывісты пісалі, што траншэю зрабілі, каб падвесьці камунікацыі да гатэля «Імпэрскі», што будуецца зь іншага боку сквэру, па вуліцы Клары Цэткін.
Але, як сказалі Свабодзе ў кампаніі «Марконбуд», якая будуе гатэль, камунікацыі ў сквэры яны не пракладалі.
Па інфармацыі Свабоды, гэта зрабілі, каб пракласьці камунікацыі да мэтро, якое будуецца нездалёк. Па законе знойдзенымі парэшткамі павінны займацца праваахоўнікі, каб ідэнтыфікаваць іх. У адміністрацыі Маскоўскага раёну адмовіліся камэнтаваць гэтую будоўлю.
«Гэта незаконна»
Такія дзеяньні падпадаюць пад крымінальны артыкул — «Зьдзек з трупа або магілы», упэўнены старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён зьвярнуўся ў пракуратуру, каб тая правяла праверку і распачала крымінальную справу.
«Гэта ня надта старыя могілкі, яны пачалі фармавацца ў другой палове XIX стагодзьдзя. Яны былі дзейнымі да пачатку 60-х гадоў. Пасьля іх зруйнавалі, прыбралі пахаваньні і зрабілі гарадзкі сквэр. Сёлета мы прапаноўвалі Менгарвыканкаму надаць могілкам статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але Менгарвыканкам адмовіў. Зараз прыйдзецца зьвяртацца наноў, у сувязі з новымі абставінамі», — сказаў Антон Астаповіч.
Менгарвыканкам адмовіўся надаць могілкам статус каштоўнасьці, бо «там і так мэмарыяльны сквэр». Па беларускіх законах участкі, дзе ёсьць старыя магілы, могуць выкарыстоўвацца пад зялёныя насаджэньні, будаваць нешта на такой тэрыторыі нельга.